Вы тут

Урач Дзмітрый Дубакін пра тысячу выратаваных лёсаў


Запуск сэрца праз паўтары гадзіны пасля спынення, тысячы выратаваных лёсаў і бездакорная адданасць сваёй прафесіі — урач рэанімацыйнай брыгады Віцебскага абласнога цэнтра хуткай медыцынскай дапамогі Дзмітрый Дубакін — асоба ў медыцынскім асяроддзі легендарная. Калегі шчыра называюць яго самым лепшым доктарам, а ён сціпла, на працягу 30 гадоў, дзень за днём заступае на варту грамадскага здароўя.


Урач рэанімацыйнай брыгады Дзмітрый Дубакін.

На свае вочы

На прафесійны выбар тады яшчэ юнака Дзімы паўплываў жывы прыклад яго маці, якая ўсё жыццё працавала ўрачом на віцебскай станцыі. Хлапчуком часта даводзілася бываць з мамай на зменах, тады Дзмітрый і заўважыў, што чалавек можа быць мацнейшы за смерць, а жаданне дапамагаць людзям перасіліла перасцярогі аб складанасці прафесіі.

«Я падумаў і абраў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, хоць першым часам было вельмі складана: вялікі аб'ём інфармацыі, спецыялізаваныя дысцыпліны. Некаторыя з маіх аднагрупнікаў пакінулі сцены ўніверсітэта, таму што баяліся крыві. А я, на дзіва, чамусьці не баяўся нічога, хапаў веды і імкнуўся хутчэй выйсці на практыку», — успамінае ўрач.

Паглядаў Дзмітрый Уладзіміравіч і на сферу ваеннай медыцыны, аднак падвёў зрок. На «хуткай» пачынаў санітарам, уважліва глядзеў за маніпуляцыямі калег і набіраўся вопыту, праз год стаў працаваць медбратам. Мінуў яшчэ год — і Дубакін стаў фельчарам, а з 1993-га і да сённяшніх дзён займае пасаду ўрача. Спачатку атрымаў вопыт у лінейнай брыгадзе, пасля — у інтэнсіўнай тэрапіі, а калі ва ўстанове сфарміравалі рэанімацыйную брыгаду, Дзмітрый стаў першым, каго абралі кіраўніком залатога рэзерву станцыі.

Барацьба на мяжы

Больш чым за 30 гадоў у прафесіі ўрач наглядзеўся многага. Сустракалі брыгаду на выкліках і з газавым пісталетам, і з занесеным над галавой нажом... Тады прыходзілася выключаць асабістыя эмоцыі і ўключаць псіхолага, прычым апошнім урач карыстаецца не толькі ў вострых сітуацыях, але і ва ўсіх, дзе фігуруе боль страты. Аднак гэтыя гісторыі Дзмітрый Уладзіміравіч успамінаць не любіць, адзначае, што культура падзякі пацыентаў работнікам хуткай
дапамогі працуе і дагэтуль, што не можа не радаваць усіх членаў брыгады.

У змену горад Віцебск і пяць найбліжэйшых раёнаў абслугоўвае ўсяго адна рэанімацыйная брыгада, таму і зразумела, што гэта сапраўды залаты рэзерв цэнтра. Дарожна-транспартныя здарэнні, катастрофы на аб'ектах вытворчасці з масавымі пашкоджаннямі, няшчасныя выпадкі, пагроза жыццю дзяцей і цяжарных жанчын у першую чаргу — на ўсе выклікі з пранізлівай сірэнай і сінімі светлавымі маячкамі ляціць «машына жыцця». Часта лік ідзе не на хвіліны, а на секунды — вытрымаць напружанае спаборніцтва са смерцю могуць нямногія.

Нягледзячы на тое, што выпадкі, калі выратаваць чалавека не ўдаецца, здараюцца, у сваёй рабоце Дзмітрый Уладзіміравіч прытрымліваецца пастулата змагацца да апошняга. Ён запускаў сэрца пацыенту праз паўтары гадзіны пасля спынення, а аднойчы ўрачу даводзілася змагацца з самім чалавекам за яго жыццё. У мужчыны здарыўся інфаркт, развілася фібрыляцыя жалудачкаў, а шмат гадоў таму ў карэтах хуткай дапамогі яшчэ не было такога сучаснага абсталявання, як цяпер. Мужчыне пачалі праводзіць закрыты масаж сэрца і штучную вентыляцыю лёгкіх, ён апрытомнеў і... пачаў адштурхоўваць медыкаў і лаяцца, не разумеючы, што з ім робяць. Скончылі маніпуляцыю — пацыент зноў страціў прытомнасць, і так тры разы, пакуль не прыехала спецыяльная брыгада і не правяла электрычную дэфібрыляцыю.

Часта людзі самі не разумеюць, навошта выклікаюць хуткую дапамогу. Напрыклад, на адным з выклікаў жанчына пад уздзеяннем алкаголю скардзілася, што ёй дрэнна, бо муж не пускае яе дадому. Бываюць і сітуацыі, калі людзі могуць абысціся без дапамогі — падняўся ціск, прапісаныя ўрачом таблеткі дома ёсць, але прымаць іх самастойна без парады медыкаў пацыент не хоча. Некаторым людзям проста сумна, а за час, пакуль брыгада выязджае на такі выклік, можа здарыцца сапраўдная бяда. Напэўна, адсутнасць штрафаў за падобнае дае грамадзянам права на свавольства, а яшчэ фарміруе падманлівае ўсведамленне, што медыцынская дапамога бясплатная. Насамрэч, каштуе грошай і амартызацыя аўтамабіля, і паліва, і медыкаменты, і працоўны час медыкаў...

Сіла — у калектыве

У брыгадзе з Дзмітрыем Дубакіным працуюць фельчары Вікторыя Абелец, Галіна Макарава, Вадзім Казлоўскі і кіроўца Яўген Іваноў. Дзмітрый Уладзіміравіч сам падбіраў калектыў з тых, з кім ён ужо не першы дзень у страі. Гэта вопытныя і адказныя людзі, якія разумеюць яго з паўслова, што ў межах экстраннай меддапамогі асабліва каштоўна. З Вадзімам Дзмітрый працуе на адной ніве больш як 15 гадоў, за гэты час прафесійныя стасункі перараслі ў сяброўства. За змену бывае і 10 выклікаў, а перыяд эпідэміі брыгада называе адным з самых цяжкіх. «Тады было шмат пацыентаў з цяжкай дыхальнай недастатковасцю, не было часу нават прысесці. І мы былі на перадавой, не баяліся захварэць. Галоўнае — аддаць свой медыцынскі доўг людзям», — успамінае Дзмітрый Дубакін.

Дзмітрый Дубакін, Вікторыя Абелец, Вадзім Казлоўскі.

Ганарыцца кіраўніцтва цэнтра гэтым маленькім, але зладжаным калектывам па праве: у мінулым годзе рэанімацыйная брыгада на чале з Дзмітрыем Уладзіміравічам прывезла з міжнароднага конкурсу экіпажаў хуткай дапамогі першае месца. У спаборніцтве, якое праходзіла некалькі дзён, прымалі ўдзел 13 каманд з Беларусі і дзве з Расійскай Федэрацыі. Медыкам трэба было не толькі паказаць тэарэтычныя веды, але і праявіць прафесіяналізм і камандную работу ў розных практычных сітуацыях. Віцебская рэанімацыйная брыгада бліскуча прайшла ўсе этапы конкурсу і забрала ў горад на Дзвіне «золата».

У 2020 годзе аўтапарк цэнтра абнавілі, цяпер усе аўтамабілі хуткай дапамогі — перасоўныя медыцынскія комплексы, што значна пашырае магчымасці функцыянальнай дыягностыкі і дапамогі. У далёкіх 90-х, успамінае ўрач, у карэце быў толькі электракардыёграф, тады капрызны ў эксплуатацыі, і кіслародны інгалятар на два літры. Сёння ў рэанімацыйным аўтамабілі ёсць апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, кіслародны канцэнтратар, дэфібрылятар, апарат для закрытага масажу сэрца, ларынгаскоп, кровазамяшчальныя растворы — адным словам, усё неабходнае, каб вярнуць пацыента да жыцця.

Асаблівасці прафесіі

Пік выклікаў пачынаецца з 16 гадзін і працягваецца да ночы. За суткі міжраённы цэнтр «Віцебск» прымае да 500 званкоў, 70 працэнтаў з якіх — неадкладныя выклікі. Асабліва гарачымі для брыгады з'яўляюцца святочныя дзяжурствы. Так, успамінае Дзмітрый Уладзіміравіч, за адну навагоднюю ноч здарылася шэсць трагедый...

У яго практыцы было нямала выпадкаў клінічнай смерці з інфарктам на дашпітальным этапе. Галоўнае — правільна інтэрпрэтаваць папярэднія сімптомы. Але клінічную смерць дактары ніколі не пераблытаюць з сапраўднай — урач расказаў пра эфект «кашачага вока». Калі смерць усё ж такі наступіла, то ў першыя хвіліны яўных яе прыкмет няма, акрамя формы зрэнкі. Дапускаецца ў медыцынскім асяроддзі падчас закрытага масажу сэрца 1-2 зламаныя рэбры, але толькі ў дарослых людзей. Прычым такія наступствы могуць быць не толькі ад ручных, але і ад механічных маніпуляцый.

Сямейная дынастыя

Па сцяжынцы, якую калісьці абраў па прыкладзе сваёй маці Дзмітрый Дубакін, сёння ідзе і яго сын Саша, які заканчвае медуніверсітэт. Нягледзячы на перасцярогі бацькі аб складанасці прафесіі, юнак з другога курса працуе і набіраецца вопыту на станцыі хуткай дапамогі. Пасля атрымання дыплома будзе ўрачом-анестэзіёлагам-рэаніматолагам у радзільным доме. У Аляксандра на выбар будучай прафесіі паўплывала жыццёвая сітуацыя, пасля якой ён цвёрда вырашыў, што будзе дапамагаць людзям, як у дзяцінстве медыкі дапамаглі яму. «Калі сын быў маленькі, трапіў пад лесавоз, атрымаў цяжкія пашкоджанні. Тады ўрачы доўга і ўпарта змагаліся за яго і перамаглі. Магчыма, гэта пакінула ў яго памяці яркі след», — дзеліцца ўспамінамі мужчына.

У вольны час Дзмітрый Уладзіміравіч захапляецца рыбалкай, зборам грыбоў і рамонтам машын. І не любіць расказваць пра свае дасягненні, сярод якіх — Падзяка ад Прэзідэнта, званне «Чалавек года Віцебшчыны — 2022», шматлікія абласныя ўзнагароды. Ён проста робіць сваю работу і прызнаецца, што за 30 гадоў ні разу не думаў аб тым, каб сысці з прафесіі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.