Вы тут

Промні братэрства: Мікола МЯТЛІЦКІ як перакладчык


Беларусь заўжды прыязна адкрывала дзверы для іншых літаратур. Улічваючы маладосць нашага беларускага прыгожага пісьменства, уражвае той факт, што, напрыклад, кітайскае мастацкае слова загучала па-беларуску яшчэ на старонках «Нашай нівы» у пачатку XX стагоддзя.


Росквіт перакладчыцкай работы прыходзіцца на 1930-ыя гады... Паяднанне пісьменнікаў Савецкай краіны ў адзіную творчую супольнасць, правядзенне ў Мінску ў 1936 годзе сур’ёзнага пленума Саюза савецкіх пісьменнікаў, прысвечанага паэзіі, святкаванне юбілеяў класікаў нацыянальных літаратур, паездкі беларускіх літаратараў па рэспубліках Савецкага Саюза, краінах Еўропы — усё разам гэта і спрыяла развіццю літаратурных стасункаў, падштурхоўвала да перакладчыцкіх намаганняў. А яшчэ многімі майстрамі слова кіравала жаданне пашыраць прастору беларускасці, уводзіць у нашу моўную стыхію іншаземныя багацці. Успомнім, як прачула і ўзнёсла ставіўся да паэзіі Тараса Шаўчэнкі Максім Багдановіч. А засваенне беларусамі глыбінных, сутнасных праяваў славянскай еднасці з «Слова пра паход Ігаравы»... Над гэтым рупіліся Янка Купала, Рыгор Барадулін, Яўген Крупенька... На перакладчыцкай ніве, пераўвасабляючы паэзію славянскімх народаў, надзвычай праявілі сябе Аркадзь Куляшоў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін. У бліжэйшыя да нас дзесяцігоддзі — Казімір Камейша, Віктар Гардзей, Міхась Пазнякоў.

Вось і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі шмат сіл і старанняў у нашы дні аддае перакладчыцкай рабоце. Гэта відаць па многіх публікацыях у часопісе «Полымя», газеце «Літаратура і мастацтва», у альманаху «Далягляды». Першы пераклад Міколы Мятліцкага — верш легендарнага дагестанскага аварскага паэта Расула Гамзатава «Жаночая ноша» быў надрукаваны яшчэ ў 1973 годзе. Болей чатырох дзесяцігоддзяў аддадзены на тое, каб пазнаёміць беларускага чытача з паэзіяй самых розных творцаў Азербайджана, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, В’етнама, Грузіі, Індыі, Іспаніі, Казахстана, Канады, Кітая, Кубы, Латвіі, Паўднёвай Асеціі, Польшчы, Сербіі, Славакіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Украіны, Чарнагорыі, Чылі, Расіі, асобных рэгіёнаў Расіі — Дагестана, Кабардзіна-Балкарыі, Удмурціі, Чувашыі. Імёны асобных паэтаў добра вядомы і ў перакладах на рускую мову, якая шмат у чым служыць мастком да беларускага гучання.

Спрыяе такой актыўнасці ў знаёмстве з мастацкімі здабыткамі іншых краін і ўжо традыцыйны творчы праект Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюза пісьменнікаў Беларусі, часопіса «Нёман» і рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і Мастацтва», — штогадовы «круглы стол» беларускіх літаратараў і замежных пісьменнікаў, якім заўжды адкрываецца Дзень беларускага пісьменства. Праект, зарыентаваны на паразуменне розных культур і літаратур. У Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Быхаў, Заслаўль, Полацк, Іванава, Слонім, іншыя гарады наведаліся паэты, празаікі з Расіі — Вячаслаў Купрыянаў, Іван Галубнічы, Кацярына Палянская, Аляксандр Лівергант, Вячаслаў Ар-Сяргі, Роберт Мінулін, Рэнат Харыс, Вадзім Дулепаў, Юрый Лошчыц, Аляксандр Кажадуб, Валерый Казакоў, Літвы — Яронімас Лауцюс, Таджыкістана — Ато Хамдам, Казахстана — Валерый Міхайлаў, Любоў Шашкова, Чарнагорыі — Слабадан Вуканавіч, Польшчы — Войцех Пестка, Балгарыі — Майя Длгчава, Сербіі — Слабадан Гаурылавіч, Нівена Вітошавіч, Прэдраг Кіюк... Сустрэчы з імі, абмеркаванне самых надзённых праблем — тая аснова, што збліжае пісьменнікаў у агульным клопаце пра развіццё сусветнай культуры, мастацтва, сцвярджэнне ідэалаў дабра, сацыяльнай справядлівасці, умацаванне гуманістычнага светапогляду. Сустрэчы перарастаюць у сяброўства. Гэта відаць і па старонках літаратурна-мастацкіх выданняў «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Літаратура і мастацтва», па тым, якую ўвагу надае айчыннае кнігавыданне літаратурам іншых краін.

У зборніку перакладаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага «Лучнасць», у яго кнігах перакладаў «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая», «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Паэты Кітая XX стагоддзя» мне бачыцца цэлая праграма, разлічаная на будучыню і ў яго асабістай творчай працы.

Напрыклад, кнігу «Лучнасць» адкрывае падборка вершаў паэтаў народаў СССР, якія прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Напісаныя ў далёкія ад нас гады, і зараз гэтыя творы ўражваюць глыбінным асэнсаваннем еднасці людзей розных нацыянальнасцяў, разуменнем таго, якая цана ў справядлівасці і спагады, чуласці і светласці. Вершы, якія ўславілі Вялікую Перамогу і адкрылі свету вялікі боль, яны яшчэ доўга будуць хваляваць Чалавека Сапраўднага. Упоравень з гэтымі імёнамі — і імя народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі, франтавіка і сумленнейшага літаратара. Раздзелы з перакладамі расійскіх, таджыкскіх, азербайджанскіх, славацкіх аўтараў, відавочна, у блізкім часе стануць асобнымі кнігамі. Не выклікае ніякіх сумненняў і тое, што энергічная ўвага Міколы Мятліцкага да шырокага паэтычнага Сусвету пераконвае і іншых беларускіх паэтаў у неабходнасці шырокага дыялогу з літаратурамі і народамі, краінамі, дзяржавамі, кантынентамі... А значыць можна смела гаварыць і пра вартасці і значнасць не толькі народнай, але і літаратурнай, культурнай дыпламатыі.

Асобная старонка ў перакладчыцкай працы Міколы Мятліцкага (дарэчы, за кнігу «Пад крыламі Дракона...» ён адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) — увага да кітайскай паэзіі. Дзесяткі новых імёнаў класікаў кітайскай паэзіі дзякуючы намаганням шчырага рупліўца на ніве перакладчыцкай справы загучалі ў кантэксце беларускага мастацкага свету. Акрамя згаданых анталагічных выданняў кітайскай паэзіі Мікалай Міхайлавіч пераўвасобіў на беларускую мову і ёмісты том паэзіі геніяльнага кітайскага паэта XX стагоддзя Ай Ціна — «Гімн святлу». Шкада, што беларуская крытыка мала, зусім рэдка піша пра такі высокі перакладчыцкі плён...

Яшчэ адзін накірунак перакладчыцкай работы Міколы Мятліцкага — серыя кніг «Сябрына: паэзія народаў Расіі». У адным шэрагу — кнігі чувашскіх паэтаў Мішы Сеспеля, Валеры Тургая, народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна. Здадзена ў друкарню кніга народнага паэта Чувашыі Юрыя Семендэра. А зусім нядаўна Мікола Мятліцкі завершыў працу над перакладам і складаннем анталогіі сучаснай в’етнамскай паэзіі.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.