Вы тут

​Даўняе прызнанне


Даўняе прызнанне

Не так даўно пайшоў з жыцця вядомы беларускі мастак Георгій Паплаўскі ,які быў адзначаны за творчасць многімі ўзнагародамі, высокімі адзнакамі. Зусім не выпадковым было яго вылучэнне на прэмію Саюзнай Дзяржавы Беларусі і Расіі. Тым болей, што ўжо доўгія дзесяцігоддзі высокіх ацэнак народны мастак Беларусі заслужыў і ў іншых краінах свету. Увазе чытачоў я прапаную пераклад артыкула з кітайскага часопіса «Элосы вэны» («Руская літаратура і мастацтва») за май 1986 года. Некалькі слоў пра аўтара артыкула. Гао Ман нарадзіўся ў 1926 годзе ў Харбіне. Памёр у 2017-м... Шмат гадоў працаваў на розных прасадах у Таварыстве кітайска-савецкай дружбы і Інстытуце замежнай літаратуры. Займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Калі стаў галоўным рэдактарам часопіса «Сусветная літаратура», Гао Ман здолеў сабраць вакол сябе лепшых перакладчыкаў рускай літаратуры на кітайскую мову. І сам актыўна працаваў у галіне мастацкага перакладу. У яго спісе пераўвасбленняў на кітайскую мову — творы А.С. Пушкіна, М.Ю. Лермантава, І.А. Буніна, А.А. Ахматавай, Б.Л. Пастэрнака, Максіма Танка і іншых рускіх і савецкіх пісьменнікаў. Пяру Гаа Мана належыць кніга «Нататкі пра рускае выяўленчае мастацтва». Кітайскі перакладчык з’яўляецца аўтарам каліграфічных партрэтаў беларускіх пісьменнікаў: Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Навума Гальпяровіча, Васіля Быкава...

Вераніка КАРЛЮКЕВІЧ


Гао Ман

Беларускі кніжны графік Георгій Паплаўскі

Мастацтва савецкай кніжнай графікі прытрымліваецца развіцця літаратуры. Актыўнасць нерускіх нацыянальных літаратур — адна з адметных рысаў багацця савецкай літаратуры. Разам з дасягненнямі нацыянальных літаратур, назіраюцца і значныя поспехі ў нацыянальнай кніжнай графіцы.

Перад Другой Сусветнай вайной і нават у першыя пасляваенныя гады вельмі мала нерускіх нацыянальных мастакоў атрымалі ўсесаюзнае прызнанне. У пяцідзесятыя гады кожная з рэспублік Савецкага Саюза выгадавала цэлую плеяду выдатных кніжных графікаў. За апошнія дваццаць гадоў яны ў поўнай ступені раскрылі свае таленты і майстэрства.

У гэтым нумары мы знаёмім вас з беларускім кніжным графікам Георгіем Паплаўскім. Ён нарадзіўся ў 1931 годзе ў горадзе Ромны, у 1961 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У 1941 годзе фашысты ўварваліся ў Савецкі Саюз, ворагі амаль пераўтварылі Беларусь у папялішча. Тады Паплаўскаму было толькі дзесяць гадоў. Тут, на выпаленай зямлі пад кіраўніцтвам партыі беларускі народ распачаў страшны для ворага партызанскі рух. Дзе лютуе вораг, там і народнае супраціўленне. У ачышчальным агні, сярод крыві нарадзіліся годныя апявання гераічныя подзвігі. На гэтым фундаменце з’явіліся літаратурныя творы, якія кранаюць да глыбіні душы. Паплаўскі ганарыцца гісторыяй роднага краю. Ён бачыць сваім абавязкам расказваць пра барацьбу беларускага народа супраць фашыстаў. Георгій Георгіевіч стварае ілюстрацыі да твораў беларускай літаратуры, у першую чаргу да аповесцяў Васіля Быкава, якія апісваюць жыццё ў вайну. Графіка Паплаўскага хутка атрымала высокую адзнаку ў Беларусі і за яе межамі.

У Кітаі шмат разоў выдавалі пераклады аповесцяў Васіля Быкава (нар. у 1924). Амаль усе яго творы — пра вайну. У іх праз асаблівыя умовы вайны раскрываюцца самыя розныя чалавечыя праявы і паводзіны, даследуюцца фарміраванне і змены ў поглядах на мараль. Цяжкае жыццё Радзімы, беды людзей, лёс роднай краіны, усё гэта выклікае ў Паплаўскага такія ж глыбокія пачуцці, як і ў Быкава, таму мастак так паспяхова выканаў ілюстрацыі да аповесцяў. Праз крыху перабольшаную дэманстрацыю характару герояў, Паплаўскаму ўдалося перадаць напружанасць сюжэту, дзе развіццё падзей даходзіць да трагічнага ўзроўню. Кніжны графік старанна прамалёўвае ўсе востра акрэсленыя маральныя праблемы. Напрыклад, звернемся да яго ілюстрацый 1977 года да аповесці «Сотнікаў». На малюнку з’яўляюцца два героі: чырвонаармеец Сотнікаў і яго «кампаньён» Рыбак. З-за пакутлівай хваробы Сотнікаў знясілены да крайнасці, але перад тварам смерці ён дэманструе доблесць і высокую мараль савецкага чалавека і патрыёта. А Рыбак, па словах Сотнікава, — «нядрэнны воін, але яму, несумненна, нечага не хапае, каб стаць чалавекам, грамадзянінам».

Савецкі крытык Л.Азімава так напісала пра графіку Паплаўскага: ён "на аснове сюжэта аповесці Быкава, з дапамогай літаграфіі стварыў шэраг ілюстрацый. Гэтыя ілюстрацыі сваёй рашучасцю, вострай экспрэсіўнасцю, атмасферай жорсткасці, нават бязлітаснасці, якая не саступае творам Быкава, прымушаюць паверыць, скараюць нас«. (Глядзі савецкі часопіс «Искусство», 1980 г., № 9)

Перад тым, як пачаць працу над графікай да аповесцяў Быкава, Паплаўскі займаўся ілюстрацыямі да твораў «Хатынская аповесць» і «Партызаны» іншага беларускага пісьменніка —Алеся Адамовіча. Іх можна разглядаць як падрыхтоўчы этап да быкаўскіх ілюстрацый. Паплаўскі імкнецца адлюстраваць трагічныя, але поўныя гераізму часіны. Ён аб’ектыўна, з асцярожнасцю ставіцца да літаратурных твораў і жыццёвага матэрыялу. Калі ілюструе аповесці Быкава, у мастака праяўляюцца новыя памкненні. Паплаўскі згушчае рэалістычны складнік, павялічвае ступень абагульнення, выявы становяцца болей грубымі, кампазіцыя набывае большую экспрэсіўнасць.

Акрамя кніжнай графікі са сцэнамі ваеннага жыцця, Паплаўскі стварае ілюстрацыі, поўныя лірызму і паэтыкі. Напрыклад, ілюстрацыя 1978 года да паэмы беларускага паэта Янкі Купалы «Яна і я», напісанай яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Паплаўскі старанна ўвасабляе задумку паэта: выключная духоўнасць, традыцыйная для працавітых беларускіх сялян, любоў да работы, мары пра чыстае каханне.

Сёння Георгій Георгіевіч Паплаўскі знакаміты савецкі кніжны графік, неаднойчы ўганароўваўся ўзнагародамі на радзіме і за мяжой. Ён таксама выдатны гравёр. На задняй вокладцы гэтага нумара размешчаны «Пейзаж з царквою», выбраны з серыі 1977 года «Прагулкі з Ганешам». Гравюра дэманструе не жорсткія сцэны вайны, а жыццё ў мірны час, працавіты і ціхі гарадок.

Пераклала з кітайскай Вераніка КАРЛЮКЕВІЧ

Часопіс «Элосы вэньі» («Руская літаратура і мастацтва») (1986г., № 5), с. 112-113

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.