Вы тут

Актыўнае даўгалецце. Не «дажываць», а жыць якасна!


Падкінуць гіру, з лёгкасцю выбрацца з задымленага пакоя і праспяваць частушкі ў кепцы ўнука — усё гэта могуць пенсіянеры Лідскага раёна. У гэтым пераканаліся журналісты і намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Іван Лаўрыновіч падчас прэс-тура, прымеркаванага да Дня пажылых людзей.


Сёння сталыя людзі не адчуваюць сябе пакінутымі — увесь час удасканальваюцца ўмовы для сацыяльнай уключанасці іх ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.

Так, напрыклад, 76-гадовы Валерый Сліўкін стаў таленавітым экскурсаводам у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі. Ён, старшы навуковы супрацоўнік музея, з лёгкасцю завалодае ўвагай людзей усіх узростаў.

— Я заўсёды быў вельмі актыўным, — прызнаецца Валерый Сліўкін. — Ужо ў 26 гадоў стаў кандыдатам навук. — Потым шмат працаваў на Калыме і Далёкім Усходзе, адкрыў тры радовішчы золата... А потым здаў: сэрца прыхапіла, вярнуўся на Радзіму да сваіх пажылых бацькоў. Думаў, ужо ўсё — дажываць прыехаў, але родная зямелька вылечыла: малачко казінае, гародніна са свайго агарода — так патроху аднавіўся і зноў развіў бурную дзейнасць (смяецца). Ліда — мой горад, тут мае настаўнікі, сябры. Тут я адчуваю сябе шчаслівым і патрэбным. На экскурсіі прыходзяць і школьнікі, і пенсіянеры, і будаўнікі, і айцішнікі, і рабочыя з завода, і да кожнага трэба знайсці падыход, гаварыць на іх мове. Гэта вельмі цікава — і мне гэта ўдаецца дзякуючы вялікаму жыццёваму вопыту.

Алег Леўшуноў, вучань мясцовага ліцэя, з захапленнем пацвердзіў словы Валерыя:

— Экскурсавод найцудоўнейшы — гаворыць не манатонна, а з незвычайнай інтанацыяй, і распавядае вельмі цікава...

Дырэктар музея Вольга Піліпчук дадае, што ў музеі працуе не толькі Валерый Сліўкін. Пажылыя гараджане задзейнічаныя ў пастаноўках для гасцей, працуюць у залах. А яшчэ для іх праводзяцца вечарыны з настольнымі гульнямі, музыкай і танцамі.

А вось у Лідскім адукацыйным цэнтры бяспекі жыццядзейнасці МНС людзі сярэбранага ўзросту вучацца правілам пажарнай бяспекі, аказанню медыцынскай дапамогі, паводзінам у ліфце, лесе, на вадзе і іншых месцах. Так, напрыклад, падчас наведвання журналістамі цэнтра інспектар сектара прапаганды Лідскага РАНС Вадзім Бартэль дапамагаў пенсіянерам са Шчучынскага раёна акунуцца ў атмасферу надзвычайнай сітуацыі на інтэрактыўных пляцоўках. Ён нагадаў, што горад — месца павышанай небяспекі, і не варта адцягваць сваю ўвагу на мабільны тэлефон на праезнай частцы. У інтэрактыўным пакоі «Лес» пажылыя людзі маглі пасядзець на пяньках і ўспомніць, як трэба апранацца, адпраўляючыся ў грыбы, як сябе паводзіць падчас навальніцы. Калі ж прыйшоў час успомніць пра пажарную бяспеку, госці паказыталі сабе нервы, выбіраючыся з задымленага пакоя пад «воклічы людзей», якія выдавала калонка ў памяшканні.

А вось пажылыя валанцёры з Воранава ездзяць па школах, сельскіх клубах і тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнай абароны, нагадваючы аб правілах бяспечных паводзін з агнём.

— У нас агульная мова і з малымі, і са старымі, — сказала 78-гадовая Антаніна Мялько. — Мы — яркія і вясёлыя. Але, самае галоўнае, мы не толькі выступаем, а і ў штодзённым жыцці кажам пра гэта сябрам, знаёмым, суседзям, вучым бяспецы ўнукаў.

У Лідскім раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пагаварылі з журналістамі. Так, пенсіянерка Людміла Сямёнава расказала, што ёй сумаваць няма калі, бо ў панядзелак яна на гімнастыцы, у аўторак — на скандынаўскай хадзьбе, у сераду яе чакае фітбол, у чацвер — камп'ютарная адукаванасць, а ў пятніцу — зноў гімнастыка.

— Ну вось калі мне паміраць? Няма калі! Яшчэ столькі паспець трэба, — смяецца Людміла Міхайлаўна. — Мне 84 гады і я ўжо не толькі бабуля, але і восем гадоў у статусе прабабулі. Не адчуваю свае гады. Вось сёння ў нас конкурс прыгажосці сярод дам элегантнага ўзросту. У нас яшчэ ўсё наперадзе, тым больш мы пераехалі ў новы будынак, трэба асвойвацца.

І, сапраўды, гэта не адзіны будынак тэрытарыяльнага цэнтра, усяго ў комплексе ТЦСАН Лідскага раёна іх шэсць.

— Наш пераезд у новы будынак дазволіў палепшыць работу з пажылымі людзьмі, — сказала дырэктар Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Петух. — Мы нашым пенсіянерам аказваем шырокі спектр паслуг. Тут працуе 14 розных аматарскіх аб'яднанняў. Некаторыя наведваюць ажно па некалькі гурткоў. Узрост не замінае пажылым людзям браць удзел у канцэртах, экскурсіях, займацца фізкультурай і танцамі. Робім усё, каб людзям сталага ўзросту было ў нас цікава і ўтульна. Працуем у цесным узаемадзеянні з установамі аховы здароўя, адукацыі, грамадскімі аб'яднаннямі і арганізацыямі.

Дырэктар ТЦСАН таксама адзначыла, што сярод пажылых людзей нямала валанцёраў, якія самі валодаюць рознымі відамі творчасці, рамёстваў і навучаюць майстэрству іншых. У цэнтры сацабслугоўвання пажылыя маюць магчымасць навучацца камп'ютарнай адукаванасці, вывучаць замежныя мовы, займацца на трэнажорах, атрымліваць кваліфікаваную дапамогу псіхолага і іншае. У асобным памяшканні нядаўна з'явілася сучаснае швейнае абсталяванне, у тым ліку вялікі раскройны стол, вязальныя і вышывальная машыны.

У Лідскай раённай бальніцы мы не затрымліваліся ў сувязі з няпростай эпідэмічнай сітуацыяй, затое даведаліся, як наладжана работа эндакрыналагічнай службы паліклінікі ў рамках праекта «Школа цукровага дыябету» для пажылых людзей. Наведвальнікі гэтай школы вучацца правільна харчавацца, даведваюцца пра сакрэты пахудзення і робяць сабе ін'екцыі інсуліну.

У спартыўна-аздараўленчым комплексе «Алімпія» пазнаёміліся з пажылымі людзьмі, якіх прывозяць з розных раённых ТЦСАНаў паплаваць у басейне. Дарэчы, для такіх наведвальнікаў дзейнічае 50-працэнтная зніжка на абанемент, і восем заняткаў на месяц каштуюць для іх усяго дваццаць рублёў.

— Бываю тут два разы на тыдзень. Раней спортам не займалася, працавала эканамістам. Прыходжу сюды з задавальненнем — і не толькі дзеля здароўя, але і па зносіны, — гаворыць 76-гадовая Сафія Курыловіч. — Пасля заняткаў фізкультурай, наведвання басейна адчуваю сябе маладзейшай і больш бадзёрай. Тут у мяне з'явілася шмат сяброў-аднадумцаў.

Намеснік міністра і сам пераканаўся ў тым, што спартыўныя мерапрыемствы збліжаюць людзей любых узростаў. Іван Лаўрыновіч паўдзельнічаў у флэшмобе «Спорт для ўсіх!» разам з жыхарамі Ліды.

У рамках прэс-тура ў Доме культуры Ліды адбылася дыялогавая пляцоўка «Актыўнае даўгалецце як каштоўнасць грамадства». Бакі абмеркавалі пытанні ўдасканалення дзяржаўнай палітыкі ў галіне абароны інтарэсаў пажылых людзей, практыкі стварэння даступнага асяроддзя жыццядзейнасці.

— Мы сабраліся ў Лідскім рэгіёне невыпадкова, ён вялікі (у ім пражывае 135 тысяч жыхароў) і тут мы маем магчымасць назіраць паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё, — сказаў Іван Лаўрыновіч. — Мы на свае вочы пераканаліся, як адказна ставяцца ў раёне да рэалізацыі задач нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце — 2030». Многае, што мы ўбачылі, можна распаўсюдзіць і на ўсю краіну. Дарэчы, налета ў нас запланавана вялікая работа ва ўрадзе па мадэрнізацыі заканадаўства ў сацыяльнай сферы. Будзем арыентавацца на больш індывідуальныя метады і формы работы з пажылымі грамадзянамі, каб ніхто не застаўся ўбаку. Мэта застаецца ранейшай — стварэнне ўмоў для найбольш поўнай і эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу пажылых грамадзян, устойлівага павышэння якасці іх жыцця з дапамогай сістэмнай адаптацыі дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў да праблемы старэння насельніцтва.

Завяршыўся прэс-тур святочным канцэртам, прымеркаваным да Дня пажылых людзей.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.