Вы тут

Вас, як нiхто, чакае мама


Сёння, гатуючы сняданак, пачула па радыё ў шэрагу навiн пра мерапрыемствы Тыдня мацi. «А i праўда — падумалася — хутка ж кастрычнiцкi Дзень мацi». У маiм школьным дзяцiнстве гэтага свята яшчэ не было. У вёсках 14-га адзначалi як Пакровы. А яшчэ гэта дзень нараджэння маёй мамы.


Праўда, сама яна нiяк яго не адзначала, наогул гэтую тэму не любiла. Бо нарадзiлася яшчэ перад вайной, а ў вайну дакументы згубiлiся. Калi iх аднаўлялi, чамусьцi запiсалi яе як народжаную ў лютым. Ды бабуля казала, што нарадзiлася яе дачка на Пакровы. Маму мы заўсёды вiншавалi  8 Сакавiка, i гэты дзень у савецкi час сапраўды быў днём мацi.

Але кожную восень мама ўспамiнаецца неяк па-асаблiваму —  не ведаю нават, чаму. Можа, таму, што ўсе значныя падзеi ў маiм жыццi здаралiся восенню, пачынаючы з ад'езду на вучобу пасля паступлення на журфак. Потым —  работа, i колькi яе даводзiлася мяняць у жыццi, усё прыпадала на восень. I заўсёды ж пры гэтым прыязджаеш да мамы, расказваеш. А яна маўчыць, спадзяецца, што я сама прыму найбольш правiльнае рашэнне. Толькi адзiн раз сказала: «Глядзi, як табе лепей, толькi май на ўвазе, што на адным месцы i камень мохам абрастае». Цяпер я дакладна ведаю, што мацi —  адзiны чалавек на зямлi, якi думае пра нас лепей, чым мы таго вартыя. Астатнiя, як правiла, ставяцца крытычна.

I вось гэтай апоры нам потым вельмi не хапае, калi мама сыходзiць у лепшы свет. Не ўзнагароды, не дасягненнi, не прызнанне якiх-небудзь заслуг, а шчырая вера ў тваю асаблiвасць, тваю людскасць, i адчуванне, што цябе чакаюць, — здольныя даваць сiлы. Таму, вiдаць, i цягне нас у родны дом з любых краёў, асаблiва калi стамляешся, калi на душы становiцца цяжка.

...Мама чакала заўсёды. Па прывычцы кожны дзень старалася ўбачыць аўтобус з горада, якi праходзiць у нас тры разы на дзень. Хоць дзень прыезду заўсёды ведала дакладна (ёсць жа для гэтага тэлефоны), прытым што жыву я даволi далёка ад дома, сюрпрызаў не бывала. Але за многiя гады аўтобус стаў для бацькоў прыемным атрыбутам жыцця, бо прывозiў дадому спачатку сястру, а потым мяне. I нават калi ўжо з'явiлiся свае машыны, яны з бацькам выглядвалi на дарогу, нiбы звяралi гадзiннiк па аўтобусе з райцэнтра.

Яшчэ адзiн з самых яркiх успамiнаў, што прыходзяць восенню: снег на жоўта-чырвоным лiсцi. Гэта было ў той год, як мае дзецi пайшлi ў першы клас. У першакласнiкаў, здаецца, канiкулы крыху раней за iншых. Словам, дзецi папрасiлiся да бабулi, бо да гэтага правялi там усё лета, i не адно. Я адвезла iх амаль такiмi ж сонечнымi днямi, якiя стаяць цяпер, адвезла ў дэмiсезонных куртках, лёгкiм абутку. А за тыдзень канiкул надвор'е памянялася рэзка, выпаў снег. Давялося тэрмiнова збiраць цёплую вопратку, выбiрацца ў дарогу. Прыехала тады ранкам, першым аўтобусам —  дзецi яшчэ спалi. Калi аўтобус спынiўся насупраць дома, ужо выглянула сонца, а дарога, усыпаная стракатымi лiстамi ўперамешку з белым снегам, выглядала такой прыгожай, што, здавалася, нiчога больш яркага, урачыстага ў жыццi не даводзiлася бачыць. Ля веснiц стаяла мама, вiдаць, пiльнавала аўтобус. I такi лагодны спакой агарнуў душу, якi нават няма з чым параўнаць; так добра стала, што адчуванне тое паўстае да гэтай пары, нават не ў галаве, а недзе ў грудзях. Адчуванне восенi, мамы, роднага дому... Дзецi яшчэ спалi, а iх ложкi бацькi тады перанеслi з пакоя ў спальню, блiжэй да печкi.

Тое лiсце i маму на снежным двары згадваю цяпер заўсёды, калi прыязджаю дадому i ў любую пару: вясной, летам, восенню. I тады, калi дакараю сябе, што не параiлася з мамай пра многае, пра многае не пагаварыла. I тады, калi мае дзецi праходзяць нейкiя важныя ў сваiм жыццi этапы.

Восень —  сапраўды нейкая мацярынская пара. Бо з яе надыходам мамы пачынаюць перажываць за дзяцей, якiх толькi адвялi ў першы клас, ды i ва ўсе наступныя. Асаблiва непакояцца за студэнтаў, калi тыя паехалi на вучобу ў iншыя гарады. Тэлефануюць маладым спецыялiстам, якiя прыступiлi да работы акурат перад пачаткам восенi. Не спяць начамi, калi правялi сыноў на службу ў армiю.

Даўно ўжо давялося да Дня мацi расказваць у газеце пра вясковую шматдзетную сям'ю Неваднiчыкаў. Iх старэйшая дачка Наталля напiсала верш у падарунак маме. У iм ёсць радкi:

Як вы паехалi вучыцца —

Няхай штоноч вам мацi снiцца.

Вас, як нiхто, чакае мама,

Маўклiвы бацька —  ён таксама.

Не забывайце дом свой родны,

Заўсёды ветлы i лагодны.

Можа, тая дзяўчынка ўжо i сама мама. I спадзяюся, яе мацi кожны раз з радасцю сустракае дачку на парозе дома.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Прэв’ю: stihi.ru

Выбар рэдакцыі

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

Культура

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў забіты ў ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў забіты ў ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Грамадства

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Даслоўна англійскае слова «чайлдфры» перакладаецца як «свабодныя ад дзяцей». 

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.