Вы тут

Шчырая, смелая і смешная — новая кніга Валянціны Быстрымовіч


Шчырая, смелая і смешная — такой атрымалася новая кніга пісьменніцы Валянціны Быстрымовіч. Аповесць «Шкодніцы», напісаная на рускай мове, выйшла сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда».


У цэнтры гісторыі — прыгоды дзвюх маладых дзяўчат Іванкі і Галкі. Гераіні жывуць у Рабочым пасёлку на ўскраіне Магілёва. Вакол школьніц-шкодніц віруе жыццё, бо яны лічаць, што могуць усё. Сярод іх подзвігаў — кравецкімі нажніцамі зрабіць модную стрыжку, ноччу пайсці на могілкі, каб даказаць сваю смеласць, пры гэтым скрасці магільны крыж і паставіць яго ў двары суседа, пабіцца за гонар іншай дзяўчынкі з задзірай класа, выскачыць з цягніка, каб раней трапіць дадому.

Калі і падаюцца камусьці гэтыя гісторыі дзіўнымі і зусім не дзявочымі, то варта даведацца пра галоўную мару Галкі і Іванкі — стаць лётчыцамі альбо, у крайнім выпадку, капітанамі далёкага плавання. А на шляху да сваёй мары гераіні кнігі гатовы вучыцца, перамагаць і быць наперадзе ўсіх.

За мастацкае афармленне кнігі адказвала Алеся Зяновіч. Ілюстратарка падышла да справы незвычайна. На старонках «Шкодніц» мы сустрэнем не звыклыя малюнкі, а чорна-белыя калажныя кампазіцыі. Карпатліва сабраныя выявы і фотаздымкі дадаюць аповесці атмасферу тых гадоў, што робіць чытанне лягчэйшым.

Валянціна Быстрымовіч вытрымлівае пэўны тэмп аповеду і не здраджвае свайму пісьменніцкаму стылю. Кніга складаецца з асобных раздзелаў, дзе Галку і Іванку сустракаюць усё новыя прыгоды. Як і ў іншых сваіх творах, аўтар не проста апавядае, а адсылае чытача да канкрэтнага перыяду жыцця гераінь, да часоў, якія мінулі.

Якары часу — і ў самім тэксце. Так, самая модная стрыжка ў школьніц таго часу — гаўрош. У кінатэатрах галоўны фільм — «Брыльянтавая рука». Для таго каб дастаць пэўны прадукт, трэба выстаяць вялікую чаргу ў краму.

Раздзел «Клёвая новенькая» — адна з вызначальных частак кнігі. Сутыкненне Галкі і Іванкі з новым, невядомым тыпам чалавека прыводзіць іх у стан поўнай разгубленасці. Адказная і інтэлігентная Наташа не стала сяброўкай для гераінь, аднак, безумоўна, акрэсліла іх жыццёвыя арыенціры, як пакажа далей гісторыя.

Асаблівай увагі варты раздзел пад назвай «Рабінавая ноч». У ім, насычаным містычнымі элементамі, апісваецца фарміраванне асоб дзяўчат.

Магілёў Валянціны Быстрымовіч тых часоў паўстае перад чытачом месцам няпростым. Галка і Іванка імкнуцца бачыць толькі пазітыў, але адмоўныя бакі немагчыма схаваць, бо беднасць і алкагалізм зусім побач. Напрыклад, ёсць раздзел, які  распавядае пра першы досвед курэння.

Калі на пачатку кнігі мы сустракаем дзвюх гарэз, якія гатовы на любыя авантуры, то ў фінальных частках перад намі паўстаюць маладыя дзяўчаты. Усё такія ж смелыя, але з адкрытымі, чыстымі сэрцамі. У апошнім раздзеле, які называецца адпаведна — «Сталеем», галоўная гераіня сутыкаецца з невядомым дагэтуль пачуццём — першым каханнем.

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.