Вы тут

Мінская галерэя радуе аматараў творчасці Сяргея Цімохава выстаўкай яго графікі


З творчасцю беларускага мастака Сяргея Цімохава (1960–2012) сёння амаль няма магчымасці пазнаёміцца. Зрэдку яго работы дэманструюцца ў розных зборных экспазіцыях, лічаныя выявы карцін змешчаны на анлайн-платформе Artcenter.by і на сайце Мастацкай галерэі «Беларт», а яшчэ можна знайсці альбом рэпрадукцый, выпушчаны Выдавецкім домам «Звязда» ў 2013 годзе на беларускай і рускай мовах (складальнік — Вольга Арцюхова, дачка мастака). Аднак нядаўна мінская галерэя DK, якая ў асноўным прэзентуе напрацоўкі маладых мастакоў, парадавала аматараў творчасці Сержука Цімохава выстаўкай яго графікі. Праект будзе даступны да 21 красавіка. 


Будучы майстар станковага жывапісу і графікі, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Кротаў Гомельскай вобласці. У 1979-м скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (сённяшняя «Глебаўка»), у 1984-м — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (сучасная Акадэмія мастацтваў), дзе вучыўся на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Працаваў на віцебскім камбінаце «Мастацтва», пэўны час быў дырэктарам полацкай галерэі «Рыса». З 2007 года з’яўляўся намеснікам старшыні па выставачнай дзейнасці ў Беларускім саюзе мастакоў. Сяргей Цімохаў шмат гадоў удзельнічаў у розных выстаўках і конкурсах у Беларусі і за мяжой, між тым і сам арганізоўваў, курыраваў выставачныя праекты — калектыўныя і асабістыя. Шматлікія творы аўтара ўвайшлі ў зборы розных галерэй, музеяў і прыватных калекцый. 

Спадчына Сяргея Цімохава даволі багатая: ён звяртаўся да розных тэм, да таго ж вылучаюцца розныя перыяды яго творчасці. Мастак працаваў у рэалістычным кірунку, эксперыментаваў у абстрактным жывапісе, шукаў уласны стыль у фігуратыўным мастацтве. «Яго творчасць адрознівалася віртуозным спалучэннем абстракцыі і рэалізму, а мастацкі почырк быў самабытны і арыгінальны, — падкрэсліваюць у галерэі DK. — Сяржук Цімохаў эксперыментаваў з рознымі тэхнікамі і выявамі, імкнучыся сумясціць лініі, плямы і колеры ў адзінае цэлае, выкарыстоўваючы пры гэтым авангардныя прыёмы і тэхнікі сучаснага мастацтва. Ён глыбока разважаў аб каранях беларускай культуры і аб узаемадзеянні чалавека з прыродай». 

Выстаўка графікі аб’ядноўвае розныя этапы творчасці аўтара (крыху шкада, што ні год стварэння, ні назвы, дзе яны меліся, не пазначаны). У экспазіцыі — сюжэты, прысвечаныя гісторыі і міфалогіі, работы, якія апяваюць прыгажосць жанчыны. Мінімалістычная і лаканічная, каларыстычна адметная графіка, поўная сімвалаў, якія чакаюць разгадкі. Галоўнае ж, на што варта звярнуць увагу не знаёмага з творчасцю Сяргея Цімохава гледача — мастак у самых розных работах разважаў на тэму язычніцтва. Здаецца, ледзь не з самага пачатку ён вызначыўся са сваім шляхам і не збочваў з яго, быў упэўнены ў правільнасці выбару. Яго творы пазнавальныя ў тым ліку дзякуючы гэтаму. Ад сюжэта да сюжэта ён выбудоўваў асаблівы свет, не падобны на тыя, што прапаноўвалі іншыя мастакі. Правілы, якія аўтар замацоўваў у гэтым свеце, асаблівасці прасторы і часу, адносіны да чалавека і прыроды, выяўленыя ў тым ліку ў графіцы, сведчаць пра цудоўны мастацкі густ і арыгінальны погляд на жыццё і мастацтва. 

— Самае галоўнае для творцы — заставацца актуальным, — адзначыў падчас адкрыцця выстаўкі сын мастака Глеб Цімохаў. — Калі ішла падрыхтоўка экспазіцыі і падбіраліся работы, а многія з іх мы не бачылі на працягу нават некалькіх гадоў, заўважыў для сябе: кожны раз яны выклікаюць вау-эфект. Захапляць і дарыць настрой — асноўная задача мастацтва. Здаецца, мы справіліся з ёй. 
Сам Сяржук Цімохаў імкнуўся зачараваць: ён лічыў, што твор сярод мноства іншых павінен быць прыкмечаны гледачом яшчэ здалёк. Змест нібыта другасны — спачатку назіральніка павінны зачапіць фармальнае рашэнне, колеры палатна ці графічнага ліста. Натуральна, пасля пачынаецца асэнсаванне, спробы знайсці адказы на пытанні, што, несумненна, узнікаюць. Мастак не бачыў неабходнасці ў тым, каб чалавек зразумеў аўтарскую задуму. Увага гледача да карціны і знаходжанне ім сваіх сэнсаў, уласнага разумення — вось што ў гэтым рэчышчы было каштоўна для таленавітага жывапісца і графіка. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.