Вы тут

У Мінску прадставілі новы гарадскі аўтобус МАЗ-303


Мінскі аўтамабільны завод да свайго 75-годдзя выпусціў першы аўтобус трэцяга пакалення.


У новай мадэлі распрацоўшчыкі вырашылі сумясціць еўрапейскі дызайн з нацыянальнымі традыцыямі. Першынцам трэцяга пакалення стаў нізкападлогавы МАЗ-303. У «анфас» ён падобны да «міжгародніка», а зверху мае каларытную гарбінку, якая павінна нагадваць сілуэт зубра.

«Такіх аўтобусаў у Беларусі яшчэ не было. Многія элементы і дызайнерскія рашэнні ўжытыя намі ўпершыню. Яны задаюць тон і збольшага дэманструюць, як будуць выглядаць новыя мадэлі МАЗ. Нам было важна стварыць стыльны еўрапейскі аўтобус, які пры гэтым захаваў бы пераемнасць і перадаваў этнакультурны каларыт», — растлумачылі новы выгляд аўтобусаў на Мінскім аўтазаводзе.

Габарыты новай мадэлі: даўжыня — 12,43 метра, шырыня — 2,55 метра, вышыня — 3,1 метра. Салон размесціць да 110 пасажыраў у залежнасці ад камплектацыі, з іх 26 — на сядзеннях, магчымая таксама кампаноўка з 16 сядзеннямі на нізкай падлозе. МАЗ-303 абсталяваны турбадызельным рухавіком класа Еўра-6 ад Daіmler магутнасцю 299 «коней».

Салон аўтобуса выкананы па еўрапейскіх стандартах. Унутры папрастарнела, а ў пярэдняй частцы з'явіліся паўтарачныя сядзенні, зробленыя з клопатам пра мам з дзецьмі, пенсіянераў і іншых пасажыраў. Старанна прадуманы поручні, да таго ж на цэнтральнай пляцоўцы можна абаперціся на шырокую спінку. Вышыня падлогі — усяго 32 сантыметры, а для людзей на калясках усталяваная высоўная платформа з электрапрывадам.

Сярод навін — USB-парты для зарадкі смартфонаў і планшэтаў на ўсіх радах сядзенняў. За клімат у салоне адказваюць пяць ацяпляльнікаў і кандыцыянер, прычым апошні можа працаваць і на абаграванне. Месца кіроўцы таксама асучаснілі, зрабіўшы зручным і высокатэхналагічным. Камеры, напрыклад, забяспечаць 100-працэнтны агляд унутры і вакол аўтобуса.

Аўтобусы будуць прапаноўвацца для выкарыстання ў гарадах Беларусі, Расіі і іншых краін СНД. Чакаецца, што яны таксама атрымаюць «прапіску» ў еўрапейскіх гарадах і краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?