Вы тут

​Расказваем пра фiльмы, што прадстаўлялi краiну на Кракаўскiм кiнафестывалi


Некалi ў Кракаве яны пазнаёмiлiся — масцiты ўжо беларускi дакументалiст Вiктар Аслюк, той самы, што, як кажуць, прынёс «Беларусьфiльму» найбольшую колькасць узнагарод, i малады аўтар Андрэй Куцiла, якi сёння лiчыцца адным з найцiкавейшых беларускiх рэжысёраў. Сёлета абодва дакументалiсты са сваiмi работамi трапiлi ў конкурсныя праграмы Кракаўскага фестывалю дакументальнага кiно, а Куцiлаў фiльм «Мне трэба поцiскаў» яшчэ i атрымаў спецыяльную згадку журы. Нешта ў завiслым праз «ковiд» кiно ўсё ж адбываецца — мы гэтыя «падзеi» паглядзелi i расказваем, што з беларускай рэчаiснасцi гэтым разам трапiла ў поле зроку найлепшых беларускiх дакументалiстаў.


«Эпi­та­фiя».

Аслюк i назiральнiк ёсць сiнонiмы. Як у сваiх галоўных работах, рэжысёр удала заняў «пазiцыю» i зрабiў карцiну-атмасферу «Эпiтафiя», прычым так своечасова пра могiлкi — тэма смерцi зараз папросту лунае ў паветры. Ён нават узяў героя: iм стаў складальнiк каталога беларускiх могiлак Андрэй Бурдзянкоў, але мужчына тут толькi выконвае функцыянальную ролю i трымае форму.

Галоўным прадметам увагi з'яўляюцца ўсё ж могiлкi: праз чалавека, яго прысутнасць i адзiнокае рабочае блуканне мы засяроджваемся на тварах на надмагiллях, становiмся сведкамi стрыманых святкаванняў, трапляем у сакральную прастору, у якой трэба замаўчаць i нешта адчуць.

Здавалася б, мы што, могiлак не бачылi? — ну, такiм чынам не бачылi. А гэтае месца, як вядома, часта становiцца пунктам прыцягнення нават тых, хто не мае пахаваных на iх сваякоў. Сам Вiктар Аслюк прызнаецца, што ў паездках пасля шпацыру па горадзе iдзе шукаць могiлкi. I яны сапраўды цiкавыя не фактурай, падзеямi цi гiсторыямi — гэта ў першую чаргу адчуванне, i фiльм намагаецца яго ўхапiць, нават здымае могiлкi ноччу з абрысамi крыжоў i агнямi ў лампадках, што ўвогуле асобная гiсторыя.

Адсюль, з-за канцэнтрацыi на даволi абстрактных рэчах, наратыў у карцiне замяняецца эстэтыкай — адмысловай гукавой дарожцы, своеасаблiвай несапраўднай колеравай гаме, шматлiкiх партрэтах памерлых, паўтарэнне якiх уяўляецца мастацкiм прыёмам.

Да таго ж апроч атмасферы могiлкi ўтрымлiваюць у сабе знакi культуры — iх мы тут таксама бачым, i на ўвазе маюцца не толькi сама па сабе «архiтэктура» месца i бясконцыя фотаздымкi, але i, напрыклад, традыцыя накрытых на магiлах сталоў. Аўтар бесстаронна назiрае за людзьмi, якiя, здаецца, нiякай атмасферы нiдзе не адчуваюць, а нават яе перабiваюць, а гэта як назiраць за турыстамi ў «Аўстэрлiцы» Сяргея Лазнiцы, калi культурны элемент ператвараецца ў антрапалагiчны. А i сапраўды, напэўна, галоўнае адчуванне на могiлках — гэта адчуванне сябе жывым.

А на карцiне «Мне трэба поцiскаў» давялося пакруцiць галавой ад узрушэння. Дакументальны фiльм Андрэя Куцiлы задумваўся як рэпартаж — ён i выглядае эсэ, эцюдам, мiмалётным вiзiтам у нiкому невядомы дом у нiкому невядомай вёсцы — а стаў усё ж менавiта мастацкiм выказваннем. Гэта сумнае i няпростае вiдовiшча: у вёсцы Бобры жыве незвычайная сям'я — яна складаецца з мацi Валянцiны, якой ужо за дзевяноста, i ад нараджэння паралiзаванай амаль шасцiдзесяцiгадовай дачкi Таццяны, якую мацi даглядае адна.

«Мне трэ­ба по­цiс­каў».

Фiльм пачынаецца з нязмушанай i пустой балбатнi вясковых бабуль у чаканнi аўтакрамы — апроч iншага Валянцiна купляе там пячэнне для Танюшы. А потым мы бачым, уласна, што Танюша — не дзяўчына i не звычайная жанчына, якая б увiхалася па гаспадарцы, а любоў, гора i матчын боль. Праўда, больш здагадваемся i даведваемся з маналогаў, чым бачым: Андрэй Куцiла ўвайшоў у гэты дом далiкатна, без вiдовiшчных манiпуляцый i прагi да эмацыянальнага ўздзеяння. Адлюстраваць безвыходнасць i беспрасветнасць далiкатнасць не перашкаджае.

Да таго ж манера камеры, а рэжысёр тут з'яўляецца адначасова i аператарам, i аўтарам сцэнарыя, сугучная паэзii Таццяны, дакладней яе прысутнасцi ў фiльме. Запiсаныя ў шматлiкiх сшытках вершы паэткi Таццяны Бобрыкавай, прынамсi тыя адабраныя, што ў фiльме ў выкананнi актрысы Святланы Анiкей гучаць па-за кадрам, расказваюць аб празе свабоды, жыцця i палётаў i разам з тым, што мы бачым, утвараюць, вядома, пранiзлiвы эфект.

Ну i стрыманасць камеры выйгрышна працуе на канцоўку, калi пасля маналогаў мацi, шматлiкiх дэталяў сямейнага быту, паказу таццянiных малюнкаў мы ўсё ж такi бачым аўтарку ўсiх тых няпростых слоў i яна нам усмiхаецца. Але нам цяжка ўсмiхнуцца ў адказ.

«Мне трэба поцiскаў» хутка будзе таксама паказаны на мiжнародным кiнафестывалi ў iспанскiм горадзе Уэска.

Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Загаловак у газеце: Яшчэ дзве нашы рэчаiснасцi

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.