Вы тут

Лі Лянмінь: Зорны кітайскі перакладчык у стасунках з беларускай літаратурай


Так сталася, што творчы шлях Лі Лянміня (1919 — 1991) — аднаго з самых уплывовых кітайскіх перакладчыкаў замежнай літарутуры, які пазнаёміў кітайскіх чытачоў з культавымі раманамі «Авадзень» (Э.Л.Войніч) і «Спартак» (Р.Джаваньолі), мае дачыненне да Беларусі і беларускай літаратуры. Менавіта дзякуючы яго намаганням у 1950-1970-я гады былі пераўвасоблены на кітайскую мову аповесці «Дрыгва» Якуба Коласа і «Трэцяя ракета» Васіля Быкава.


Лі Лянмінь нарадзіўся ў Чжэньхай, правінцыя Чжэцзян (цяпер раён Бэйлун, горад Нінбо) (Кітай). Падчас навучання ў сярэдняй школе ў 1937 годзе, разам са сваім братам Лі Сямінам браў удзел у «Групе антыяпонскага нацыянальнага выратавання мястэчка Хэнхэсян», дзе яны выконвалі антыяпонскія драмы і песні. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў дырэктарам пачатковай школы, загадчыкам па вучэбнай рабоце і інш. У маі 1942 года далучыўся да антыяпонскай базы ў памежным раёне Хуайбэйсувань для ўдзелу ў рэвалюцыйных дзеяннях. У 1946 годзе ён вярнуўся ў Шанхай і быў прыняты на факультэт замежных моў Універсітэта Хуцзян, праз два гады кінуў вучобу і пачаў перакладаць савецкую дзіцячую літаратуру. У межах руху за супраціў амерыканскай агрэсіі і за аказанне дапамогі карэйскаму народу Лі Лянмін нават стаў перакладчыкам пры маршалу Пэн Дэхуаі ў Карэі. З 1953 па 1986 гг. ён працаваў у выдавецтве «Шанхай шаонянь эртун чубаньшэ», Шанхайскім бюро перакладу і рэдагавання, аддзеле перакладу і рэдагавання «Шанхай івянь чубань» і іншых установах. Лі Лянмінь пераклаў на кітайскую мову «Авадзень» Э.Л.Войніч, «Спартак» Р.Джаваньолі, «Белы раб» Р.Хільдрэта, «Роб Рой» В.Скота, «Качубей» і «Валодзька — партызанскі сын» А.Первянцава, «Малахітавая шкатулка», і «Зялёная кабылка» П.Бажова, «Школу» А.Гайдара, «Запіскі партызана» П.Ігнатава, «Аленяня» М.К.Ролінгс, «Снег ідзе» Л.Варанковай, «Знакамітае качаня Цім» Э.Блайтана; «На моры» «Гвардыі радавой», «Ночка», «Галоўны інжынер» Л.Панцялеева, «Хата пад бярозамі» В.Васілеўскай, «Ягорка» П.Гаўрылава, «Цудоўнае падарожжа Нільса з дзікімі гусакамі» С. Лагерлеф і інш.

Лі Лянмінь пачынаў з перакладаў дзіцячай літаратуры, але ў памяці чытачоў ён застаўся «рэвалюцыйным» перакладчыкам. З 1952 года, калі ён зрабіў пераклад рамана Э. Л. Войніч «Авадзень», Лі Лянмінь выбірае творы пра гераічныя постаці ў сусветнай гісторыі: «Спартак» Р.Джаваньолі, «Белы раб» Р.Хільдрэта, «Качубей» А.Первянцава. У артыкуле «У пошуку слядоў гераічных постацяў — размова пра мой выбар тэмы для літаратурных перакладаў» сам Лі Лянмінь дае такое тлумачэнне: «Галоўныя героі гэтых твораў — мучанікі, гераічныя асобы, якія сфарміраваліся ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны, народна-вызваленчай і класавай барацьбы. Таму выбіраючы тэматыку для маіх мастацкіх перакладаў, я кіраваўся прынцыпам „жыццяпіс гераічнай постаці“... Жыццёвы час абмежаваны, а прастор для навучання бязмежны. Я думаў тады так: сярод вялізнага мора замежных літаратурных твораў трэба ў першую чаргу выбіраць тыя творы, што маюць рэвалюцыйны змест і прынясуць найбольш карысці кітайскаму чытачу. У 1950-я гады адзін за адным выходзілі замежныя мастацкія творы рэвалюцыйнага зместу, якія можна было ахарактарызаваць як „жалезныя характары і кровапралітныя бітвы“, іх выданне выклікала чарговую хвалю цікавасці да чытання.» 

Коласаўская аповесць пра подзвігі Дзеда Талаша «Дрыгва», па меркаванні Лі Лянміня, была адным з такіх твораў, — пра «жалезныя характары і кровапралітныя бітвы». У Кітаі яе пад назвай «Стары герой-партызан» выдавалі двойчы — у 1958 і 1959 гг. у выдавецтве «Шанхай вэньі чубаньшэ» (ранейшая назва —"Сінь вэньі чубаньшэ«). Упершыню арыгінальны твор быў надрукаваны ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (нумары 5-9, 11, 12) ў 1933 годзе. Асобнай кнігай аповесць выйшла ў 1934 г. «Дрыгва» прысвечана падзеям польска-савецкай вайны 1919–1921 гг. і партызанскай барацьбе на тэрыторыі Беларусі, на Палессі. Аповесць заснавана на рэальнай гісторыі Васіля Талаша, які стаў прататыпам літаратурнага героя — Дзеда Талаша. Сам Я. Колас так пісаў пра гэтую гісторыю: «Чым падкупляў мяне гэты расказ? Цікава была сама ідэалагічная эвалюцыя старога жыхара глухога Палесся, як ён з чалавека непісьменнага, адсталага фармаваўся ў свядомага старонніка савецкай улады і актыўнага барацьбіта за яе, а значыць і за свае класавыя інтарэсы. Вось гэтае фармаванне новага чалавека пад уплывам розных акалічнасцей, як навала белапольскай акупацыі, жорсткая расправа акупантаў з бядняцкім сялянствам, асабліва з тым, што спачувала бальшавікам, з аднаго боку, а з другога — уплыў бальшавізму, прадстаўнікоў Чырвонай Арміі і падпольных камуністычных арганізацый — я і палажыў у аснову сваёй аповесці «Дрыгва». Але і ў гэтай партызанскай, гераічнай па сваёй сутнасці аповесці Колас не забыўся на ўлюбёныя яму тэмы — жыццё беларускага сялянства, хараство прыроды роднага края.

У 1965 годзе ў перакладзе Лі Лянміня выйшла ўжо «жоўтая кніга» беларускага паходжання — «Трэцяя ракета» Васіля Быкава (Шанхайская рэдакцыя выдавецтва «Цзоцзя чубаньшэ»). Аповесць распавядае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі. Артылерыйскі разлік застаецца адрэзаны ад сваіх на трое сутак. У адным акопе аказаліся розныя людзі, і ім трэба адбіць першую танкавую атаку фашыстаў. В.Быкаў разважае, як смяротная небяспека выяўляе сапраўдныя чалавечыя характары. Упершыню аповесць надрукавана ў часопісе «Маладосць» № 2 у 1962 годзе, асобным выданнем «Трэцяя ракета» выйшла таксама ў 1962 г.

«Жоўтымі кнігамі» ў Кітаі называлі выданні для «ўнутранага карыстання», прызначаныя для азнаямлення дзеячаў літаратуры і мастацтва з творамі замежнай літаратуры ў якасці адваротнага прыкладу. Такая практыка адбывалася ва ўлонні барацьбы супраць савецкага рэвізіянізму. «Жоўтыя кнігі» пачалі выпускаць ў 1950-я гг., але іх пік — 1960-70-я гг. Сваю назву з’ява атрымала за светла-жоўты колер вокладак, пазней такія кнігі сталі выпускаць у светла-шэрай ці белай вокладцы. Акрамя колеру адметнай вокладку рабіў і надпіс «Для ўнутранага карыстання». «Жоўтыя кнігі» распаўсюджвалі па спісках, асобнікі забаранялася перадаваць староннім людзям.

Аўтар кнігі «Даследванні рускай літаратуры і перакладу» Цзэн Сыі называе Лі Лянміня таксама перакладчыкам на кітайскую мову яшчэ адной «жоўтай кнігі» беларускага паходжання — аповесці Івана Шамякіна «Снежныя зімы» (выд. «Шанхай жэньмінь чубаньшэ», 1972-1973) . Але ў самім кітайскім выданні ёсць толькі пазнака, што пераклад выкананы групай перакладчыкаў Школы кадравых працаўнікоў «7-га мая» пры сістэме перыядычнага друку і кнігавыдання Шанхая. Кітайскае выданне аповесці «Снежныя зімы» падрыхтавана і выдадзена ў гады Вялікай культурнай рэвалюцыі ў Кітаі, калі калектыўнае аўтарства, а значыць і калектыўная адказнасць за пераклад, — даволі зразумелая з’ява. 

Відавочна, што Лі Лянмінь успрымаў перакладчыцкую творчасць як пэўны грамадскі акт, які патрабуе дакладнага асэнсавання мэты перакладу. Змест, а ў выпадку Лі Лянміня абавязкова пра «пра жалезныя характары», — галоўны складнік падчас выбару твора для перакладу. І дзякуючы намаганням гэтага знакамітага перакладчыка, гераічныя аповесці «Дрыгва» і «Трэцяя ракета» знайшлі свой шлях да кітайскага чытача.

Вераніка КАРЛЮКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.