Вы тут

Кіно, якога не чакалі. Прафесіяналы расказваюць пра самыя «драйвовыя» беларускія кінапраекты


Што ў беларускім кіно было такога надзвычайнага, што разбурала б стэрэатып пра сумны і нецікавы айчынны кінематограф? Што ішло ўразрэз з генеральнай лініяй і з'яўлялася нягледзячы ні на што? Што было нетыповым, перадавым, авангардным для свайго часу і нават пэўным чынам вызначала кірунак развіцця кінамастацтва? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да кінапрафесіяналаў, што ведаюць айчыннае кіно як свае пяць пальцаў, каб у выніку атрымаць два фільмы, адзін серыял і адзін кінапраект, то-бок чатыры з'явы, па якіх варта даследаваць «іншае» беларускае кіно. Але гэта пакуль што чатыры: падборка яшчэ будзе дапаўняцца.


«Усходні калідор» Валянціна Вінаградава («Беларусьфільм», 1966)

Ірына Дзям'янава, праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад»:

— Банальна казаць, што Вінаградаў з «Усходнім калідорам» апярэдзіў час, але фільм сапраўды вылучаўся і выклікаў шалёнае супраціўленне, у першую чаргу з-за тэматыкі. Карціна апавядае пра дагэтуль не прачытаную, не асэнсаваную і не даследаваную старонку гісторыі — мінскае падполле, хоць слова «мінскае» тут не прагаворваецца. Вінаградаў на гэтай глебе стварае амаль дэтэктыўны сюжэт, дзе невядома, хто правы, хто вінаваты, хто здраднік, а хто ахвяра. Увесь фільм — клубок незразумеласцяў, дзе за эстэцкімі камерай і інтэр'ерамі тым не менш прачытваецца рэжысёрская думка, што вайна амаль у кожным забівае чалавека і абуджае звера, што ў такіх умовах у неідэальнай чалавечай натуры не можа не праявіцца жудасная істота.

Да таго ж карціна візуальна незвычайная, хоць яе візуальны бок — аператарам быў Юрый Марухін, а мастаком Яўген Ігнацьеў — нават у большай ступені ўражвае нас сённяшніх. Аўтары надзвычайна працуюць з фактурай і святлом, сыходзяць у графіку і гуляюць сілуэтамі, здымаюць у дзіўных інтэр'ерах — казематах, каменных падвалах са скляпеністымі столямі, закінутых ці то касцёлах, ці то ў цэрквах.

Важна, што Вінаградаў са сцэнарыстам Алесем Кучарам ва «Усходнім калідоры» здолелі закрануць яўрэйскую тэму. У фільме, напрыклад, гучаць чатыры мовы — беларуская, руская з утрыраваным беларускім акцэнтам, нямецкая і ідыш, чаго для тых часоў немагчыма ўявіць.

Драма ў тым, што карціна ні на што не паўплывала, бо яе ніхто не бачыў: яна паказвалася ў трэцеразрадных клубах, дзе сеанс адбываўся, калі куплялася пяць білетаў. Гэта драма і сённяшняга беларускага кіно: неабходная ў мастацтве сувязь часоў папросту адсутнічае. Святлана Алексіевіч неяк сказала пра стужку «Хатынь. 5 км» Ігара Калоўскага і Алеся Адамовіча: маўляў, каб яна выйшла тады, калі была створана, то наша дакументальнае кіно развівалася б інакш. Тое ж з «Усходнім калідорам», які хоць і не лёг на паліцу, тым не менш быў надоўга забыты.


«Уся каралеўская раць» Аляксандра Гутковіча (БТ, 1971)

Максім Жбанкоў, культуролаг:

— У савецкім кіно Захад быў аб'ектам ідэйнай крытыкі і ціхай зайздрасці. Людзі «адтуль» выглядалі шпіёнамі, аферыстамі, бандзюкамі, здраднікамі і алкатусоўшчыкамі — у найлепшым выпадку карысталюбнымі прыдуркамі і сумнымі канфармістамі. Дзіўная чароўнасць трохсерыйнага тэлефільма паводле рамана Роберта Пэна Уорэна ў тым, што ён фармальна перадаў усе згаданыя шаблоны, але пры гэтым ператварыўся ў рэдкай сілы (нават па цяперашніх мерках) псіхадраму.

Як звычайна, Амерыка тут «ляпілася» па-беднаму — з нарэзкі кінахронікі і прыбалтыйскіх гарадкоў, але ў гэтых умоўных пейзажах дзейнічалі, любілі і паміралі магутныя і яркія характары. Часопісны хіт пазамінулага сезона («Уся каралеўская раць» выйшла ў «Новом мире» ў 1968-м, пасля — асобнай кнігай) супаў з зорнай акцёрскай зборнай, дзе не было ніводнага выпадковага імя і слабой аддачы. Падобны эфект у тую пару далі толькі «Сямнаццаць імгненняў вясны». Жжонаў, Плят, Яфрэмаў, Папанаў, Дураў, Іваноў, Лаўрова, Янкоўскі-старэйшы, Дзямідава... І, вядома ж, цудоўны Міхаіл Казакоў у сваёй найлепшай ролі цынічнага журналюгі Джэка Бёрдэна.

Рэжысёр Гутковіч здолеў не проста стварыць дакладную партытуру падзеі — ён у сваёй някідкай манеры (да «Раці» здымаў па Мележу, пасля — па Шамякіну) разыграў універсальную гісторыю чалавечых страсцей. І ўся маскоўская акцёрская банда прыйшла ў «Раць», каб расказаць — па сутнасці — пра сябе. Пра тых, хто быў страчаны ў грукаце вялікай палітыкі, каго кінулі каханыя і каму здрадзілі сябры, хто безнадзейна спрабуе склеіць музыку жыцця з памылак, подласцяў і пустых надзей. Таму што тут яе больш няма з чаго склеіць. Небяспечная гэта справа — гуляць у Захад.


«Магіла льва» Валерыя Рубінчыка («Беларусьфільм», 1971)

Людміла Саянкова, кінакрытык:

— Калі «Магіла льва» выйшла на экраны — а стужка знята па паэме Янкі Купалы «Курган», — яе ўспрынялі як фільм пра барацьбу сялянства супраць несправядлівых князёў. Але, на мой погляд, сацыяльная тэма ў гэтым выпадку — другарадная. Галоўным тут з'яўляецца якраз тое, за што фільм у застойныя савецкія часы, калі ён быў створаны, крытыкавалі. Яго папракалі ў драбнатэмнасці: у стужцы ёсць вельмі пачуццёва расказаная меладраматычная гісторыя адносін паміж Машэкам, Любавай і князем Усяславам — і з гэтым матывам любоўнага трохкутніка ў свой час не захацелі лічыцца.

Фільм зроблены вельмі неадназначна. Любава, якая была нявестай Машэкі, раптам становіцца выбранніцай князя, і не проста становіцца выбранніцай паняволі — яе пачуцці насамрэч паварочваюцца ад Машэкі да князя. Мы бачым, як Любава робіць гэты выбар, як ён становіцца яе ўнутраным жаданнем і як дзяўчына яму супраціўляецца. Я добра помню сцэну, калі паміж Любавай і князем у яго пакоях адбываецца збліжэнне і гэтае збліжэнне паказана як цнатлівы танец. У гэтым сэнсе «Магіла льва» — вельмі тонкая, пачуццёвая, эратычная стужка.

Тут, уласна, пачынаецца стыль тады яшчэ маладога Валерыя Рубінчыка — яго ўменне ствараць атмасферу і перадаваць нюансы схаваных пачуццяў. Да таго ж рэжысёр здорава падабраў каманду. Вядомы танцоўшчык Марыс Ліепа вельмі пластычна сыграў ролю князя. Ва ўнісон яму іграе Любаву Валянціна Шэндрыкава. Цудоўны аператар Юрый Марухін зняў фільм такім чынам, што ў ім адчуваюцца эпічнасць і быліннасць. Мастак-пастаноўшчык Яўген Ігнацьеў дасціпна выбудаваў антураж карціны, а якія там касцюмы! Любава носіць зусім не беларускія народныя строі — у яе адзенні ёсць нешта ад егіпецкіх фараонаў, эпохі мадэрну і Густава Клімта.

Карціна была незвычайнай для свайго часу, для беларускага кіно і для экранізацый — Рубінчык не проста перавёў паэму Купалы ў візуальнае ўвасабленне, а быццам пераасэнсаваў літаратурны твор і надаў яму адэкватную экранную форму, дзе ёсць і паэзія, і эпічнасць, і гісторыя кахання.


Арт-праект «Хранатоп» Андрэя Кудзіненкі

Тарас Тарналіцкі, кінааглядальнік:

— Калі задацца пытаннем, што ў сучасным беларускім кіно можна аднесці да авангарду, на розум адразу прыходзяць работы Андрэя Кудзіненкі.

Фактычна апошні вучань па-сапраўднаму вялікага савецкага кінамастака Віктара Турава, ён з самага пачатку не шукаў паразумення з афіцыйнымі інстытуцыямі і аўтарытэтамі, на хаду руйнуючы ідэалагічныя каноны. Так, альманах «Акупацыя. Містэрыі» ў сярэдзіне нулявых разбурыў свяшчэнны міф пра Вялікую Айчынную як гераічны эпас, ператварыўшы яго ў постмадэрнісцкае сутыкненне жанраў, хрысціянскіх сюжэтаў і культурных архетыпаў. Тут чырвонаармеец мог аказацца злодзеем, а нямецкі салдат — ахвярай абставін, паліцай марыў пра сапраўднае беларускае кіно, а партызаны ў лесе разважалі аб нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Такая эклектычная кінамова зноў паўстала праз дзесяць гадоў, у сярэдзіне 2010-х, калі Кудзіненка распачаў мастацкі арт-праект, закліканы даць маладым аўтарам метады калектыўнай работы ва ўмовах нястачы грошай дзяржава не дапамагае, а не здымаць немагчыма. Так з'явіўся «Хранатоп» — YouTube-серыял без пачатку і канца, у якім аўтары ў кароткай форме аднаўлялі старадаўнія рытуалы беларусаў, расказвалі хтанічныя казкі пра сучаснасць, перапрыдумлялі сваю «паўднёвую готыку», дзе містыка і макабр ідуць плячо да пляча. Тым не менш праз чатыры гады класічны «Хранатоп» сканаў, не вытрымаўшы выпрабавання «меднымі трубамі»: рэжысёры пересталі публікаваць у сеціве свае работы, разлічваючы атрымаць поспех на звычайных кінафестывалях, а гэта ішло ўразрэз з ідэйнымі каштоўнасцямі праекта. На яго месцы год таму паўстаў «Хранатоп В», але які лёс яго чакае, нам яшчэ давядзецца ўбачыць.

Падрыхтавала Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.