Вы тут

Праца ў вясковым Доме культуры — як і што гэта?


Творчасць можа асацыіравацца з адпачынкам, яднаннем з самiм сабой альбо, наадварот, выхадам «у свет». Так цi iнакш, адной з яе характэрных рыс з'яўляецца адданасць. Мы пiшам, спяваем, малюем, ствараем для кагосьцi — цi для аднаго чалавека, цi для шырокага кола людзей. Але адна справа, калi вы аматар, i зусiм iншая, калi тварыць — прафесiйны абавязак... Мы спыталi ў двух маладых спецыялiстаў са сферы культуры, як iм удаецца штодзень сябраваць з натхненнем. Лалiце i Настассi па 21 годзе, працуюць яны ў розных месцах. У кожнай — свае рэцэпты поспеху.


Лаліта Ткачова.

Лалiта Ткачова — кiраўнiк народнага вакальнага калектыву ў Азёрнаўскiм сельскiм Доме культуры. Як i многiя, хто прыязджае вучыцца ў Мiнск, дзяўчына планавала жыццё ў горадзе. Упартая, эпатажная, яна скончыла Мiнскi дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасцi «харавое мастацтва». Аднак пры размеркаваннi запаветная «сталiца» аказалася крыху на паўднёвы ўсход ад Мiнска, у Чэрвеньскiм раёне.

— Прыемна здзiвiла тое, што да мяне адразу паставiлiся як да калегi. Калектыў маленькi, але добры i гатовы iсцi насустрач. Мне падабаецца тут, праўда, дабiрацца нязручна: спачатку з Мiнска на маршрутцы, а пасля шэсць кiламетраў пешшу (крута, калi едзе спадарожная машына, але такое бывае рэдка). Дарэчы, трэба з найблiжэйшага заробку набыць фiтнес-гадзiннiк...

Канцэртаў у вёсцы няшмат. Бяда ў тым, што моладзi мала, большасць з'ехала ў сталiцу. Часам Дом культуры праводзiць дыскатэкi, але нават проста «патусавацца» ледзь назбiраецца 20 чалавек. Затое ў Азёрным ахвотна спраўляюць Дзень рыбака i Дзень вёскi. Лалiта сама ўдзельнiчала ў праграме: дэманстравала некалькi вакальных нумароў. Перад кожным святам складаецца план мерапрыемства. Але не ўсё можа iсцi па iм...

Калектыў «Азяраначка» (Лалiта — крайняя злева).

— ...Я толькi пачынала працаваць. Было лета, канцэрт ладзiлi на вулiцы. I вядучую падчас свята ўджалiла пчала. У яе пачаўся прыступ астмы, таму выйсцi i працягваць яна не магла. Давялося мне, хоць слоў як след не ведала. Пачала iмправiзаваць, выдумляць ад сябе. Лiчу, атрымалася файна, трэба проста адчуваць публiку, — прыгадвае суразмоўнiца.

Калi з падлеткамi i моладдзю цяжкавата, то дзецi наведваюць клуб ахвотна. Збiраюцца i разам спяваюць, Лалiта вучыць iх правiльна выкарыстоўваць голас, знаёмiць з беларускiмi народнымi песнямi i прыпеўкамi. У дзiцячай вакальнай групе шэсць чалавек ад 5 да 10 гадоў. З iмi, прызнаецца, складана.

— У нас дзелавая дамова: спачатку распяваемся, праганяем спевы, а пасля гуляем у «Кракадзiла». Банальнай строгай цётцы тут дакладна не месца! Я пастаянна з iмi размаўляю, распытваю пра захапленнi, любiмыя песнi, цiкаўлюся, кiм яны сябе бачаць праз дзесяць гадоў. Разам малюем, у нас ёсць настольныя гульнi, адгадваем шарады — такiм чынам мы зблiжаемся i сябруем, — кажа дзяўчына.

Асноўнай аўдыторыяй у Азёрнаўскiм ДК з'яўляюцца людзi сталага ўзросту. Акрамя заняткаў з дзецьмi Лалiта кiруе народным ансамблем «Азяраначка», калектывам, якому ўжо больш за 65 гадоў! Дзяўчына шчыра кажа, што ўсе яго ўдзельнiцы вельмi таленавiтыя, нягледзячы на адсутнасць музычнай адукацыi. Галоўнае — талкова i проста тлумачыць дэталi, складаныя тэрмiны i мець цярпенне: людзi прыходзяць у клуб адпачываць, займаючыся творчасцю.

Сама Лалiта iграе на скрыпцы i займаецца народным вакалам. У вольны час дзяўчына наведвае мастацкiя выстаўкi, любiць балет. Сама пiша харавыя i ансамблевыя творы на народны лад у сучаснай апрацоўцы.


Наша другая суразмоўнiца Настасся Лiтвiнковiч — дырэктар Дома культуры вёскi Маркава, што на Маладзечаншчыне. Дзяўчына жыве побач з месцам работы, у бацькоўскiм доме. Па адукацыi яна юрыст.

За дырэктарскiм сталом.

— Спачатку было страшна, казалi пра безлiч планаў, здавалася, што ўсё вельмi складана i без навыкаў мяне не возьмуць. А потым я зразумела, што для такой работы дастаткова фантазii, энтузiязму i добрага настрою. Гэтага ў мяне хапае!

Праграмы канцэртаў дзяўчына пiша сама, затым усё абмяркоўваецца i ўзгадняецца ў калектыве. Часам весцi праграмы i прыдумваць iдэi дапамагае малодшая сястра. Iмпрэзы ладзяць не толькi ў актавай зале, даводзiцца таксама ездзiць па малых вёсках Маркаўскага сельсавета, i тут важна не прагадаць з надвор'ем, бо пад дажджом вас слухаць нiхто не будзе. Адно з яскравых свят, якое вельмi любiць моладзь, — Купалле.

— Усяк бывае: нехта не дойдзе, электрычнасць знiкне ў самы разгар канцэрта... Але тут я ўключаю фантазiю, i публiка ўжо думае, што сядзiць без святла наўмысна, — дзелiцца сакрэтам дзяўчына.

У Маркаўскiм Доме культуры асаблiвая ўвага звяртаецца на падрастаючае пакаленне. Дзецi тут чытаюць вершы, абмяркоўваюць iх разам. Да спорту — таксама з павагай: гульнi, невялiчкiя спаборнiцтвы, танцы i размовы пра здароўе. Настасся вядзе танцавальны гурток.

Суразмоўнiца адзначае, што хлопчыкаў i дзяўчынак складана разняволiць, бо яны моцна схiльныя да чужога меркавання, i многiя баяцца, што выглядаюць на сцэне не вельмi добра. Пасля чарговай рэпетыцыi танцавальны гурток сядае за салодкi стол, п'е гарбату i размаўляе на любыя тэмы ў сяброўскай атмасферы.

Настасся Лiтвiнковiч на сцэне (у цэнтры).

Настасся нядрэнна спявае, хоць i не мае музычнай адукацыi. Пастаянна працуе над голасам, сама выходзiць на сцэну. Любiць тэатр, захапляецца камедыямi. З дзяцiнства марыла стаць актрысай i сыграць ролю якога-небудзь разбойнiка. Любiць прыгоднiцкi жанр i дэтэктывы. Калi выбiрала прафесiю, хацела паступаць у тэатральны, але спынiлася на юрыспрудэнцыi па агульным рашэннi сям'i. Аднак, як паказала жыццё, дыплом не з'яўляецца гарантыяй добрай i стабiльнай работы. Цяпер яна кiруе Домам культуры i надалей плануе рэалiзоўваць сябе ў творчым кiрунку.

Наперадзе яшчэ не адно свята. Кожнае з iх будзе напоўнена любоў'ю i павагай да гледачоў, i без фантазii дзяўчат Дамам культуры нiяк не абысцiся.

Кацярына Касцевiч, студэнтка IV курса факультэта журналiстыкi БДУ

Фота з архiва гераiнь

Загаловак у газеце: Пасябраваць з натхненнем. Вiтае i запрашае вясковы Дом культуры!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.