Вы тут

Што трэба ведаць пра капітальны рамонт?


Аднойчы кожнаму давядзецца сутыкнуцца з капітальным рамонтам сваёй жылой нерухомасці. Але што мы ведаем пра сучасныя правілы правядзення такога рамонту ў шматкватэрных дамах? Разам з ЖКГ Мінскай вобласці расказваем, чаго не трэба пакідаць без увагі.


Калі мяняюць дах?

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Капітальны рамонт жылога дома робяць на падставе перспектыўных праграм (яны разлічаны на пяць гадоў) і бягучых графікаў (на адзін год). Іх распрацоўваюць і зацвярджаюць мясцовыя ўлады (райвыканкамы, гарвыканкамы, раённыя адміністрацыі). Перад тым як уключыць дом у план ці графік, спецыялісты звяртаюць увагу на тэхнічны стан дома, тэрмін яго службы, на тэхналогіі і матэрыялы, якія выкарыстоўваліся пры будаўніцтве.

Улічваюць нават такія дробязі, як узровень добраўпарадкавання тэрыторыі ці генеральны план жылой забудовы, у якой дом знаходзіцца. Акрамя гэтага, вельмі важна, як будынак эксплуатаваўся, а менавіта — як выконвалі яго тэхнічнае абслугоўванне, ліквідавалі няспраўнасці і як самі ўласнікі ставіліся да агульнай маёмасці. Увага ўдзяляецца і цане рамонту — кошт квадратнага метра не павінен перавышаць норму, якую замацавалі Мінбудархітэктуры і Мінжылкамгас. Калі ж яна будзе перавышана, то дом уключаць у графік толькі з улікам яго тэхнічнага стану і эканамічнай мэтазгоднасці.

— У кожнага элемента дома ёсць мінімальны тэрмін эфектыўнай эксплуатацыі. Ён залежыць ад такіх умоў, як тэмпература, вільготнасць і якасць тэхнічнага абслугоўвання, ад матэрыялаў, якія выкарыстоўвалі, калі гэты дом будавалі, — тлумачыць першы намеснік генеральнага дырэктара ДА «ЖКГ Мінскай вобласці» Павел ШЭЙПАК. — Але трэба разумець, што гэта мінімальны тэрмін, і калі ён скончыўся, а дом, як і раней, знаходзіцца ў добрым стане, то гэта зусім не значыць, што вам правядуць капітальны рамонт.

Наогул усе тэрміны эксплуатацыі канструкцыйных элементаў і інжынерных камунікацый у залежнасці ад матэрыялаў можна знайсці ў адпаведным тэхнічным кодэксе замацаванай практыкі (далей — ТКП), зацверджаным Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва. Напрыклад, тэрмін эксплуатацыі таго ж даху можа складаць ад 10 да 80 гадоў, а сістэм электра- і газазабеспячэння — ад 10 да 40 гадоў.

Хто плаціць?

Капітальны рамонт жылога дома робяць за кошт адлічэнняў грамадзян і сродкаў мясцовага бюджэту. Сума, якую мы кожны месяц аддаём за капітальны рамонт, пералічваецца на спецыяльны рахунак, адкрыты мясцовымі ўладамі ці арганізацыямі, што выконваюць функцыі кіраўнікоў агульнай маёмасці жылога дома (напрыклад таварыствам уласнікаў). Калі сродкі пералічвалі на рахунак выканкама, то работы па капітальным рамонце будуць рабіць за кошт гэтых сродкаў і сродкаў мясцовага бюджэту. Калі ж грошы пералічвалі на рахунак таго ж таварыства ўласнікаў, то рабіць капітальны рамонт будуць толькі за гэтыя асігнаванні. Аднак яно можа пералічыць пэўную суму адлічэнняў на рахунак мясцовых улад і таксама атрымаць падтрымку з боку дзяржавы.

Усе віды работ на канкрэтны жылы дом вызначае праект. Яго распрацоўваюць пасля спецыяльнага абследавання жылога дома, з улікам спісу работ, якія прапісаны ў пастанове Савета Міністраў № 324 ад 21 красавіка 2016 года (са зменамі). Напрыклад, вам могуць адрамантаваць дах, фасад ці замяніць сістэму газазабеспячэння. Аднак у праект не змогуць уключыць такія работы, як замена і рамонт сетак і збудаванняў, якія абслугоўваюць іншыя арганізацыі, — гэта датычыцца радыё, тэлефона, тэлебачання, вонкавых сетак электра-, цепла-, газа-, водазабеспячэння, каналізацыі, цэнтральных цеплавых пунктаў і трансфарматарных падстанцый. Уласнікі за свой кошт павінны будуць зрабіць толькі замену электрычнага, газавага і сантэхнічнага абсталявання, якое знаходзіцца ў іх кватэрах. Але гэта не датычыцца сістэмы ацяплення, супрацьдымнай абароны і аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі.

— У пастанове Савета Міністраў прапісаны спіс работ, якія можна выконваць за кошт адлічэнняў і сродкаў мясцовага бюджэту, але ў праект могуць уключыць і дадатковыя работы па мадэрнізацыі, за якія ўласнікі будуць гатовы заплаціць, — адзначае супрацоўнік ЖКТ Мінскай вобласці. — Напрыклад, гэта могуць быць мерапрыемствы па павышэнні энергаэфектыўнасці ці пакватэрнае рэгуляванне спажывання цяпла.

Сход — гэта важна

Калі ідзе капітальны рамонт, уласнікаў прадстаўляе заказчык. Гэта можа быць арганізацыя ЖКГ, таварыства ўласнікаў, ЖБСК ці ведамаснае жыллё. Першы агульны сход уласнікаў заказчык павінен правесці яшчэ перад тым, як пачалі афармляць праект.

— Вельмі важна, каб жыхары прыйшлі на гэты сход, бо там будуць абмяркоўваць іх жаданні і патрабаванні, неабходнасць іх уключэння ў праектна-каштарысную дакументацыю, — лічыць Павел Шэйпак.

На агульным сходзе заказчык павінен расказаць пра вынікі абследавання дома, пералічыць, якія работы плануецца правесці, і паведаміць кантакты спецыялістаў. На гэтым мерапрыемстве абмяркоўваюць уцяпленне дома і ўстаноўку індывідуальных прыбораў уліку за кошт сродкаў уласнікаў. Вынікі сустрэчы павінны аформіць у пратаколе, які, у сваю чаргу, стане асновай для фарміравання задання на праектаванне. Дарэчы, сход павінны правесці не пазней за 10 дзён да заключэння дагавораў на капітальны рамонт.

Дата, калі ваш дом здадуць у эксплуатацыю, павінна быць прапісана ў дагаворы. Наогул нормы працягласці работ вызначаны ў ТКП 180-2009, які зацверджаны Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

— Канешне, тэрміны могуць быць парушаны, але толькі па аб'ектыўных прычынах — гэта форс-мажорныя абставіны, калі адзін з уласнікаў адмаўляе ў доступе ў сваю кватэру для правядзення пэўных работ, — тлумачыць намеснік дырэктара. — Альбо калі трэба выканаць шмат дадатковых работ, неабходнасць якіх была выяўлена ўжо пры правядзенні капрамонту, ці адсутнічаюць сродкі на іх правядзенне.

Дарэчы, увесці дом у эксплуатацыю можна будзе толькі пасля правядзення ўсіх працэдур, якія былі прапісаны ў праектна-каштарыснай дакументацыі. Калі ж работы былі зроблены няякасна, то жыхары могуць прад'явіць прэтэнзію заказчыку па дагаворы.

Валерыя КІСЛАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.