Вы тут

Чаканні і ўражанні ад прэм'еры фільма «Майстар і Маргарыта»


Новы фільм па матывах рамана «Майстар і Маргарыта» Міхаіла Булгакава працягваюць актыўна абмяркоўваць на розных пляцоўках — у СМІ, сацыяльных сетках, на адпаведных платформах — і проста паміж сабой. Сёння ўсё навідавоку: кожны прапануе свой агляд, дае каментарый — абгаворваецца кожная дэталь убачанага і пачутага. Гэтым разам паразважаем пра папулярную ў кінатэатрах Беларусі і краін СНД стужку рэжысёра Міхаіла Лакшына і рэакцыю на яе прэм’еру. 


Галоўным чынам перад праглядам усіх інтрыгуе наступнае: ці перадалі стваральнікі сутнаць твора Міхаіла Булгакава, ці напоўнілі фільм, як кажуць, духам рамана? Дакладных адказаў, натуральна, быць не можа. Да таго ж неабходна ўлічваць тое, што карціна не з’яўляецца экранізацыяй, а толькі прытрымліваецца некаторых сюжэтных ліній першакрыніцы, бо інакш шматпланавы твор змясціць у кіно немагчыма. Скептыкі кажуць: а ці трэба ўвогуле было чарговы раз звяртацца да складанага містычнага рамана? Так ці інакш, з работай Міхаіла Лакшына пазнаёміцца раяць і кінакрытыкі, і блогеры і нават многія аматары самога твора, што асабліва здзіўляе. 

Праект рыхтаваўся некалькі гадоў — праца пачалася ў 2018 годзе. Першапачаткова рэжысёрам выступаў Мікалай Лебедзеў, вядомы па фільмах «Экіпаж» і «Легенда № 17». Але пазней яго замяніў Міхаіл Лакшын. Імя для многіх зусім невядомае. Да «Майстра і Маргарыты» ён зняў толькі адзін фільм — рэтрамеладраму «Сярэбраныя канькі», якую даволі цёпла сустрэлі гледачы і крытыкі. Між тым доўгі час праект называўся «Воланд», але па нейкіх прычынах сцэнарый змяніўся, і ў выніку фільм выйшаў пад класічнай назвай. Дарэчы, сцэнарый напісаў Раман Кантар, які працаваў з рэжысёрам над яго дэбютам. 

Рэжысёр Міхаіл Лакшын нарадзіўся і жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі. Гэтая акалічнасць тлумачыць многае, напрыклад, пераважна галівудскую карцінку і некаторыя відовішчныя сцэны, што ўражваюць спецэфектамі. (У фільме месцамі выдатна, часам недарэчы і не зусім удала дэманструюцца магчымасці камп’ютарнай графікі — увогуле яна там ледзьве не паўсюль.) Можна сказаць, што дзякуючы ў тым ліку гэтаму ў кіно з’явіўся новы і даволі адметны погляд на «Майстра і Маргарыту». Што важна, без асучаснівання, але, як любое кінавыказванне, пра сучаснасць. 

Дзеянне карціны адбываецца ў Маскве 1930-х гадоў. Вядомы пісьменнік, па творы якога рыхтуецца пастаноўка ў вядучым тэатры, аказваецца ў цэнтры літаратурнага скандалу — яго абвінавачваюць у адмаўленні ад прынятых тады норм і каштоўнасцей краіны, у пярэчанні «лініі партыі». Спектакль па яго п’есе здымаюць з рэпертуару, калегі адмаўляюцца ад сяброўства з пісьменнікам. Неўзабаве аўтар знаёміцца з Маргарытай, якая становіцца яго музай, і ён бярэцца за новы раман. Герой твора — Воланд. Далей — падзеі вядомай гісторыі ў рэжысёрскай інтэрпрэтацыі. 

Майстар у фільме нагадвае самога Міхаіла Булгакава. І спачатку герой піша п’есу пра Понція Пілата, а затым кнігу «Майстар і Маргарыта». Такім чынам, адбываецца пэўнае ўскладненне ўсёй канструкцыі фільма. Аднак сапрошчваюцца іншыя пласты першакрыніцы. Так, біблейская частка максімальна ўрэзана, аднак сэнсу не згубіла. Міхаіл Лакшын таксама скараціў «экранны час» світы Воланда, такім чынам яна паўстае быццам фонам, адлюстраваннем для персанажа. У цэнтры — любоўная лінія Майстра і Маргарыты. Праз яе паказваюць іншыя бакі рэчаіснасці. Галоўныя тэмы фільма — свабода і цэнзура, талент і бяздарнасць, каханне і забарона... Сюжэт перамяшчаецца паміж рэальнасцю Майстра і яго творамі, у рэшце рэшт рэчаіснасць і выдумка пераплятаюцца. Што было рэальным, а што не? Прастора для роздумаў. 

Фільм цікавы і з пункта гледжання падбору акцёраў. У самых сціплых ролях — зоркі расійскага і замежнага кінематографа, вядомыя артысты. Майстра і Маргарыту сыгралі Яўген Цыганоў і Юлія Снігір — сямейная пара ў рэальным жыцці. Ролю Кароўева выканаў Юрый Калакольнікаў, ролю Азазела — Аляксей Разін. Паліна Ауг сыграла вампіршу Гелу. Гэтым разам кот Бегемот быў толькі прыгожым чорным мэйн-кунам. Героя агучыў Юра Барысаў. Што тычыцца так званай біблейскай часткі, то Понція Пілата сыграў дацкі акцёр Клас Банг, а Іешуа — Аарон Вадавоз родам з Нідэрландаў. Таксама ў фільме зняліся Леанід Ярмольнік, Аляксандр Яцэнка, Аляксей Гуськоў, Ігар Вернік, Марат Башараў і іншыя. 

Аднак найбольшую любоў публікі заваяваў Аўгуст Дзіль у ролі Воланда. Нямецкі акцёр вядомы па ўдзеле ў многіх праектах, але беларускі і расійскі глядач помніць яго найперш па ролі штурмбанфюрэра Дытэра Хельстрама ў фільме «Бясслаўныя вырадкі» Квенціна Таранціна. Акцёр, вядома, не размаўляе па-руску, аднак пераагучка ў студыі і штучны інтэлект дазволілі герою гаварыць на гэтай мове (хоць, дарэчы, у некаторых сцэнах артыст нават прамаўляў свой тэкст на рускай). 

Аўгусту Дзілю цяпер 48 гадоў. Стваральнікі знарок узялі на гэтую ролю малодога мужчыну — насуперак чаканням гледача, у свядомасці якога Воланд асацыіруецца з пажылым чалавекам. Яны абапіраліся на тое, што Міхаіл Булгакаў апісвае Воланда ва ўзросце каля сарака гадоў, элегантным іншаземцам. Прыкметны нямецкі акцэнт — асноўная характарыстыка персанажа. 

Натуральна, ёсць тыя, хто не ў захапленні ад новай стужкі. Такія часцяком шукаюць не столькі недахопы розных бакоў карціны, колькі разыходжанні з літаратурнай асновай і ранейшымі экранізацымі. Так, публіцы палюбіўся серыял 2005 года ад Уладзіміра Борткі, які многія паважаюць за блізкасць да тэксту Міхаіла Булгакава, за падбор акцёраў савецкага і расійскага кінематографа. Ужо ў чым, а ў музыкальным суправаджэнні серыял не саступае фільму — на фоне яркай карцінкі падаецца слабой музыка кампазітара Ганны Друбіч. Аднак праект Уладзіміра Борткі не прапануе аўтарскай інтэрпрэтацыі, пазбаўляе твор некаторых важных складнікаў, напрыклад, гумару. Як ні дзіўна, а ў новым фільме, напоўненым трагізмам, знайшлося месца гратэску і сатыры. Да таго ж у серыяле не назіралася дынамікі, у карціне Міхаіла Лакшына яна выглядае адпаведнай зместу рамана. Дарэчы, менавіта гэтая шмат у чым галівудская карцінка раздражняе аматараў вялікага рускага рамана, якія характарызуюць фільм як «пацеху для моладзі» і «нецікавы глянец». 

А што да асацыяцый, сімвалаў, метафар, якімі быў напоўнены раман Міхаіла Булгакава? Натуральна, ад многіх з іх пазбавіліся, але некаторыя выйшлі на першы план. Ва ўсякім разе тыя, хто не чытаў раман, не будуць губляцца ў здагадках, а знаёмыя з тэкстам зоймуцца інтэпрэтацыямі новых вобразаў і аўтарскіх рашэнняў. 

Яўгенія ШЫЦЬКА


Цікава ведаць

  • Уладзімір Бортка атрымаў прапанову зняць «Майстра і Маргарыту» яшчэ ў 1987 годзе (тады ён скончыў працу над іншым фільмам «Сабачае сэрца»), але адмовіўся ад здымак, саступіўшы гэтае права Элему Клімаву. У планах Элема Германавіча быў міжнародны праект з Клаўдыяй Кардынале ў ролі Маргарыты. Яму хацелася, каб некаторыя сцэны паставіў Федэрыка Феліні. Задума не была рэалізаваная. Праз 13 гадоў Уладзімір Бортка зноў узяўся за экранізацыю і зацвердзіў акцёрскі склад: Галіну Цюніну, Дзмітрыя Пяўцова, Сяргея Макавецкага і Віктара Сухарукава. Аднак у 2000 годзе спадчыннік Міхаіла Булгакава, якому належалі правы на экранізацыю, перапрадаў іх амерыканскім прадзюсарам. Давялося пачаць перамовы аб выкупе правоў на раман, якія расцягнуліся на некалькі гадоў.
  • Экранізацыі рамана, як вядома, суправаджаюцца забабонамі. Бывала нават, што некаторыя артысты адмаўляліся ўдзельнічаць, спасылаючыся на страх «праклёну». У адным з інтэрв’ю рэжысёр фільма «Майстар і Маргарыта» Міхаіл Лакшын адзначыў: «Я часам магу быць прымхлівым чалавекам, але не ў галіне містычнага праклёну рамана «Майстар і Маргарыта». Падчас падрыхтоўкі і проб рэгулярна даводзілася адказваць на пытанне: «А вы не баіцеся рабіць экранізацыю? Праклён жа»». Стваральнікі фільма падкрэсліваюць: ніхто з каманды фільма нічога містычнага на пляцоўцы не заўважыў. Нягледзячы на тое, што здымачны перыяд, які заняў 70 дзён, супаў з пандэміяй каранавіруса, у жыцці ўдзельнікаў здымачнай групы праблем не ўзнікла. 
  • «Майстар і Маргарыта» прызнана самай чытанай кнігай у Расіі ў XX стагоддзі. Цікавасць да рамана не губляецца і сёння: ён прысутнічае ў разнастайных топах і падборках. У Беларусі таксама твор выклікаў увагу чытачоў самых розных пакаленняў і зацікаўленняў. Дарэчы, нядаўна ў Баранавічах на бульвары ўстанавілі арт-кампазіцыю ў выглядзе ката з рамана Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта». Бегемот размясціўся на бульвары Штокераў. 
  • Актрыса Юлія Снігір у адным з інтэрв’ю звяртае ўвагу на схільнасць людзей да параўнанняў — не абыходзіцца ж, натуральна, без параўнанняў самых розных Маргарыт. «У серыяла Борткі і нашага фільма мала агульнага, вельмі розныя Маргарыты, на мой погляд, — лічыць Юлія Снігір. — А далей пачынаецца густаўшчына і палярныя меркаванні на адны і тыя ж рэчы: «Снігір занадта бязвольная», «Снігір занадта рэзкая», «Снігір валявая і далікатная», «Снігір занадта худая», «Снігір тонкая і незямная»... Некаму бракавала д’ябальшчыны, камусьці адлюстравання кахання паміж Майстрам і Маргарытай. Застаецца толькі давяраць сваім адчуванням і ўражанням ад выніку, і, трэба сказаць, мяне яны рэдка падводзяць. У маёй фільмаграфіі ёсць работы, якія абсыпаны кампліментамі, але асабіста я іх лічу дрэннымі. Прыклады прыводзіць не буду».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.