Вы тут

Дзе знаходзяцца лепшыя сядзібы і з павагай ставяцца да гісторыі?


Такі агляд праводзіцца ў вобласці з 2009 года. Як адзначыў старшыня абласнога Савета Юрый Наркевіч, пры падвядзенні вынікаў спаборніцтва да ўвагі бярэцца шмат крытэрыяў: гэта і добраўпарадкаванне тэрыторыі, азеляненне населеных пунктаў, а таксама вырашэнне сацыяльных пытанняў, бытавое і гандлёвае абслугоўванне, работа устаноў культуры — адным словам, усё, ад чаго залежыць якасць жыцця вясковага чалавека.


Дошка ў гонар Аляксандра Лісковіча ў Хідрынскай школе.

З пашанай да мінулага

Быць пераможцам у конкурсе — не толькі прэстыжна, але і выгадна. Прэмію можна выкарыстаць на далейшае добраўпарадкаванне і паляпшэнне, што паспяхова робіць мясцовая ўлада. Пераможцы гэтага года таксама разам з дыпломам атрымлівалі сертыфікат на грашовую прэмію: за першае месца — 500 базавых велічынь, за другое — 400, за трэцяе — 300. Прыемна, што абсалютная большасць герояў дня былі ў розны час героямі публікацый «Мясцовага самакіравання».

Першае месца заваяваў сёлета Хідрынскі сельскі Савет Кобрынскага раёна. Яго старшыня Пётр Назарук адзначае, што на тэрыторыі сельсавета актыўна вядзецца будаўніцтва жылля. «Зараз разбілі пяць новых кварталаў жылой забудовы, — гаворыць Пётр Сяргеевіч. — Калі людзі ўзводзяць дамы, значыць, вёска жыве, у яе ёсць будучыня».

У згаданым сельсавеце не толькі клапоцяцца пра сённяшні дзень, але і з вялікай павагай ставяцца да гісторыі. Прыведзены ў парадак і дагледжаны помнікі ваенным падзеям. Не так даўно старшыня паказваў аўтару гэтых радкоў помнік каля вёскі Корчыцы. Невялікі абеліск стаіць на месцы гібелі сям'і Загрэбаў. За сувязь з партызанамі акупанты расстралялі сем чалавек, у тым ліку 12-гадовую дзяўчынку і маладую жанчыну на дзявятым месяцы цяжарнасці. Трагедыя адбылася 15 лютага 1943 года. На гэтым месцы стаяў спачатку сціплы помнік, пастаўлены сваякамі забітых, але на пачатку 2000-х тут устанавілі мармуровую дошку з імёнамі загінулых, а пра помнік цяпер клапоціцца мясцовая ўлада.

Юрый Наркевіч уручае ўзнагароду Пятру Назаруку.

З дапамогай сельвыканкама крыху больш за год таму ўшанавалі памяць земляка, ураджэнца вёскі Каташы, ваеннага марака Аляксандра Лісковіча. Сорак гадоў таму Саша Лісковіч служыў на падводнай лодцы С-178 Ціхаакіянскага флоту, якая ў 1981 годзе пацярпела катастрофу. 20-гадовы марак і яго таварышы перакрылі і загерметызавалі свой чацвёрты адсек, каб пакінуць паветра і шанс трэцяму адсеку, такім чынам выратавалі жыцці іншым цаной уласных. Іх пахавалі ў лістападзе 1981 года ў брацкай магіле ва Уладзівастоку. Дакументы засакрэцілі, пра трагедыю забыліся ў маштабах краіны. А потым і краіны не стала.

І вось праз сорак гадоў у Хідрынскі сельсавет ліст прыслаў старшы памочнік капітана карабля Сяргей Кубынін. Закіпела пошукавая работа, якую разгарнула мясцовая школа. І ў 2021 годзе на Хідрынскай школе з'явілася мемарыяльная дошка ў гонар вучня, што здзейсніў подзвіг.

Спаборніцтва за найлепшую сядзібу

Другое месца падзялілі паміж сабой два сельсаветы — Відамлянскі Камянецкага раёна і Рэчыцкі Столінскага.

У Відамлі азеляненнем і навядзеннем прыгажосці займаюцца многія гады. У вёсцы становіцца ўсё болей добраўпарадкаваных і ўпрыгожаных сядзіб. У практыку ўвайшло спаборніцтва на найлепшую з іх. «Паступова гэта ўжо стала нормай грамадскага жыцця, нікога асабліва не трэба агітаваць альбо прымушаць, — канстатуе старшыня сельскага Савета Марына Каралюк. — Галоўнае — вяскоўцы захапіліся ідэяй упрыгожвання свайго побыту. Кожнае лета камісія сельсавета абыходзіць падворкі, робіць фотаздымкі, каб зімой падчас падвядзення вынікаў аформіць стэнды і прадставіць дакументальныя сведчанні намаганняў пераможцаў».

Вынікі падводзяць сумесна сельскі Савет і адкрытае акцыянернае таварыства «Відамлянскае». Нават падзячныя лісты падпісваюць два кіраўнікі. Праводзіцца ўрачыстае мерапрыемства, дзе ўшаноўваюць перадавікоў мінулага года. У зале ладзіцца фотавыстава, падчас якой нярэдка можна пачуць: «Няўжо так прыгожа было ў маім двары?».

Старшыня Відамлянскага сельсавета Марына Каралюк.

Вялікая заслуга ў справах добраўпарадкавання мясцовай школы. Сёння школа вырошчвае да 90 працэнтаў расады аднагадовых раслін, якія ўвесь сезон упрыгожваюць вуліцы і плошчы вёскі. Школа падтрымлівае ў парадку не толькі сваю тэрыторыю, але і даволі вялікую прыдарожную паласу. Тут з'явіліся прыгожыя арыгінальныя клумбы, якія час ад часу мяняюць форму і колеравую гаму. Цікавая гісторыя з кветкавай кампазіцыяй у выглядзе зубра. Яе ўладкавалі на абочыне дарогі на Белавежскую пушчу. Некалькі сезонаў клумба квітнела рознымі краскамі, а потым вырашылі па звычцы памяняць яе форму на іншую. Але нехта з настаўнікаў заўважыў, што менавіта каля гэтай клумбы больш за ўсё фатаграфуецца турыстаў. І яна тут вельмі да месца, бо мае брэндавае значэнне. «Выйшла як з той Эйфелевай вежай, — жартуюць у школе. — Будавалі на час выставы, потым хацелі разбурыць, а аказалася, што вежа — ужо славутасць. Так і наш зубр: мы яго пакінулі, толькі кожны сезон напаўняем новымі адценнямі». Школа даглядае ладны кавалак прыдарожнай паласы, тэрыторыю царквы, падтрымлівае ва ўзорным парадку ўласны двор.

Акрамя Відамлі, у склад сельсавета ўваходзіць нямала малых вёсак. Каб іх падтрымаць, у тым ліку ў плане добраўпарадкавання, задумалі фестываль малых вёсак пад назвай «Вёсачка мая — мая чараўніца». Кожны год у адным з такіх населеных пунктаў праводзіцца свята вёскі, да якога ідзе падрыхтоўка фактычна цэлы год. А на вясковы фэст збіраюцца ўсе пакаленні вяскоўцаў, дзеці, унукі прыязджаюць нават здалёк. Сельгаспрадпрыемства не абыходзіць увагай ніводнага былога працаўніка, падарункі ўручаюцца ўсім калгасным пенсіянерам, ушаноўваюць цяперашніх працаўнікоў, калі такія ёсць. Гаспадыні дастаюць з куфраў вышыванкі і посцілкі, дэманструюць таленты кулінарыі. Усе святы — «Грушаўскі світанак», «Баранкаўскі завітанак», «Млыноўскі беражок», «Куфар Радасці», «Гасцёўня на Лясной», «Мядовы чай на Панскім» — прайшлі вельмі душэўна, цікава, пакінулі ўдзельнікам незабыўныя эмоцыі. У сельскім Савеце захоўваюцца цэлыя альбомы са здымкамі з тых мерапрыемстваў, там цэлы стос падзячных водгукаў найбольш ад нашчадкаў сталых жыхароў, якія выбраліся на свята і сустрэліся з аднакласнікамі, аднавяскоўцамі, акунуліся ў юнацтва.

Некалькі гадоў таму ў цэнтры вёскі з'явілася рэкрэацыйна-навучальная пляцоўка «Лабараторыя сонца». Пачыналася, як заўсёды, з ініцыятывы неабыякавых жыхароў. Спачатку за адміністрацыйным будынкам уладкавалі стары сад. Яго пачысцілі, абнавілі. Неаварыйныя дрэвы пакінулі, дабавілі новых — сад ажыў. Потым аформілі свае намеры дакументальна і выйгралі грант на конкурсе мясцовых ініцыятыў «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні». На атрыманыя грошы ўсталяваны пешаходныя дарожкі, сем свяцільнікаў, чатыры сонечныя панэлі і два стэнды па энергазберажэнні. Тут размяшчаецца інфармацыя на тэму эканоміі і беражлівасці.

Узнагароду атрымлівае Вадзім Заруба.

Энергіі ўстаноўленых сонечных батарэй хапае, каб асвятляць названую пляцоўку круглы год. Тут жа ўладкаваны разеткі для зарадкі мабільных прыстасаванняў. Адпачываеш і зараджаеш тэлефон альбо планшэт. За кошт сельвыканкама на пляцоўцы паставілі садовыя лаўкі. Пазней з'явілася дзіцячая пляцоўка. Сродкамі на яе дапамог райвыканкам.

— Адным словам, добрую справу адолелі ўсёй грамадой, — падсумоўвае старшыня сельскага Савета Марына Каралюк. — І цяпер многае па добраўпарадкаванні і паляпшэнні тэрыторыі таксама робім разам.

Парк у Ніжнім Церабяжове

Другое месца з Відамлянскім падзяліў Рэчыцкі сельсавет Столінскага раёна. Яго старшыня Вадзім Заруба расказаў карэспандэнту «МС», што галоўнымі дасягненнямі добраўпарадкавання мінулага года лічыць пракладку асфальту на ўчастках дарог у Ніжнім Церабяжове, Варанях, Рэчыцы, а таксама газіфікацыю вёскі Варані. Апошняе палепшыла якасць жыцця ўсіх вяскоўцаў.

Старадаўні парк.

У сельсавеце таксама ажыццяўляюцца і мясцовыя праекты. Такія, напрыклад, як добраўпарадкаванне парку ў Ніжнім Церабяжове.

— Наш парк унікальны, — гаворыць Вадзім Заруба. — Гэта на 90 працэнтаў захаваны парк старадаўняй сядзібы ХІХ стагоддзя. Біялагічная разнастайнасць флоры і фаўны здзіўляе вучоных. Тут растуць рэдкія і зусім рэдкія ў нашых шыротах дрэвы і кусты, жывуць птушкі-чырванакніжнікі. А паркавая сажалка служыць своеасаблівым жывым музеем, яна ўтворана шляхам пашырэння прыроднага ручая. Побач з сажалкай адкрываюцца фантастычныя па прыгажосці краявіды. Вось гэты парк мы ўзяліся падчысціць, вызваліць ад лішніх зараснікаў і кустоўя. Такім чынам ужо палепшылі пяць гектараў з дванаццаці. На цэнтральнай дарожцы ўстанавілі лаўкі, аднавілі ўваходную браму. Работа працягваецца.

У гэтым матэрыяле згаданы сельсаветы, якія занялі першае і другое месцы ў спаборніцтве. Трэцімі прызёрамі сталі Ляскавіцкі сельсавет Іванаўскага і Хатыніцкі Ганцавіцкага раёнаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і Аляксандра Шульгача

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.