Вы тут

У Лідскім РУПС расказалі, якімі якасцямі павінны валодаць супрацоўнікі пошты


Менавіта такімі прафесійнымі і чалавечымі якасцямі павінны валодаць супрацоўнікі пошты. Гэта адзначылі прадстаўнікі Іўеўскага ўчастка паштовай сувязі Лідскага РУПС у размове з карэспандэнтам «Звязды».


Надзея Алейнік, спецыяліст па паштовай дзейнасці АПС «Іўе-1»:

— Родам я з горада Масты. А сюды, у Іўе, пераехала на радзіму мужа пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ўніверсітэта. Пасля дэкрэтнага адпачынку ўладкавалася працаваць на пошту і ніводнага разу не пашкадавала. У сістэме паштовай сувязі працую амаль ужо 10 гадоў. Пачынала з простага аператара, а цяпер з'яўляюся спецыялістам па паштовай дзейнасці.

Да новай працы прывыкла хутка, хоць часам было нялёгка, а ў калектыве мяне сустрэлі вельмі добра. Асабліва добрыя словы хачу выказаць Марыне Станіславаўне Венскель, якая і да сёння з'яўляецца начальнікам аддзялення сувязі. Яна і стала маім галоўным настаўнікам, я ёй многім абавязана ў прафесійным плане. Ды і чалавек проста выдатны. Менавіта яна прывіла мне такую прафесійную рысу, як адказнасць. За гэта магла спытаць строга.

Фота: БелТА.

Самая прыемнае ў маёй прафесіі — магчымаць мець зносіны з мноствам людзей, і гэта мне больш за ўсё падабаецца. Лічу, што для прадстаўніка маёй прафесіі неабходныя такія якасці, як камунікабельнасць, дабрыня, спагадлівасць. Калі ў мяне з'яўляецца магчымасць чым-небудзь дапамагчы чалавеку, я адчуваю сапраўднае задавальненне.

Аднойчы я афармляла міжнародную пасылку, калі не памыляюся, у Ірландыю. Усё зрабіла як трэба, і было вельмі прыемна, калі ўдзячны адпраўнік пакінуў на мяне пісьмовую падзяку. Гэта добра, калі людзі шануюць нашу працу, з павагай ставяцца да паштовых работнікаў. Адзначу, што аперацыі, якія мы ажыццяўляем, бываюць розныя. Адны праводзяцца хутка, іншыя займаюць пэўны час. Хацелася б, каб усе нашы кліенты ставіліся да гэтага з паразуменнем, паважалі і нас, і адзін аднаго. Дзякуючы новаму праграмнаму забеспячэнню працоўныя працэсы на пошце апошнім часам паскорыліся, павысілася якасць абслугоўвання.

Хачу дадаць, што калектыў нашага Іўеўскага аддзялення паштовай сувязі дружны. Я з задавальненнем бяру ўдзел у розных грамадскіх мерапрыемствах, напрыклад нядаўна ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах. А яшчэ мне цікава ўдзельнічаць у конкурсах прафесійнага майстэрства, якія праводзяцца ў сістэме РУП «Белпошта».


Валянціна Клімашэўская, паштальён АПС «Іўе-1»:

— Нарадзілася і вырасла я ў Іўі, тут жыву і да сёння. У паштовым аддзяленні я ўжо шэсць гадоў. Да гэтага працавала ў сістэме рытуальных паслуг. Калі прапанавалі ўладкавацца на пошту, доўга не разважала. Прыйшла, напісала заяву і не шкадую аб зробленым выбары.

Не збянтэжыла і тое, што паштальёну ўвесь дзень даводзіцца працаваць на нагах. Выконвала абавязкі старанна і добрасумленна. Толькі вось цяпер пачала адчуваць, што працаваць стала цяжэй. Нічога не зробіш — узрост усё ж адбіваецца. Але ж запал не спадае!

На маім участку ў асноўным дамы шматпавярховыя. Людзі жывуць розныя, і з усімі трэба, што называецца, знайсці агульную мову. З пачатку маёй дзейнасці ў якасці паштальёна было даволі цяжка, некалькі разоў прыходзілі думкі адмовіцца ад такой працы. Але з часам усё нейкім чынам наладзілася, людзі прывыклі да мяне, а я — да іх. І праблемы засталіся ў мінулым.

Добрыя ўспаміны захоўваю аб маёй настаўніцы — паштальёне Ганне Віктараўне Амбражэвіч. Гэта быў чалавек адданы сваёй працы. Нават, дасягнуўшы пенсіённага ўзросту, яна працавала на пошце яшчэ некалькі гадоў. Галоўнае, чаму яна мяне навучыла, — цярпенню. А яшчэ — арганізоўваць падпіску на перыядычныя выданні.

Вельмі падабаецца, што людзі пажылога ўзросту адносяцца да мяне з павагай і нават з любоўю. Яны заўсёды спытаюць пра здароўе, у мароз прапануюць пасядзець пагрэцца. Адносяцца, як гаворыцца, з душой. Ды і я адказваю ім узаемнасцю.

У сям'і ў мяне дзве дачкі. Малодшая вучыцца ў сёмым класе, а старэйшая Алена, што прыемна, пайшла па маіх слядах і таксама працуе паштальёнам. Шчыра прызнацца, я ёй зайздрошчу: яна поўная сіл і энергіі, і асноўны працоўны шлях у яе наперадзе.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.