Вы тут

Страчанае мастацтва ліставання можна пабачыць на выставе ў Гістарычным музеі


Узгадайце, калі апошні раз вы пісалі ліст – не электронны, а звычайнай ручкай на паперы? А калі дасылалі каму-небудзь паштоўку па пошце, а не праз мэсенджар? Безумоўна, развіццё інтэрнэта дазволіла нам у любы момант хутка кантактаваць з кім заўгодна, і цяпер звычайнае ліставанне можна назваць страчанай часткай жыцця. Ці нават страчаным мастацтвам, бо ў лістах – і красамоўства, і разнастайнасць почыркаў, і сапраўдныя, выкрышталізаваныя думкі і пачуцці. Пра гэта задумваешся падчас наведвання часовай выставы «Я Вам пишу...» у Нацыянальным гістарычным музеі.


На часовай экспазіцыі «Я Вам пишу...» можна разгледзець старадаўнія лісты і паштоўкі, пісьмовыя прылады – усяго 1000 рарытэтаў XIX–XX стагоддзяў. Пачынаецца агляд з вітрын, дзе выстаўлены пісьмовыя прылады сярэдзіны-канца ХІХ стагоддзя: металічныя наканечнікі і пер'евыя ручкі, нажы для разразання паперы, чарнільніцы, прэс-папье і прыгожыя арганайзеры для ўладкавання стала. З метала, дрэва ці шкла, з эмаллю, упрыгожаныя розным чынам, гэтыя комплексы прылад для пісьмовага стала выглядаюць прывабна, салідна і нават неяк арыстакратычна. Такую ж прыгажосць і разнастайнасць можна ўбачыць, разглядаючы пер'е і ножычкі для паперы, многія з якіх адразу ў наборы. Яны ўпрыгожаныя разьбой, малюнкамі ці гравіроўкай, некаторыя ў цудоўных футлярчыках. Верагодна, такія рэчы не проста былі зручнымі ў карыстанні, але і дэманстравалі статус уладальніка, і натхнялі яго сваім выглядам.
Тут жа прыцягваюць увагу шчыльна запісаныя паперы: лісты і невялічкія паштоўкі. Не дарма настаўнікі ў школах кажуць, што раней почыркі ў людзей былі лепш: прыгожыя завіткі і хвосцікі, аднолькавы ўхіл і памер літар, роўныя радкі, а калі ўзгадаць, што ўсё гэта яшчэ і пер'ем з чарніламі, якія запроста могуць пакінуць кляксу, відавочна, што такое паведамленне – ужо сапраўдная праца.

Ідзем далей і адкрываем для сябе адны з першых беларускіх паштовак-сувеніраў. Іх дызайн і разнастайнасць, думаю, не моцна саступае сённяшнім. Некаторыя – лаканічныя, нават чорна-белыя, іншыя – каляровыя, а ёсць і такія, дзе гармонікам складзеныя фотаздымкі як быццам ляжаць у заплечніку ці выпадаюць з фотаапарата! На адваротным баку зноў шчыльненькія радкі прывітанняў, апісанне ўражанняў ад горада. Ці часта сустрэнеш гэта сёння?...
Апроч усяго, падчас паступовага агляду экспазіцыі можна прасачыць эвалюцыю пісьмовых прылад: спачатку проста металічныя наканечнікі на птушынае пер'е ці металічныя пер'евыя ручкі, пасля зьяўляюцца ручкі з ёмістасцю для чарніл, яшчэ пазней – аўтаручкі.

Асобную ўвагу заслугоўваюць экспанаты, якія нагадваюць нам пра школу: дзённікі і сшыткі вучняў, а таксама алоўкі і ручкі, якімі яны карысталіся. У тым ліку адносна нядаўняе вынаходніцтва – каляровыя алоўкі (ці можам мы сапраўды ўявіць, якое гэта было шчасце для дзяцей пачатку ХХ ст атрымаць адны з першых каляровых алоўкаў?! Заўважаем і дагэтуль вядомыя маркі, напрыклад, Columbus. Акрамя дзённікаў і сшыткаў, ёсць тут і іншая друкаваная прадукцыя: календары, запісныя кніжкі.

У зале таксама пастаўлена мэбля: пісьмовыя сталы, крэслы і канапы, якія дапамагаюць уявіць сабе кабінет, дзе маглі б выкарыстоўвацца ўсе гэтыя прыналежнасці. Размешчаны тут манекены ў рэпліках касцюмаў мінулых стагоддзяў, аднак яны не надта спрыяюць успрыманню экспазіцыі, да і прыгажосць касцюма адлюстравана недастаткова.

А ў другой зале часовай экспазіцыі можна пагрузіцца ў пераднавагоднюю атмасферу: тут можна паглядзець на святочныя паштоўкі XX стагоддзя. Выстава падрыхтаваная сумесна з РУП «Белпошта». Таму адразу ў зале музея можна набыць рэтра-паштоўку, канверт і марку і даслаць свае віншаванні каму-небудзь, закінуць у спецыяльна ўладкаваны паштовы яшчык. Акрамя таго, усім наведвальнікам выставы адна паштоўка з серыі «Бацькаўшчына» даецца ў якасці невялікага падарунка.


Завітаць на выставу «Я Вам пишу...» у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь можна да 31 студзеня!

Ганна РОВІНА,
фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.