Вы тут

Валянцін Елізар'еў: Нам трэба, каб тут працавалі свае людзі, зацікаўленыя ў развіцці тэатра


Вялікі падрыхтаваў прэм'еры і сышоў у адпачынак, а білеты на новыя оперы і балеты тым часам ужо ў продажы. Калі тэатр апусцеў, мы прыйшлі ў яго сцішэлыя сцены, каб сустрэцца з мэтрам — мастацкім кіраўніком нашага Вялікага Валянцінам Елізар'евым, чалавекам, што нарадзіўся на азербайджанскай зямлі, вучыўся на расійскай, а працуе на беларускай. Вядомы харэограф вярнуўся ў тэатр, дзе ўжо ў 26 гадоў стаў галоўным балетмайстарам, амаль два гады таму пасля крыўднай працяглай паўзы, справакаванай канфліктам з Міністэрствам культуры. Валянцін Мікалаевіч кажа, што ад гэтага разрыву страціў і ён сам, і тэатр, і пасля вяртання заняўся, напрыклад, новымі аўтарскімі рэдакцыямі сваіх колішніх пастановак — зрэшты, пра гэта, а таксама пра каранавірус у Вялікім, музейную якасць балета і жанчын, якія плачуць на спектаклях, апавядаецца ў нашым інтэрв'ю.


— Каранавірус усіх прымусіў пад сябе падладзіцца. Акрамя тэхнічных перамен у рабоце тэатра, як калектыў пачувае сябе ў маральным плане?

— Цяжка: артысты і спяваюць, і танцуюць у масках, мы засумавалі па рабоце і публіцы, шмат творчага часу страчана — яго проста шкада. Вельмі спадзяюся, усё гэта хутка скончыцца, з'явіцца вакцына і мы пачнём актыўна працаваць, хоць, напэўна, вярнуць публіку будзе няпроста: людзі напалоханыя, баяцца сядзець блізка адно да аднаго, а вы ведаеце, як у залах размешчаны крэслы. Тым не менш мы рыхтуем некалькі прэм'ер: у пачатку сезона тэатр пакажа оперу «Вілісы. Фатум» Джакома Пучыні і балет на музыку Эдварда Грыга «Пер Гюнт», у кастрычніку выйдзе мая новая аўтарская рэдакцыя «Шчаўкунка», якога не было ў рэпертуары некалькі гадоў, потым — опера «Фауст» Шарля Гуно, год скончыцца каляднай операй «Пінокіа» Глорыі Бруні. Адразу пасля новага года плануецца прэм'ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана, потым выйдзе мая пастаноўка «Лебядзінага возера», а перад «Балетным летам» — новая версія балета «Чыпаліна» Карэна Хачатурана. Гэта вялікая нагрузка, але калі з'явіцца хоць намёк на другую хвалю каранавіруса, план, вядома, акажацца несапраўдным.

— Раскажыце пра канцэрт для ўрачоў, запланаваны на 30 жніўня.

— Ён пройдзе перад тэатрам каля фантана: на лесвіцы размесцяцца салісты, сімфанічны аркестр, хор, дзіцячая студыя тэатра і выканаюць кантату «Карміна Бурана» Карла Орфа. Гэта добраахвотная і свабодная для наведвання акцыя тэатра: мы прысвячаем яе людзям, якія гераічна займаюцца здароўем суайчыннікаў.

— Вы рыхтуеце новую аўтарскую рэдакцыю «Шчаўкунка», якога ўпершыню паставілі ў 1982-м. Балет за гэты час змяніўся: як пераўтворыцца «Шчаўкунок» і ці можна было б сёння паказаць яго ў ранейшым выглядзе?

— Спектакль у той рэдакцыі прайшоў на сцэне больш за восемсот разоў — гэта вялікая лічба для тэатра, які паказвае адну пастаноўку ў дзень. Са «Шчаўкунком» мы праехалі ўсю Еўропу, вазілі яго ў Кітай, Тайланд, Японію, ён пратрымаўся каля дваццаці пяці гадоў, а можа, і больш, на абсалютных аншлагах. Думаю, калі ўспомніць тую версію, залы будуць таксама перапоўненыя — спектакль любяць і дзеці, і дарослыя, і людзі сталага веку. Гэта як «Лебядзінае возера» — колькі разоў ні паказвай, зала будзе поўная. Шкада, што Чайкоўскі напісаў усяго тры балеты — я з іх у гэтым тэатры ставіў «Спячую прыгажуню» і «Шчаўкунка». «Спячая» пакуль трымаецца ў ранейшым выглядзе — напэўна, я да яе таксама звярнуся ў бліжэйшыя гады,— а «Шчаўкунок» ужо меў патрэбу ў сур'ёзным аўтарскім абнаўленні.

— Опера і балет — дзіўнае мастацтва: адна і тая ж пастаноўка можа ў нязменным выглядзе ісці дваццаць пяць гадоў, пакуль свет вакол мяняецца шалёнымі тэмпамі...

— Да нашага рэпертуару можна ставіцца як да музейных экспанатаў, што якому б часу яны ні належалі — антычнасці, Сярэднявеччу ці эпосе класіцызму, — уяўляюць для чалавецтва вялікую каштоўнасць. Класічная спадчына — адзін з трох складнікаў, на якіх трымаецца Вялікі. А акрамя гэтага — работа з сучасным сусветным і, вядома, нацыянальным рэпертуарам.

— Усё ж на музейныя каштоўнасці мы глядзім як на атрыбуты эпохі.

— Тут тое ж самае: «Спячая прыгажуня» ідзе ў нязменным выглядзе і паказвае канец XІX стагоддзя, балеты «Баядэрка» і «Карсар» захаваліся ў карцінах Марыуса Петыпы. Другі і чацвёрты акты «Лебядзінага возера» перададзеныя нам нашымі папярэднікамі і з'яўляюцца ўнікальным здабыткам чалавецтва, да іх можна ставіцца як да музейнай каштоўнасці. А харэаграфія «Шчаўкунка» не захавалася, хоць каля яго вытокаў стаялі вялікія майстры, таму кожная яго новая пастаноўка — арыгінальная.

— Вы ў 26 гадоў сталі галоўным балетмайстрам Вялікага — як з таго часу змяніўся беларускі балет?

— Думаю, нейкую долю сябе я ўнёс у гэты тэатр, усё ж пры мне тут змяніліся чатыры пакаленні артыстаў, яны прайшлі праз мае рукі і сэрца. Нам трэба старанна рыхтаваць людзей: класічнае мастацтва — адна з самых вялікіх, але і складаных сфер, тут многае залежыць не толькі ад таго, якім цябе стварылі прырода і бацькі, але і ад школы. Каб стаць артыстам балета, трэба вучыцца восем гадоў, сур'ёзная падрыхтоўка ў музыкантаў і вакалістаў. Пры гэтым у тэатры даволі жорсткі адбор, бо тут важная калектыўная праца, а нашы трупа і сцэна, адна з самых вялікіх у Еўропе, разлічаны на прадстаўнічае мастацтва. Я добра ведаю і Ковент-Гардэн, і Гранд-Опера, і Ла Скала — заходнееўрапейскія тэатры будаваліся ў больш раннія часы, таму плошчы іх сцэн меншыя, чым у Вялікім тэатры ў Мінску.

— Чаму ў беларускім тэатры пакуль не з'явілася чалавека, які мог бы ў перспектыве замяніць вас на пасадзе мастацкага кіраўніка Вялікага?

— Гэта трэба спытаць Госпада Бога: тут усе забяспечаны адукацыяй, для ўсіх ствараюцца ўмовы, я сам рыхтую кадры з 1995 года і вяду курсы для харэографаў і педагогаў у кансерваторыі — здольных людзей шмат, геніяў вельмі мала. Пры гэтым я люблю прафесіяналаў, да якіх прылічваю і сябе, слова «рамеснік» для мяне не нясе абразлівага сэнсу: веды даюць тэатру не толькі акадэмічны глянец, але і сутнасць; вось так наскокам, злёгку дакрануўшыся, чынавенскімі выкрутамі Вялікі тэатр немагчымы, тут трэба быць глыбока адукаваным чалавекам.

— Бывае, у час прадстаўлення будучай прэм'еры ў Вялікім можна пачуць пра гонар за тое, што прафесійны ўзровень тэатра дазваляе ўвасобіць на сцэне тую ці іншую пастаноўку. Што нашаму Вялікаму тэатру падуладна, а што не?

— Думаю, практычна ўся сусветная опера і ўвесь сусветны балет тэатру падуладныя, але, мне здаецца, наш Вялікі павінен мець больш нацыянальны твар. Я не кідаю камень у бок кампазітараў, а, хутчэй, заклікаю іх пісаць больш твораў, заснаваных на нашым мінулым, нашай ідэнтычнасці, нашых казках, легендах і летапісах. Як кіраўнік я лічу: у тэатр павінны прыйсці таленавітыя маладыя людзі, але не варагі, якія пасядзяць, нешта створаць, возьмуць ганарары і паедуць, пакінуўшы пасля сябе голае поле, без вучняў і школы. Нам трэба, каб тут працавалі свае людзі, зацікаўленыя ў развіцці тэатра. Гэта абсалютна не значыць, што мы не павінны запрашаць зорак з-за мяжы, проста самыя галоўныя людзі павінны выхоўвацца тут, за нас гэтага ніхто не зробіць.

— Мне здаецца, беларускія кампазітары, у сваю чаргу, адчуваюць недахоп у пляцоўках, у рэшце рэшт, нельга проста ўзяць і адразу напісаць оперу для Вялікага.

— Яны ўсе шмат гавораць, а пісаць музыку ў Беларусі няма каму, ёсць толькі два-тры імёны. Для нашага тэатра трэба пісаць музыку вельмі высокай якасці, а гэта не кожны можа, бо недастаткова таленавіты альбо замест напісання музыкі праводзіць час у марах. У рэшце, вунь якая вялізная Расія, а як мала там добрых кампазітараў.

— А дэбютант да вас можа трапіць?

— Калі ласка, няхай прыносіць твор.

— Нешта вартае прыносяць?

— Бываюць розныя, меркаванне пра гэта выносіць мастацкі савет, і вельмі часта тым, што гаворыцца на савеце, не хочацца засмучаць кампазітараў.

— Опера «Кошчын дом», пастаўленая ў Вялікім у пачатку года, стала першым дзіцячым спектаклем тэатра за некалькі гадоў. Цяпер рыхтуюцца «Пінокіа» і «Чыпаліна» — гэта свядомы акцэнт у рэпертуары?

— Так, мы павінны прыцягнуць у тэатр новае пакаленне. Я лічу, работа з дзецьмі — самая важная, бо мы не вечныя і павінны выхоўваць гледача, які палюбіць тэатр і потым прывядзе сюды сваіх дзяцей.

— Мы ўжо казалі, як з пачатку вашай работы ў тэатры змяніўся балет. А як змянілася публіка?

— Яна прагне добрых спевакоў, новых талентаў ды якасных спектакляў. У нас дзіўная публіка, хоць, можа, яна не так гучна пляскае, як італьянцы, іспанцы ці партугальцы, якія ажно вішчаць. Затое на многіх спектаклях, у тым ліку сваіх, я бачыў, як плачуць жанчыны, — значыць, пастаноўка трапіла вельмі глыбока, жанчына проста так не заплача.

— Не думаю, што прымусіць жанчыну плакаць складана.

— Сур'ёзна? Па-мойму, складана. Са сваёй жонкай я пражыў пяцьдзясят гадоў і ніколі не бачыў, як яна плача.

— Кажучы пра нашу публіку: вы думаеце, яна можа адрозніць таленавітую пастаноўку ад бясталентнай?

— Так, чалавек гэта сэрцам адчувае, глупствам і халтурай яго не падманеш: калі ўзнікае пачуццё суперажывання і хвалявання, сцэна быццам аб'ядноўваецца з глядзельнай залай. І тады, значыць, спектакль атрымаўся.

— Як, па вашым досведзе, публіка ўспрымае пастаноўкі за мяжой?

— У Кітаі не разумеюць, калі спектакль скончыўся: пасля фіналу ўзнікае магільнае маўчанне, і толькі калі артысты падыходзяць да краю сцэны і кланяюцца, гледачы пачынаюць пляскаць. У В'етнаме людзі не пляскаюць, а цокаюць. У Японіі і Паўднёвай Карэі пляскаюць па-еўрапейску. У Францыі, калі публіцы спадабалася, яна ўжо не пляскае, а тупае нагамі — гэта знак найвышэйшага захаплення. Гледачы ў Нарвегіі, Фінляндыі, Даніі, Швецыі падобныя да беларусаў — стрымана пляскаюць. Затое беларусы, калі іх кранула, устаюць і ладзяць доўгія авацыі. Нас усюды добра прымаюць, у Беларусі ўсё ж такі якаснае мастацтва, усё стала развівацца з Радзівілаў, Сямёна Зорыча, Міхала Клеафаса Агінскага. Трупы тут выхоўвалі замежныя педагогі, усё самае цікавае з Парыжа, Мілана, Рыма адразу сцякалася сюды.

— Значыць, можна казаць пра школу.

— Так, толькі тут было правальнае XІX стагоддзе: усё найлепшае з тэрыторыі Беларусі сыходзіла ў Маскву, Пецярбург і Варшаву. Дарэчы, гэты працэс не спыніўся, многія з'ехалі ў савецкі час і працягваюць з'язджаць сёння.

— Манюшка — беларускі кампазітар?

— Вядома, ён тут народжаны і выхаваны. Але я не азербайджанскі харэограф (смяецца).

— Што губляе чалавек, які не ходзіць на оперу і балет?

— Я думаю, вельмі многае, усё ж такі тэатр прыўздымае нас, простых людзей, над штодзённасцю. Мы не скардзімся, у нас поўныя залы: хтосьці прыходзіць з цікаўнасці, турысты — каб адзначыцца ў пампезным будынку ў цэнтры Мінска, а ёсць тыя, хто без тэатра не можа. Мару, каб апошніх было больш, а для гэтага нам трэба займацца дзіцячым рэпертуарам, якасцю бягучых пастановак і, вядома, ствараць новыя таленавітыя спектаклі.

Гутарыла Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.