26 верасня, субота

Вы тут

Як у іншых краінах падтрымліваюць цеплавую мадэрнізацыю дамоў


Летась у Беларусі з'явілася фінансавая падтрымка на правядзенне цеплавой мадэрнізацыі шматкватэрных жылых дамоў. На палову неабходнай сумы ўласнікі маюць магчымасць атрымаць грант, другую ж палову ім прапаноўваюць аплаціць у растэрміноўку на 10-15 гадоў, у залежнасці ад даходу сям'і. Пры гэтым усе клопаты па арганізацыі работ возьме на сябе заказчык, якога вызначыць мясцовая ўлада. Аднак пакуль людзей, якія хочуць паўдзельнічаць у праекце, не вельмі шмат, нягледзячы на шчыльны графік арганізацыі такіх сходаў у беларускіх гарадах. Разам з экспертам расказваем, як гэты працэс выбудаваны ў іншых краінах, а менавіта — ва Украіне, у Казахстане і Латвіі.


«Цёплыя крэдыты» Украіны

Ва Украіне найбольш развітымі кірункамі з'яўляюцца праграма «Цёплыя крэдыты» для грамадзян і праграма па крэдытаванні, якая рэалізуецца праз Дзяржаўны фонд энергаэфектыўнасці.

— Праграма фонда стартавала летась і прапаноўвае падтрымку толькі тым, хто вырашыў стварыць юрыдычную асобу накшталт беларускіх таварыстваў уласнікаў і ЖСК, — расказвае выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці Генадзь КАЛЁНАЎ. — А «Цёплыя крэдыты» пачалі выдаваць яшчэ ў 2014 годзе — з іх дапамогай украінцы могуць набываць энергаэфектыўныя тавары для добраўпарадкавання жылля. Меркавалася, што жыхары будуць выкарыстоўваць менш рэсурсаў на ацяпленне, гэта дапаможа краіне выйсці на новы ўзровень і яна стане незалежнай ад імпартных вугалю і газу.

Іншымі словамі, уласніку ці аб'яднанню ўласнікаў дзяржава кампенсуе частку сродкаў, якія яны затрацілі на ўкараненне энергаэфектыўных мерапрыемстваў. Што ж датычыцца аб'ёму такіх кампенсацый, то ён не мяняецца з 2014 года. Калі фізічная асоба набывае не газавы і не электрычны кацёл, то яна атрымае 20 % ад кошту мерапрыемстваў, але не больш за 12 тысяч грыўняў (крыху болей за 1000 беларускіх рублёў). Уладальнікам прыватных дамоў дзяржава можа кампенсаваць 35 % ад сумы, якую яны затрацілі на энергаэфектыўныя матэрыялы і абсталяванне, але не болей за 14 тысяч грыўняў (каля 1300 беларускіх рублёў). Калі ж кампенсацыю пажадае атрымаць аб'яднанне ўласнікаў, то кожнаму з іх (на адну кватэру) дзяржава аплаціць 40 % ад іх затрат, але не больш за 14 тысяч грыўняў.

Як адзначаюць у Дзяржаўным агенцтве па энергаэфектыўнасці Украіны, за пяць гадоў дзеяння праграмы ёй скарысталіся 750 тысяч украінскіх сем'яў, што складае насельніцтва каля 90 шматкватэрных жылых дамоў. Прыватныя інвестыцыі ў энергаэфектыўнасць склалі больш за 8 мільярдаў грыўняў (больш за 700 мільёнаў беларускіх рублёў), з іх 3 мільярды вярнулі ўкраінцам за кошт дзяржпраграмы. На 2020 год у дзяржаўным бюджэце Украіны на «Цёплыя крэдыты» выдзелена 400 мільёнаў грыўняў (больш за 35 мільёнаў беларускіх рублёў). Выходзіць, што 200 тысяч украінскіх сем'яў атрымаюць магчымасць скарыстацца дапамогай, а гэта, у сваю чаргу, дапаможа сэканоміць больш за 81 мільён кубаметраў прыроднага газу.

— Атрымаць «Цёплы крэдыт» вельмі проста — уласнік проста афармляе мэтавы крэдыт і выкарыстоўвае атрыманыя сродкі выключна на прадукцыю са спісу, які зацверджаны Дзяржаўным агенцтвам па энергаэфектыўнасці і энергазберажэнні Украіны, — тлумачыць Генадзь Генадзевіч. — Пасля гэтага дзяржава кампенсуе частку сродкаў уласніку і пераводзіць іх на рахунак банка-крэдытора.

Акрамя «Цёплых крэдытаў», са студзеня мінулага года ў краіне-суседцы працуе фонд энергаэфектыўнасці. Ён аказвае дапамогу толькі юрыдычным асобам — аб'яднанням уласнікаў накшталт беларускіх таварыстваў уласнікаў.

— Праз гэты фонд праводзяць энергаэфектыўныя мерапрыемствы шляхам выдзялення грантаў і ўкараняюць комплексныя тэхнічныя рашэнні з улікам найлепшых еўрапейскіх практык па цеплавой мадэрнізацыі будынкаў, — кажа эксперт. — Пры гэтым дзейнасць арганізацыі фінансуецца не толькі за кошт сродкаў дзяржбюджэту Украіны, але і пры падтрымцы Еўрасаюза і ўрада Германіі. Каб атрымаць яе, аб'яднанню ўласнікаў трэба прадставіць фонду пакет з 16 дакументаў, у тым ліку і рашэнне ўласнікаў на правядзенне пэўных мерапрыемстваў.

Грант уласнікам фонд плаціць у некалькі этапаў — на правядзенне энергетычнага аўдыту, на распрацоўку праектнай дакументацыі і на выкананне энергаэфектыўных мерапрыемстваў. А вось розніцу паміж дадзенымі часткамі і грантам аб'яднанне ўласнікаў павінна пагасіць самастойна ці ўзяць камерцыйны крэдыт, пры гэтым фонд публікуе карту, на якой паказаны заяўкі ад аб'яднанняў (якія ўжо рэалізуюцца, яшчэ разглядаюцца ці былі адхілены).

Пілотныя праекты

Казахстан яшчэ толькі напрацоўвае праграмы па энергаэфектыўнасці і ажыццяўляе пілотныя праекты з удзелам розных міжнародных арганізацый, у тым ліку па праектах беларускіх інстытутаў (напрыклад, Інстытута жылля — НДПТІБ імя С. С. Атаева).

— Большасці жылых будынкаў Казахстана, якім сёння больш за 30-40 гадоў, ужо неабходны капітальны рамонт, каб панізіць страты цяпла і забяспечыць яго рэгуляванне. Дах, які цячэ, аконныя рамы, што патрэскаліся ад часу, негерметычныя міжпанэльныя швы, а таксама існуючыя сістэмы спажывання цяпла і асвятлення, якія маральна і фізічна састарэлі, абумоўліваюць вялікі расход цяпла і энергіі, а значыць, і вялікі кошт гэтых паслуг, — тлумачыць Генадзь Калёнаў. — Эксперты праектаў ПРААН-ГЭФ па энергаэфектыўнасці падлічылі, што патэнцыял эканоміі энергіі ў шматкватэрных дамах Казахстана можа складаць ад 20 % да 50 % і болей. Цяпер у іх некамфортна, а камунальныя праблемы, якія часта ўзнікаюць, выклікаюць справядлівыя нараканні з боку жыхароў. Але дзе ўзяць грошы на рамонт, які прынясе выгаду людзям і якія менавіта работы трэба выконваць у такіх дамах? Пошукам адказаў займаюцца якраз эксперты ПРААН-ГЭФ падчас рэалізацыі пілотных праектаў у краіне.

Напрыклад, адзін з такіх праектаў рэалізоўвалі з 2018 да 2020 года ў горадзе Цеміртау — ажыццявілі комплексную цеплавую мадэрнізацыю тыпавога жылога шматкватэрнага дома. Галоўнай мэтай ініцыятывы было прадэманстраваць магчымасці змешанага суфінансавання з боку сродкаў бізнесу, уласнікаў кватэр і грантаў. Праект выконвалі разам з гаспадарамі кватэр жылога дома, прадстаўнікамі кааператыва ўласнікаў кватэр, які абслугоўвае гэты дом, прыватнага бізнесу пры падтрымцы Праграмы малых грантаў ГЭФ і Праграмы развіцця ААН. Больш за тое, ініцыятыва ўвайшла ў пералік мерапрыемстваў комплекснага плана аб мерах па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі Карагандзінскай вобласці.

У рамках праекта ўцяплілі падвал дома, выканалі работы па герметызацыі міжпанэльных швоў, адрамантавалі і ўцяплілі дах, замянілі вокны і асвятленне ў пад'ездах, устанавілі так званае «разумнае ацяпленне» і ўцяплілі разводныя трубаправоды ў падвале. Што ж датычыцца кошту, то 20 мільёнаў тэнге (каля 120 тысяч беларускіх рублёў) склаў грант з боку Праграмы малых гарадоў ГЭФ і Праграмы развіцця ААН, а 2,5 мільё
на тэнге (каля 15 000 беларускіх рублёў) уласнікі кватэр прыцягнулі ў выглядзе энергасэрвіснага дагавору з боку прыватнага бізнесу. Згодна з падпісаным пагадненнем, жыхары вяртаюць кампаніі грошы, якія былі затрачаны на ўстаноўку «разумнага ацяплення», уцяплення трубаправодаў у падвале і замену існуючай сістэмы асвятлення на святлодыёдныя тэхналогіі. Пры гэтым штомесячныя плацежы на адну кватэру (каля 35 тэнге, ці каля 20 беларускіх капеек за 1 квадратны метр) не перавышаюць памеру той эканоміі платы за цяпло і гарачую ваду, якую абумовілі мерапрыемствы, ажыццёўленыя ў рамках праекта.

— Пры гэтым спецыялісты ПРААН і Праграмы малых грантаў ГЭФ рэкамендуюць уласнікам кватэр такіх жылых дамоў збіраць частку сродкаў на рамонт агульнай маёмасці самастойна, бо некаторыя мерапрыемствы энергасэрвісны дагавор не кампенсуе, а ў нейкія месцы бізнес можа нават не прыйсці, — адзначае Генадзь Генадзевіч. — Датычыцца гэта мерапрыемстваў па ўцяпленні даху, фасада, замены вокнаў і іншых работ, якія неабходны, каб скараціць страты цяпла. Больш за тое, гранты будут выдзяляць толькі асобным дамам, а ўласнікі астатніх павінны самастойна збіраць грошы на большую частку работ. Альтэрнатыва — аплачваць поўны кошт, устаноўлены энергетычнымі кампаніямі.

Зніжка на падатак

У Латвіі дзейнічае дзяржаўная праграма суфінансавання сродкаў еўрафондаў «Праграма энергаэфектыўнасці шматкватэрных дамоў». Па звестках Міністэрства эканомікі Латвіі, з 2009 да 2019 года ў краіне было мадэрнізавана 740 дамоў, альбо 1,9 % ад неабходнага.

— У рамках гэтай праграмы аб'яднанні ўласнікаў шматкватэрных дамоў атрымлівалі кампенсацыю да 50 % ад кошту мадэрнізацыі і падтрымку ад мясцовых улад, — адзначае Генадзь Калёнаў.

Напрыклад, у Рызе падтрымка выяўлялася ў бясплатных кансультацыях па пытаннях энергаэфектыўнасці, якія аказвае Рыжская энергетычная агентура, суфінансаванні да 80 % расходаў па правядзенні энергааўдыту (але не больш за 426,86 еўра, або каля 1200 беларускіх рублёў на адзін дом) і ў 90-працэнтным зніжэнні падатку на нерухомасць для тых шматкватэрных дамоў, якія ўжо здзейснілі рэнавацыю на ўмовах праграмы энергаэфектыўнасці.

— Колькасць праектаў, якія рэалізуюцца, павялічвалася да 2014 года, але потым працэс пайшоў на спад, і ў 2016 годзе яна вярнулася на ўзровень 2012 года, — расказвае Генадзь Генадзевіч. — Часткова гэта звязана з новымі ўмовамі фінансавання з боку Еўрасаюза, якія сталі больш складаныя, і з даволі вялай палітыкай стымулявання гэтых працэсаў з боку дзяржавы.

Як лічаць спецыялісты няўрадавай арганізацыі «Офіс захавання і энергазберажэння», на агульнае аднаўленне існуючага савецкага жылога фонду Латвіі неабходна восем мільярдаў еўра (ці больш за 22 мільярды беларускіх рублёў), палова з якіх прыходзіцца на Рыгу.

Валерыя КІСЛАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.