Вы тут

Ва ўмовах мірнага суіснавання


Тэма пандэміі, як і прадказвалі, пакінула першыя старонкі газет і першыя хвіліны тэлеэфіраў, але вірус, на жаль, нас не пакінуў. Ён нікуды не дзеўся, ён ёсць. Як кажуць медыкі, «кавід» цыркулюе ў папуляцыі і знаходзіць новыя месцы жыхарства. Асяродкам яго існавання, як вядома, з'яўляюцца жывыя арганізмы, то-бок мы з вамі.


У нас у Брэсце эпідэмія прыкметна пайшла на спад, і людзі сталі страчваць пільнасць. У грамадскім транспарце ўбачыць чалавека ў масцы — амаль што рэдкасць, асабліва ранкам ды вечарам у гадзіны пік. Менш стала наведвальнікаў у індывідуальных сродках абароны ў крамах ды іншых грамадскіх месцах. І дарэмна. Вельмі гэта неабачліва. Бо, як казалі ветэраны, самым крыўдным было загінуць пасля 9 мая 1945-га. Але некаторыя гінулі... Вось і цяпер дастаткова паглядзець афіцыйную статыстыку Міністэрства аховы здароўя, каб упэўніцца, што людзі паміраюць кожны дзень. І кожны дзень з'яўляюцца новыя хворыя. Зноў жа бяру Брэст, дзе на мінулым тыдні ў бальніцы за дзень паступала ў сярэднім чалавек па сорак, а на піку захваральнасці было каля дзвюх соцень. Апошнюю інфармацыю агучыў на брыфінгу старшыня гарвыканкама. Гаворка ідзе пра шпіталізацыю ў бальніцы з пнеўманіямі. Варта ўлічваць, што многія, у тым ліку з пнеўманіямі, лечацца дома.

Апошнія тыдні актыўна перапісвалася з каляжанкай, якая хварэе ў Магілёве. Дачка аб'явіла, што днямі захварэла сяброўка-аднакурсніца, якая праводзіць канікулы дома, у Гродне. І ў кожнага знойдуцца сваякі, знаёмыя, сябры, якія хварэюць альбо перахварэлі ў самых розных гарадах. А мы з вамі рана расслабіліся.

Вучоныя-вірусолагі сусветнага ўзроўню раскрытыкавалі канцэпцыю калектыўнага імунітэту. Нашы спецыялісты таксама не выключаюць новых усплёскаў хваробы, асабліва з надыходам халадоў. Усё часцей даводзіцца чытаць, што суіснаванне з вірусам — гэта цяпер новая форма, новая культура грамадскага жыцця. Яе, гэтую культуру, трэба выпрацоўваць. Скажам, тыя ж японцы хварэлі ў разы менш за суседзяў, таму што рэспіраторны этыкет для іх даўно стаў нормай жыцця. Прыхварэў чалавек — і адразу надзявае маску. Ды і ўсе астатнія прымаюць мінімальныя меры засцярогі. Гэта ўваходзіць у прывычку, як і заўсёднае мыццё рук, выкарыстанне антысептыкаў. Ёсць чаму павучыцца.

Магу сказаць са свайго досведу: многія гады рабочы дзень пачынаю менавіта з мыцця рук, таму што на работу еду грамадскім транспартам. А цяпер, заўважаю, так робяць амаль усе суседзі па паверху, хто па-ранейшаму карыстаецца гарадскімі аўтобусамі і тралейбусамі. Калі задумацца, можна знайсці шмат магчымасцяў, каб лішні раз не рызыкаваць. Ну, напрыклад, дзвярныя ручкі офісаў, іншых устаноў — рассаднікі розных хваробатворных мікраарганізмаў. Можна так налаўчыцца адчыняць, каб не чапаць іх голымі рукамі, ну хоць скарыстаць шматок паперы, сурвэтку. Можна ўвесці ў моду для сябе не націскаць кнопку ліфта альбо дамафона пальцам, а рабіць гэта загадзя падрыхтаваным шматком паперы альбо ватнай палачкай ды адразу іх выкідваць. А лепей наогул не ездзіць ліфтам, калі магчыма. У гэтай жалезнай скрыні цыркуляцыя паветра адбываецца надта павольна, дастаткова згадаць выпадкі, калі ў ліфце нехта бессаромна накурыць.

А ўжо паход у краму, на пошту, у банк без маскі, як і паездку ў грамадскім транспарце, трэба проста выключыць для сябе. Не лянуйцеся мыць прадукты, якія набываеце, цёплай вадой з гаспадарчым мылам. Для гэтага іх трэба браць у вакуумных упакоўках. Калі ж хлеб прадаецца ў тонкіх пакетах з дзіркамі, можна акуратна перамясціць бохан у другі пакет, а першы выкінуць. Гэтак жа старанна трэба мыць агародніну і садавіну. Прамысловыя тавары лепш не выкарыстоўваць адразу — ім не зашкодзіць некалькі дзён каранціну, скажам, на балконе.

Ну і час перагледзець свае звычкі па наведванні розных грамадскіх месцаў, мерапрыемстваў. І пачаць з пакупак. Можна проста купляць тых жа прадуктаў больш і такім чынам скараціць колькасць паходаў у краму. Самы час навучыцца здзяйсняць плацяжы па інтэрнэце, гэта пад сілу нават пенсіянерам — няхай дзеці альбо ўнукі не лянуюцца падвучыць сталага чалавека. Можна скарэктаваць свае графікі прагулак — трэба выбіраць час, калі людзей на вуліцы найменей. А нешта не грэх і прапусціць. Грамадскі транспарт, лічу, трэба выкарыстоўваць толькі для паездак на работу, у медыцынскія альбо сацыяльныя ўстановы. Цяпер у кожнай краме, у грамадскай установе, на вакзалах стаяць антысептыкі. Яны павінны там прапісацца назаўсёды! Іх трэба выкарыстоўваць. А шопінг як прагулку можна выкрасліць з жыцця як мінімум на год-другі, пакуль усё не стабілізуецца канчаткова. Гэта насамрэч не так і цяжка, калі памятаць, што на другім баку вагаў здароўе ці нават жыццё. Беражыце сябе!

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: aa.com.tr

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.