Вы тут

«Далягляды» прадстаўляюць Кітай


У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтаваны да друку альманах перакладаў з літаратур народаў свету — «Далягляды’24». Пад адной вокладкай — творы пісьменнікаў Азербайджана, Арменіі, Бангладэш, В’етнама, Ірана, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Мальты, Манголіі, Пакістана, Расіі, Сербіі, Сірыі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана. 


«Кітайскія старонкі» — знаёмства з маладой паэзіяй Паднябеснай. Аўтары, творы якіх пераўвасобіла на беларускую мову Людміла Рублеўская, — Ло Хэсіцзы, Чэнь Шуаюй, Цай Цзысінь, Ма Дучуань, Фу Сіньпін, Ян Мэнтун, У Юйцзян, У Чжэнь, Тан Шыюэ, Цянь Сіньцзэ, Лю Цзофу, Сюэ Цзіна, Лі Юйчэнь, І Хунжуй, Чжан Шаовэй, Чжао Юйчэнь, Лі Сіньчжэ, Ван Ін, Чжан Цянь, Чжан Вэй Лун, Лінь Вэйюань, Чжан Вэй Лун, Жэнь Канчжун, Хуан Лін, Ван Шо, Лю Чжаоцянь, Гу Фэнмінь, Лі Вэньжуй, Ван Кэ, Чжан Хэнюй. 

Самыя розныя тэмы ўздымаюць у сваіх лірычных творах юныя таленты. Вось што сцвярджае Тан Шыюэ: 

На фоне аблокаў цячэ час.

Сэрца б’ецца ў такт яго плыні.

Кніга — душа, што бачыць лёсы спеваў 

І пакідае след у нашай памяці.

Кветка — сімвал тых,

Хто праімчаўся побач, 

Пакінуўшы след на гэтай зямлі.

Час — ён часта здаецца кароткім.

Але людзі жывуць

Са сваім зямным каханнем. 

Воблака пераносіць 

Кропелькі дажджу,

Але для мяне яно заўсёды сімвал неба.

Усе гэтыя рэчы ніколі не знікнуць,

Яны будуць са мной заўсёды,

Нават калі жыццё будзе заходзіць,

Як сонца

А І Хунжуй разважае над тым, што такое — сапраўдная паэзія: «Што такое паэзія?/ Гэта ўзгорак, што сустракае світанне./ Гэта дарога, што вядзе да мэты./ Гэта камень, што ляжыць на сэрцы./ Гэта птушка, што пяе пра неба. /Гэта зорка, што свеціць у цемры./ Паэзія — гэта жыццё ў словах, / Гэта душа ў гуках і фарбах./ Гэта жарынка, што запальвае агмень./ Гэта мара, што не дае заснуць...» 

Варта заўважыць, што ўсе аўтары адмысловага паэтычнага «кітайскага сшытка» — студэнты 3-га курса факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

У падрыхтаваным да друку чарговым выпуску альманаха «Далягляды» змешчаны і гутарка з кітайскім перакладчыкам беларускай літаратуры доктарам філалагічных навук Хань Сяае «Мастацкі пераклад адкрывае новыя прасторы...» Вось што заўважае кітайскі перакладчык і літаратуразнаўца напрыканцы размовы: «Сённяшні свет узаемазвязаны, і ў людзей кожнай краіны ёсць жаданне спасцігнуць іншую краіну. Літаратурная творчасць і аповеды пра радзіму таго ці іншага пісьменніка — найбольш эфектыўныя механізмы для таго, каб людзі іншай нацыі, іншай краіны адкрывалі невядомы дагэтуль свет. Я спадзяюся, што вы здолееце выкарыстаць свой розум, глыбокія веды і залатую ручку для напісання яшчэ болей выдатных прац! Многія кітайскія перакладчыкі і я таксама заўсёды з нецярпеннем чакаем выхаду вашых выдатных перакладчыцкіх твораў. Мы гатовы вам дапамагчы ў перакладзе твораў беларускай літаратуры для шырокага чытача ў Кітаі!..»

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.