Вы тут

Як мясцовая грамада і улады змянілі парк у Амяльной і адрадзілі Гошчу


Каб у вёсцы кожны вечар, у цэнтральнай яе частцы і ўздоўж парку, выходзілі на шпацыр пенсіянеры, — далёка не ўсюды пачуеш пра такое. А ў Амяльной (дарэчы, гэта адзін з самых аддаленых ад райцэнтра сельсаветаў Івацэвіцкага раёна) такія прагулкі апошнім часам сталі традыцыяй. Прыгожа, чыста, дагледжана — чаму б не прайсціся, убачыцца са знаёмымі, перакінуцца парай слоў пра жыццё?


У парку ў Амяльной.

Тутэйшы Лас-Вегас

Настаўніца-пенсіянерка Галіна Сарока асабліва высока ацаніла навагодняе афармленне, а таксама святочную ілюмінацыю вёскі. «Сваёй сястры, якая жыве ў даволі вялікім горадзе, расказваю, а яна не верыць, — смяялася Галіна Іосіфаўна. — Здзіўляецца, што я гуляю зімой у дзевяць вечара. У яе ўяўленні вёска зімой — гэта суцэльная цемра альбо адзін ліхтар недзе ў цэнтры. Кажу ёй, што ў нас нібы Лас-Вегас тут: усё свеціцца і зіхаціць. Давялося відэа здымаць ды скідваць па вайберы.

Сапраўды, сёлета пастараліся ўсе ўстановы і арганізацыі, якія працуюць на тэрыторыі, зрабіць свой унёсак у навагодняе афармленне населенага пункта, расказалі ў сельвыканкаме. Усё было падсветлена, на плошчы стаяла ёлка. Кірунак задаў адміністрацыйны будынак ААТ «Мічурынск», яны падсвяцілі таксама майстэрню, зерняток, інтэрнат, за імі пайшлі школа, садок, іншыя. Аказалася, што стварыць настрой не так і дорага — варта праявіць зацікаўленасць, прыкласці фантазію і рукі.

Такое святочнае афармленне стала свайго роду лагічным працягам добраўпарадкавання, якое праведзена за апошнія гады. Знешні выгляд вёскі непараўнальна змяніўся пасля добраўпарадкавання парку. Ён даволі стары і працяглы, прымыкае да цэнтральнай часткі населенага пункта. Пасля ўрагану 1997 года парк аказаўся крыху запушчаным, а за дваццаць гадоў прырода зрабіла сваю справу: буралом зарос кустоўем і травой, месцамі ўтварыліся гэткія астраўкі джунгляў. Грунтоўна ўзялася за яго мясцовая ўлада ў 2018 годзе.

Парадак у парку і пляцоўка для дзяцей

— Спачатку я разлічвала на мінімальнае. Хоць бы прыбраць і прарэдзіць зараснікі, — кажа старшыня Амяльнянскага сельскага Савета Валянціна Гарошка. — Уявіце сабе: дзіцячага садка, які зараз праглядаецца праз парк, не было відаць зусім. З таго боку — адпаведная карціна. Дык вось выхавальнікі расказвалі: калі расчысцілі, прыбралі лішняе, дзяцей было не адарваць ад вокнаў. Малыя паказвалі адно аднаму дарогу: стала відаць, якія машыны, трактары праходзяць. Яны ж прывыклі бачыць у вокнах сцяну зараснікаў.

Працавалі на расчыстцы ўсёй грамадай, не раз выходзілі на суботнікі. А калі сталі вымалёўвацца абрысы новага памаладзелага парку, было агучана пажаданне ўсталяваць хоць некалькі лавак, каб было дзе адпачыць, напрыклад, па дарозе з крамы. Першыя дзве лаўкі набылі за кошт сельвыканкама. На дзве наступныя матэрыялы далі індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца дрэваапрацоўкай.

Разам з гэтым будавалі дзіцячую пляцоўку побач са школай, дзіцячым садком. Тут ужо найбольшая заслуга ААТ «Мічурынск». Асноўныя работы, якія патрабуюць кваліфікацыі, правяла будаўнічая брыгада гаспадаркі. Астатняе рабілі тыя ж будаўнікі разам з вяскоўцамі вечарамі, пасля работы. Самы актыўны ўдзел прымаў дырэктар ААТ, дэпутат сельскага Савета Дзмітрый Бурчук. Адным словам, пляцоўка атрымалася на радасць дзятве.

Эксклюзіўныя альтанкі

Паралельна працягвалася добраўпарадкаванне парку. Раённы цэнтр занятасці прыслаў па праграме грамадскіх аплатных работ чалавека, які стаяў на ўліку ў якасці беспрацоўнага. Аказалася, што Міхаіл Каверчык мае талент работы з дрэвам. Да кожнай лаўкі, стала, альтанкі, якія неўзабаве з'явіліся ў парку, ён падыходзіў творча. Скажам, ляжала даўно паваленае дрэва. Толькі хацелі адвезці да кацельні, а ён крычыць: «Не чапайце, я лаўку альбо арэлі для дзяцей зраблю!» І праўда, праз колькі дзён з дапамогай пілы, сякеры, малатка з-пад яго рук выходзіць калі не твор мастацтва, то зручная для людзей рэч. Самая першая альтанка з круглымі сталамі, размешчанымі на пяньках, атрымалася настолькі эксклюзіўнай, што яе адразу ацаніла моладзь. З надыходам цяпла яна не прастойвае, тут заўсёды бываюць наведвальнікі. Ды і не толькі юныя адпачывальнікі займаюць альтанку. Скажам, невялікія калектывы самых розных вясковых устаноў нават прафесійныя святы тут адзначаюць. Тут прыемна пасядзець на прыродзе, можна пасмажыць шашлык, карацей, усё ёсць для культурнага адпачынку.

Пасля першай альтанкі сталі з'яўляцца новыя. Важна, як той казаў, увайсці ў смак. Гэтая, як было сказана, прыйшлася даспадобы моладзі. Пенсіянеры заказалі месца адпачынку крыху ў іншым стылі. Патрабавалася не толькі рабочая сіла, але і матэрыялы, сродкі. Наперш адгукнуліся індывідуальныя прадпрымальнікі. Гаспадыня прыватнага магазіна Надзея Трашчанка набывала асобныя матэрыялы як для дзіцячай пляцоўкі, так і для паркавых лавак.

— Уладкаванне парку захапіла ўсіх жыхароў, — кажа Валянціна Гарошка. — Калі мы намерыліся пафарбаваць драўляныя лаўкі, альтанкі, ужо хацелі фарбу купляць, прыйшоў адзін прадпрымальнік і прапанаваў спецыяльнае насычванне для дрэва, нятаннае, імпартнай вытворчасці. Атрымалася, вядома, больш стыльна. Мясцовыя фермеры таксама дапамагалі. Васіль Камяк прыйшоў і спытаў: «Якая патрэбная дапамога?» Дошкі для даху, металапрофіль купіў ён. Другі наш фермер таксама выдзеліў сродкі. Прадпрымальнікі Сяргей Струнеўскі і Мікалай Савіла выдзелілі піламатэрыялы.

А калі ўсё зрабілі, у сельсавет прыйшла дэлегацыя пенсіянерак. Жанчыны сказалі, што іх унукі будуць усім гэтым карыстацца ўлетку, таму яны гатовыя сабраць грошы і зрабіць свой унёсак у агульную справу.

Новае жыццё вёскі

Варта яшчэ сказаць, як грамадская ініцыятыва паспрыяла адраджэнню суседняй вёскі Гошчы, дзе заставалася літаральна два-тры дзясяткі жыхароў. Гошчы, несумненна, пашанцавала, што яна размешчана побач з вялікім возерам. Праўда, бераг вадаёма зусім зарастаў, з боку вёскі вады не было відаць за зараснікамі, побач узнікалі стыхійныя звалкі — «заслуга» шматлікіх рыбакоў. І невядома, як было б далей, каб не адзін брастаўчанін, які купіў стары дом на беразе возера. Ён правёў рэканструкцыю дома, расчысціў участак і прыбярэжную паласу, узвёў невялікі пірс. Да яго далучыліся суседзі, спадчыннікі суседніх дамоў паглядзелі на прыгажосць і сталі наводзяць яе ў сябе. Такім чынам, чыстая акультураная прыбярэжная зона пашыралася, паступова вымалёўваўся пляж. Самі жыхары навялі парадак, паставілі некалькі лавак, нават стэнд аформілі з заклікам падтрымліваць чысціню і парадак.

І вось ужо іншыя жыхары вёскі сталі абнаўляць фасад і агароджу, прыводзіць у парадак домаўладанні. У той дзень, як мы прыехалі (17 сакавіка. — Аўт.), каля аднаго з дамоў працавала тэхніка, значыць, займаюцца вяскоўцы капітальным рамонтам, рэканструкцыяй. Больш за тое, людзі сталі звяртацца ў мясцовую ўладу па ўчасткі пад забудову. Сельвыканкамам ужо выдзеліў пяць такіх участкаў. На асобных стаяць падмуркі, іншыя ўжо ўзвялі каробкі дамоў. За лета дамы, хутчэй за ўсё, будуць узведзены. Гаспадары іх жывуць у Мінску, Пінску, Брэсце. Хутчэй за ўсё, будуюць для летняга адпачынку, магчыма, нехта пераедзе з выхадам на пенсію, — разважае кіраўнік мясцовай улады. — Галоўнае, што будзе жыць вёска, не знікне з карты населены пункт, якому больш за 500 гадоў. Дарэчы, мясцовыя актывісты заказалі таблічку з датай першага згадвання пра Гошчу, якую неўзабаве прымацуюць на валун. Галоўнае, што прыклад актыўных грамадзян прымусіў падцягнуцца іншых. Паваленых агароджаў больш няма, кожную вясну падфарбоўваюцца фасады нават старых дамоў, высаджваюцца кветкі.

Дзеці ў парку.

Старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока сказаў так:

— Гэта вельмі важна — заўважыць, падтрымаць, накіраваць ініцыятыву людзей, часам узначаліць яе. Тады можна многага дабіцца ў плане паляпшэння тэрыторыі, нават якасці жыцця. Скажам, у нас ёсць невялікая вёска Доўгае. Некалькі гадоў таму, калі аб'явілі суботнік па добраўпарадкаванні могілак, там пражывала 46 чалавек. На суботнік прыйшло 40. Не наведаліся толькі тыя, каму было каля 90 гадоў і зусім хворыя. У вёсцы стараста быў вельмі актыўны — так змог арганізаваць грамаду, ды і людзі свядомыя і адказныя. Потым я вазіў у гэтую вёску ўсіх старастаў раёна, каб паказаць, як працуе грамадская ініцыятыва, чаго можна дабіцца талакой.

Ды і на прыкладзе Амяльнянскага сельсавета бы бачым гэта. Прыйшоў фермер і спытаў: «Якая патрэбна дапамога?». У сельсавет прыйшлі жанчынкі на пенсіі, спыталі, колькі грошай здаць на агульную справу, хоць іх аб гэтым ніхто не прасіў. І калі зрабілі ўсе разам альтанкі ў парку, пляцоўку дзіцячую, то ўсе разам сочаць за парадкам, падтрымліваюць яго, адчуваюць калектыўную адказнасць.

А Гошча — гэта наогул цудоўны прыклад для пераймання. Людзі так уладкавалі набярэжную паласу возера, такую зону адпачынку зрабілі, што паглядзець прыемна. Пры тым, што ў сезон там бывае вялікае мноства рыбакоў, аднак парадак падтрымліваецца, бо гэта цудоўная мясціна — агульны набытак.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Івацэвіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.