Вы тут

У Мінску адкрылася выстава сучаснага мастацтва. Ці не зусім сучаснага?


Трыенале чарговы раз сабрала творы, якія прайшлі адбор конкурса «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва», — арганізатары звязалі выставу з юбілеем авангарднай суполкі УНОВИС, але крок гэты здаўся даволі недальнабачным. Усё ж сто гадоў таму ўнавісаўцы на чале з Казімірам Малевічам стваралі рэвалюцыйнае мастацтва, а сёлетняе Трыенале на гэтым фоне выглядае анахранічным зборам выпадковых работ.


Выстава адкрылася 22 ліпеня ў Палацы мастацтва — гісторыя конкурсу вядзецца з 2012 года, калі яго галоўнай мэтай называлася прадстаўленне сучаснага беларускага мастацтва ва ўсёй яго разнастайнасці. Зрэшты, задачы памяняліся: цяпер, кажуць, прэмія перш за ўсё адраджае і развівае традыцыі і дасягненні — пэўна, таму ў зале Палаца побач са, скажам, адпаведным часу арт-аб'ектам «Белы шум» Таццяны Маклецавай і Святланы Баранкоўскай, які таксама абыгрывае традыцыю, але робіць гэта належнымі метадамі, вісіць падобная на вялікае палатно рускага рэалізму карціна Мікалая Апіока «Усяслаў Чарадзей».

Нацыянальная скіраванасць становіцца лейтматывам экспазіцыі, а зварот да беларускай мінуўшчыны — здавалася б, па азначэнні прыгожы, хоць і бяззубы кірунак, да таго ж ён нейкім чынам аб'ядноўвае ўдзельнікаў. Тым не менш крытэрый сучаснасці — паводле якасці, а не часу стварэння — варта было б, калі ўжо «назваліся груздом», захаваць таксама, а ён тут яўна адыходзіць на другі план. Значыць, альбо беларускае сучаснае мастацтва такое сумнае, альбо арганізацыя выставы не дазваляе зрабіць экспазіцыю сапраўдным аглядам актуальных аўтараў.

У гэтым выпадку лепш мець на ўвазе механізм складання экспазіцыі: Трыенале ўсё ж фарміруецца з заявак, а з іх адборачная камісія паводле пэўных крытэрыяў вылучае будучых удзельнікаў, што змогуць пазмагацца за перамогу і ўрэшце атрымаць грашовую прэмію, дыплом лаўрэата і спецыяльны прыз. Такім чынам, невядома, на якім этапе названы лейтматыў пачаў выстройвацца: магчыма, нашы мастакі павальна пішуць Сапег, але хутчэй за ўсё камісія зрабіла сваім арыенцірам канкрэтную тэму, якая ў гэтым выпадку яўна цясніць мадэрновасць.

Сёлета на конкурс было пададзена 358 заявак, а з іх былі адабраны 92 работы. У час працы выставы як завяршальнага этапу «Нацыянальнай прэміі» — яна будзе адкрыта да 7 жніўня — адмысловае журы вызначыць пераможцаў у дзесяці намінацыях — «Жывапіс», «Графіка», «Скульптура», «Дызайн», «Актуальнае мастацтва», «Мастацкая фатаграфія», «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Мастацтвазнаўства і крытыка», «Творчы дэбют». Старшынёй журы стаў прадстаўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Валерый Жук, а ў яго склад увайшлі, напрыклад, старшыня Саюза дызайнераў Зміцер Сурскі, супрацоўнік музея-майстэрні Заіра Азгура Уладзімір Парфянок, Святлана Строгіна з музея Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, дырэктар Цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, Надзея Усава зноў жа з мастацкага музея, мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч, прафесары Валерый Славук і Уладзімір Слабодчыкаў — большасць членаў журы несумненна з заслугамі, а вось вольнага абыходжання з паняццем contemporary ім не прыпішаш.

Не так даўно на гэтай жа пляцоўцы, якраз у неспрыяльны час пустых залаў праз каранавірус, прайшла выстава «Шляхі нямецкага мастацтва з 1949 года да сённяшняга дня» — параўнанне напрошваецца само сабой: нават гэтая экспазіцыя выглядае больш прагрэсіўнай за збор адборачнай камісіі конкурсу.

Тым не менш выстаўленыя творы — хоць і ў большасці нудныя, але ўсё яшчэ знакі беларускай сучаснасці, сярод якіх эстэтычным выратавальнікам служыць графіка, прадстаўлены вынаходлівыя работы кшталту «Спадчыны» Дар'і Сямчук, што бярэ за аснову даматканую сукенку з вышыўкай і паказвае закручаны на ёй трохчасткавы праект; прыгожа на фоне больш традыцыйных формаў глядзяцца некаторыя арт-аб'екты.

Залы Палаца ведаюць і больш актуальныя і ўдалыя, таксама ў сэнсе разнастайнасці, экспазіцыі кшталту Восеньскага салона: на Трыенале сталы наведвальнік айчынных выставачных прастор адчуе падвох, маўляў, сучаснае беларускае мастацтва насамрэч больш сучаснае, я бачыў. Тады становіцца цікава, наколькі журы здолее вылучыць сярод удзельнікаў тых, хто не толькі прафесійна наносіць мазкі на палотны, але і рухае арт-прастору наперад.

Трыенале і конкурс «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва» арганізаваныя Міністэрствам культуры, Мінскім гарадскім і абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Нацыянальным гістарычным музеем.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Няновае новае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.