Вы тут

Старую мэблю выкінулі ў раку. Роздум пра экалогію і свядомасць


На самым пачатку года многія брастаўчане ў сацсетках сталі дзяліцца не зусім звычайнай карцінкай. На ёй — мэблевы гарнітур, які ўмёрз у пойме ракі Лясная. Гэта фактычна на ўскрайку Брэста, у пляжнай зоне. Карыстальнікі сацсетак перакідвалі адзін аднаму здымак з самымі рознымі каментарыямі. Вядома, абсалютная большасць з іх былі негатыўнымі. Ніхто не хваліў вар'ятаў, якім прыйшло ў галаву зацягнуць у раку старую мэблю.


Яно і вядома, даўно прывычнай для вока карцінай сталі кучы смецця на беразе пасля так званых адпачывальнікаў. У лесе можна сустрэць, напрыклад, гурбу будаўнічых адходаў. Ну і ў рэчку нашы асобныя суайчыннікі могуць укінуць што заўгодна. Толькі вось калі прадмет невялікі, ён можа гадамі ляжаць на дне, распадацца, засмечваць рэчышча, наносіць урон экасістэме, але яго не відаць з берага. Таму і не выклікае абурэння. Тут жа канапа пастаяла, скаваная лёдам, потым паплыла, бо ў Брэсце гэтай зімой амаль не было ні марозу, ні снегу. Праз колькі дзён работнікі гарадской прыродаахоўнай службы разам з дарожнікамі выцягнулі тую злашчасную мэблю і ўтылізавалі яе.

Гараджане ж працягвалі абмяркоўваць прыкрае здарэнне, якое характарызуе і культуру, і свядомасць, і маральныя якасці забруджвальнікаў навакольнага асяроддзя. Нехта вылучыў версію, што жыхар гарадской ускраіны, нагледзеўшыся пастоў пра італьянцаў, выкінуў перад Новым годам непатрэбныя рэчы на вуліцу ў спадзяванні, што некаму яны спатрэбяцца. А іншыя аматары адпачынку на прыродзе зацягнулі канапу з крэсламі на бераг, каб з камфортам выпіць навагодні бакал шампанскага. Потым зусім бязмозгія хуліганы, якім няма куды дзяваць сілу, увалаклі мэблю ў рэчку.

Пракаментаваў сітуацыю і начальнік Брэсцкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Пётр Брыш. Нагадаў, што такое стаўленне да прыроды караецца штрафам да 30 базавых велічынь у адносінах да фізічнай асобы і да 1000 базавых велічынь у адносінах да юрыдычнай. Акрамя таго, кіраўнік прыродаахоўнага ведамства нагадаў, дзе можна пакінуць буйнагабарытныя адходы. Па ўсім горадзе абсталяваны пляцоўкі, а смеццевы завод у парадку платных паслуг дае транспарт для вывазу будаўнічых адходаў. Цяпер сапраўды ёсць цэлы шэраг магчымасцяў для тых, хто хоча пазбавіцца лішняга законным шляхам.

А тыя ж, каму закон не пісаны, вязуць жалезныя дзверы ў лес. Пра гэта з горыччу напісала адна з гараджанак. Распавяла, як стаяла і ледзь не плакала вясной у маляўнічай мясціне, сярод першацветаў, зусім недалёка ад уласнай дачы... А побач ляжалі тыя самыя злашчасныя дзверы. І прывёз жа іх нехта нібы на здзек, хоць па дарозе з горада ёсць указальнік на найбліжэйшы пункт збору буйнагабарытных адходаў.

«Чаму так адбываецца? — разважала Святлана, педагог па адукацыі. —Ддзе мы страчваем асобу ў чалавеку, на якім этапе — невядома». І заклікала настаўнікаў больш увагі ўдзяляць экалагічнай свядомасці. Ну, можна ж навучыць дзяцей пераходзіць дарогу на зялёнае святло, нават калі бацькі не падаюць ім патрэбны прыклад. Можна, калі ўвесь час дзяўбці аб гэтым пачынаючы з першага класа. Сапраўды, дзе мы ўсё гэта страцілі? Падаецца, што, калі б кожны на сваім месцы прытрымліваўся законаў і правілаў, усё было б у жыцці па-іншаму. Мы часта спасылаемся ў якасці прыкладу на заходніх суседзяў. Так, там адпрацавана сістэма збору і ўтылізацыі смецця на высокім узроўні. Але ж яны той парадак падтрымліваюць усёй грамадой. Пра гэта давялося нядаўна размаўляць з кіроўцам смеццевага велікагруза. Побач з домам год таму ўсталявалі пляцоўку для раздзельнага збору смецця. І заўважаю, што з кантэйнера, дзе напісана «папера», ён выгружае ў машыну, куды толькі што скінуў змесціва агульных бакаў. Не ўтрымалася і спытала, чаму так. Работнік камунальнага прадпрыемства толькі горка ўсміхнуўся, сказаў, што папера для перапрацоўкі павінна быць чыстая. Асобныя грамадзяне кідаюць у папяровы кантэйнер, напрыклад, кардонкі з кускамі піцы, цалкам запэцканую паперу, а іншыя знарок дабаўляюць туды розны бруд, тым самым зводзяць на нішто намаганні адказных кватэранаймальнікаў, якія збіраюць і правільна сартуюць бытавыя адходы.

Ну што тут скажаш: кожнага не пракантралюеш. Усё гэта будзе цягнуцца роўна столькі, колькі працягнецца ўнутранае невуцтва асобных індывідуумаў. Што супрацьпаставіць? Выхаванне, асвету. Скажаце, доўгі працэс. Вы ведаеце карацейшы? Але разам з тым, згодная, не варта праходзіць міма выпадкаў свінячага стаўлення да прыроды, да наваколля, ну хоць бы неяк указваць зламыснікам. Праўда, зараз у многіх месцах, нават у лесе, сталі размяшчаць камеры відэаназірання, плакаты з заклікамі.

Вы, відаць, таксама бачылі плакаты тыпу: «Прыбіраеш дома — прыбяры і на прыродзе». Але дома таксама ўсе прыбіраюць па-рознаму. Літаральна ўчора расказалі пра выпадак, правільней сказаць, пра няшчасце, якое спасцігла жанчыну ў адным з буйных райцэнтраў Брэстчыны ў тым ліку з-за нехлямяжых суседзяў. Уладальніца аднапакаёвай кватэры на першым паверсе пераехала на другі канец горада з-за неабходнасці даглядаць 90-гадовую маці. Не, перыядычна яна наведвалася дадому паліць кветкі, паглядзець, ці ўсё ў парадку. Не была ўжо з тыдзень, калі ёй патэлефанавалі з ЖЭСа з патрабаваннем тэрмінова з'явіцца дадому, бо суседзі скардзяцца, што з кватэры ідзе смурод. Яна, вядома, панеслася. А калі адчыніла дзверы, ледзь не самлела: на ўсёй падлозе стаяў слой вадкіх фекалій вышынёй прыкладна 15 сантыметраў...

Потым усё ж стала ясна, што лопнула труба праржавелага каналізацыйнага стаяка акурат у яе кватэры. А лопнула таму, што была засмечаная, жыльцы яе забілі нейкім нехарактэрным смеццем. Вось труба і не вытрымала на ўзроўні першага паверха. І ўвесь зліў каналізацыі дзень ці два запаўняў яе кватэру, якая зараз стала непрыдатнай для пражывання. Бо едкі пах пранік ва ўсе рэчы мэблі, тэкстыль і іншае. Думаю, што пазней я напішу пра гэта, калі яна адыдзе ад стрэсу, пагодзіцца расказаць падрабязна, калі вырашыцца сітуацыя, якую ўзяў пад кантроль гарвыканкам. Напішу, як яна па сваёй прыроднай сціпласці на фоне стрэсу не ўзняла вэрхал, не прымусіла прыбіраць віноўніка аварыі (за гнілыя і ржавыя трубы нясе адказнасць ЖКГ, які не робіць своечасова капітальны рамонт), не запатрабавала знайсці віноўніка забруджвання, а сама, нацягнуўшы гумовыя боты і гумовыя пальчаткі, усё гэта выцягвала з кватэры вёдрамі ды шуфлямі. Як ёй спрабавалі падсунуць акт, у якім значылася, што кватэра залітая... вадой. Спадзяюся, гарвыканкам дацісне адпаведныя службы, і ёй правядуць поўную рэабілітацыю кватэры, здзяруць падлогу, абновяць сцены і столь, якія нацягнулі ў сябе страшэнны смурод, затым кампенсуюць страты. Я зараз пра іншае.

Праз час суседзі паўшэптам ёй паведамлялі, што сусед, які гучней за ўсіх крычаў на яе і вінаваціў у тым, што пастаянна не пражывае і па гэтай прычыне не магла заўважыць аварыю адразу, рабіў рамонт. Хутчэй за ўсё, яго рабочыя скідвалі ў каналізацыю астаткі цэменту і тынкоўкі, якія і забілі трубу, што ў рэшце рэшт не вытрымала. Вядома, калі адразу не злавілі парушальніка за руку, то цяпер не дакажаш яго дачыненне да аварыі. А вось сутнасць сваю гэтымі пагрозамі выдаў: хіба ён ніколі не з'язджаў на тыдзень-другі ў камандзіроўку, водпуск ці яшчэ куды.

А колькі ў нас такіх кватэранаймальнікаў, што дзень за днём, з году ў год забруджваюць каналізацыю. І гэта значыць, што ў любым доме, у любым горадзе можа адбыцца падобная аварыя.

Так што жыць у брудзе і ствараць яго вакол сябе падаецца прызваннем асобных «рупліўцаў». Той, што без усялякіх згрызот сумлення сплаўляе ва ўнітаз бытавыя адходы, той выверне іх цэлы воз і ў лесе. У нас пакуль не запаялі смеццеправод у пад'ездзе, яго перыядычна забівалі нейкімі буйнымі рэчамі, тымі ж адходамі рамонту, бо некаму не прыходзіла ў галаву, што іх трэба вынесці хаця б на першы паверх і паставіць побач з кантэйнерам. Смеццеправод закрылі, але яны не супакойваюцца, перыядычна на ганку паяўляецца пакет з ананімным смеццем. Ім лянота дайсці да найбліжэйшай пляцоўкі. Можа, нават не лянота, а ваяўнічае ўнутранае «я» не дае зрабіць інакш, па-людску, як і тым, хто па-ранейшаму дэманстратыўна сунецца ў транспарт, у крамы без маскі, хоць медыкі ўмольваюць паводзіць сябе ў адпаведнасці з сітуацыяй, рабіць па-людску. Але ж каб, паводле класіка, «людзьмі звацца», трэба найперш імі быць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.