Вы тут

Сакавік з вадой, красавік з травой...


Казкі, апавяданні, вершы, прысвечаныя вясенняй пары года, паяднаны ў адной кніжачцы, адрасаванай юным чытачам, — «Вясна-чараўніца». Гэтым выданнем, наклад якога склаў 1500 асобнікаў, выдавецтва «Мастацкая літаратура» адкрыла новую, сапраўды захапляльную і пазнавальную серыю — «Пачытайчык».


Прыгожае мастацкае афармленне, сучасны дызайн (над ім рупілася мастачка і кніжны дызайнер Кацярына Пігуль), магчымасць наладжваць своеасаблівы дыялог укладальніка Наталлі Арцёмавай і аўтараў з чытачамі вымалёўваюць новае аблічча твораў, якія ўвайшлі ў кнігу «Вясна-Чараўніца». Напісаныя ў розныя гады, ужо раней надрукаваныя ў аўтарскіх кнігах і ў розных чытанках, яны гучаць неяк па-новаму, становяцца болей прыцягальнымі. Пад адной вокладкай — вершы Міколы Чарняўскага «Сакавік», «Красавік», «Травень», Міколы Мятліцкага «Гром», Міколы Маляўкі «Вішнёвае воблачка», апавяданні і казкі Лёлі Багдановіч («Завушніцы для бярозкі»), Кацярыны Хадасевіч-Лісавой («Пра Васілінку і загадкавага вандроўніка»), Паўла Ткачова («Ласяня»), Таццяны Дамаронак («Цёплыя пакрывалы вясны»). Як правіла, знаёмства з мастацкімі тэкстамі суправаджаецца тлумачэннямі для чытачоў. У маленькіх раздзельчыках-пасляслоўях «Ведаеш адказ» ёсць і пытанне і адказ на яго. Напрыклад — пасля прачытання казкі Кацярыны ХадасевічЛісавой і такі кароткі тэкст выглядае добрым і вартым дадаткам: «Як думаеш, чаму снегавік растаў? Уся справа ў тым, што снег растае пры 0 градусаў. Такая тэмпература часцей за ўсё ў канцы зімы і ў пачатку вясны».

Знайшлося ў зборніку месца і прыказкам, прымаўкам: «Маці-вясна ўсім падорыць цяпла»; «Сакавік з вадой, красавік з травой, а май з кветкамі»; «Дождж сярод мая хлеб да неба ўздымае»... Знаёмства з народнай творчасцю ўзбагачае нашу мову, робіць наш уласны запас родных словаў багацейшым.

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» расказалі, што падобнага характару зборнікі будуць прысвечаны і іншым часінам года — лету, восені, зіме. Ужо па кнізе «Вясна-чараўніца» можна меркаваць, што беларуская прыродазнаўчая літратура з году ў год багацее, становіцца болей прывабнай для самых юных чытачоў.

Кнігі серыі «Пачытайчык» можна знайсці ў кнгігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне і ў кнігарні «Акадэмкніга» у Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. Раім юным чытачам і іх бацькам не абмінуць гэтыя выданні! 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.