Штогод паштовыя ведамствы краін свету выпускаюць маркі, прысвечаныя жывёлам, якія жывуць у мясцовых лясах, палях і вадаёмах. Хоць цяпер папулярнасць традыцыйных паштовых адпраўленняў у канвертах знізілася, цікавасць да паштовых знакаў застаецца дастаткова высокай. А сярод філатэлістаў анімалістычная тэма — адна з найбольш любімых. Беларуская пошта таксама не абыходзіць увагай прадстаўнікоў флоры і фаўны. Больш падрабязна пра такія айчынныя маркі расказала Алена СВІЛОВІЧ, начальнік аддзела распаўсюджвання маркіраванай і немаркіраванай прадукцыі выдавецкага цэнтра «Марка» РУП «Белпошта».
— Алена Аляксееўна, а якой была першая марка з выявай жывёлы ў найноўшай гісторыі Беларусі?
— Першым паштовым знакам на тэму фаўны стаў квартблок «Птушкі, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі», выпушчаны ў 1994 годзе. Яго да гэтага часу можна набыць у краме «Паштовы салон», размешчанай у мінскім паштамце, усяго за 39 кап. Што ж датычыцца млекакормячых, то першыя чатыры маркі з выявай еўрапейскага бабра выйшлі ў 1995 годзе, і іх таксама можна знайсці ў продажы (62 кап.). Гэта абумоўлена тым, што тыражы першых анімалістычных марак былі вельмі вялікія. Напрыклад, выпуск квартблока з птушкамі — больш за мільён штук, а з бабрамі — па 500 тыс. кожны. Для параўнання: сёння мы выпускаем тыражы не больш за 40–48 тыс.
Як правіла, палова тыражу кожнага выпуску рэалізуецца ў першы год выдання. Маркі разыходзяцца як па Беларусі, так і за мяжу. Частка тыражу выкарыстоўваецца для фарміравання набораў. Маркі з выявай жывёл і раслін можна набыць як цэлым наборам, так і па асобку.
— Ці шмат такіх марак выпушчана?
— З паўтары тысячы марак, якія былі выпушчаныя за 31 год, каля 300 прысвечаны флоры і фауне. Знакі паштовай аплаты выпускаюцца невялікімі марачнымі лістамі па 6-7 штук. Але не ўсе мастацкія маркі лёгка набыць, ёсць і дэфіцытныя. Іх можна знайсці толькі ў філатэлістаў або праз наш камісійны гандаль.
— Як я разумею, у паштовых аддзяленнях такія маркі звычайна не заляжваюцца?
— Для філатэлістаў важна купіць марку ў дзень выпуску, так бы мовіць, у яе дзень нараджэння. Сэнс у тым, каб сабраць увесь камплект: канверт першага дня і марку, пагашаную штэмпелем з той жа датай. Таму максімальныя продажы — у дзень выпуску ў абарачэнне. А потым, у большай меры, маркі прадаюцца як сродкі аплаты паслуг паштовай сувязі па перасылцы пісьмовай карэспандэнцыі.
У цяперашні час актыўна развіваецца рух «посткросінг». Яго ўдзельнікі таксама любяць прыходзіць у першы дзень гашэння і адпраўляць паштоўкі з унікальнымі маркамі.
Посткросінг — рух, які быў створаны для абмену паштоўкамі з дапамогай рэальнай пошты па ўсім свеце.
Для прыцягнення ўвагі да паштовых знакаў, асабліва сярод маладога пакалення, вырабляецца сувенірная прадукцыя па сюжэтах раней выпушчаных марак. Копіі анімалістычных карцін з марак можна ўбачыць на магнітах, кружках, календарах і т. д. Мы ўсімі сіламі імкнемся папулярызаваць нашы работы.
— Ці можна назваць самую запатрабаваную марку з анімалістычным малюнкам з тых, якія выпушчаны раней?
— Мабыць, не. Тэма дастаткова папулярная як сярод айчынных, так і замежных філатэлістаў. Попыт і прапанова пакуль ураўнаважаны. Усе нашы маркі якасныя і прыгожыя, вылучыць нейкую адну складана. Магчыма, з часам, статут унікальнай і з’явіцца, але не сёння.
— Ці карыстаюцца беларускія маркі папулярнасцю за мяжой?
— Попыт ёсць заўсёды. Як паказвае сусветная практыка, хоць калекцыянаванне марак цяпер ужо не такое папулярнае, як раней, аматараў-філатэлістаў нямала. Штогод мы адпраўляем нашу прадукцыю ў 60 краін свету. Да таго ж мы штогод удзельнічаем у профільных міжнародных выставах. Так што пра беларускія маркі ў свеце ведаюць і іх шануюць.
— Намаляваць мініятурны малюнак вельмі няпроста. Не кожны мастак-прафесіянал возьмецца за такую працу. А хто ж аўтар беларускіх анімалістычных марак?
— Над стварэннем арыгінал-макетаў працуюць дызайнеры, спецыялісты нашага прадпрыемства. Пры неабходнасці прывабліваем таленавітых мастакоў. Адзін з іх — Аляксандр Міцянін. Ён сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Дарэчы, у яго дыплом біёлага, і гэтыя веды дапамагаюць яму рэалістычна адлюстроўваць свет прыроды. Першая марка, якую ён намаляваў, выйшла ў сакавіку 2003 гады. З таго часу, вось ужо 20 гадоў, мы плённа супрацоўнічаем. Амаль 30 % такіх макетаў выканана менавіта Аляксандрам. Ён малюе, а дызайнеры ўжо даводзяць да фінальнай стадыі гатовыя маркі. Дарэчы, у «Паштовым салоне» размешчана экспазіцыя з яго работамі.
Таксама з намі супрацоўнічае мастак Таццяна Дольская. Ад яе акварэльных малюнкаў немагчыма адвесці позірк. А апошнія тры гады мы адкрылі для сябе талент мастака-ілюстратара Віктара Чайчука. Нядаўна выйшлі дзіцячыя маркі серыі «Прафесіі», якія выканаў ён. Адна з іх прысвечана супрацоўніку пошты — паштальёну.
— Часта выпуск пэўных марак прымеркаваны да якіх-небудзь значных падзей. Анімалістычныя — не выключэнне?
— Прырода — адно з галоўных багаццяў нашай краіны, таму мы штогод выдаём тэматычныя маркі і, сапраўды, нярэдка да якіх-небудзь юбілейных дат або асаблівых падзей. Але гэта не абавязкова. Выявы Бярэзінскага біясфернага запаведніка, Налібоцкай і Белавежскай пушчаў, іншых нацыянальных паркаў, розных жывёл і раслін — усе яны цалкам самадастатковыя і прыгожыя. Іншая справа, што выдаючы маркі, напрыклад, з чырванакніжнымі відамі, мы спадзяемся такім чынам звярнуць увагу на наяўныя праблемы са знікаючымі жывёламі і раслінамі. І гэта наш уклад у захаванне біяразнастайнасці.
— Чым жа ў найбліжэйшы час Белпошта парадуе аматараў жывёл?
— Сёлета ў нас ужо было некалькі яркіх праектаў: «Асаблівасці вадаплаўных птушак», «Інвазіўныя віды флоры і фауны», блок «Нацыянальны парк «Нарачанскі». А яшчэ запланаваны выпуск на тэму «Птушкі — зімовыя госці Беларусі». Будзе спецштэмпель (памятны штэмпель для спецыяльнага гашэння. — Заўв. рэд.), 4 маркі і канверт першага дня.
Планамі на 2024 год прадугледжана серыя дзіцячай філатэліі «Дзіцяняты хатніх жывёл» (4 маркі). Таксама ў калекцыі мастацкіх марак з’явяцца дзве з зубрам, дзве з серыі «Птушкі Беларусі. Врановыя» і іншыя цікавыя паштовыя праекты. Так што філатэлістам будзе чым папоўніць свае калекцыі.
Паліна ТОЛКАЧ
Фота аўтара, belpost.by
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.