Мінскі аўтамабільны завод да свайго 75-годдзя выпусціў першы аўтобус трэцяга пакалення.
У новай мадэлі распрацоўшчыкі вырашылі сумясціць еўрапейскі дызайн з нацыянальнымі традыцыямі. Першынцам трэцяга пакалення стаў нізкападлогавы МАЗ-303. У «анфас» ён падобны да «міжгародніка», а зверху мае каларытную гарбінку, якая павінна нагадваць сілуэт зубра.
«Такіх аўтобусаў у Беларусі яшчэ не было. Многія элементы і дызайнерскія рашэнні ўжытыя намі ўпершыню. Яны задаюць тон і збольшага дэманструюць, як будуць выглядаць новыя мадэлі МАЗ. Нам было важна стварыць стыльны еўрапейскі аўтобус, які пры гэтым захаваў бы пераемнасць і перадаваў этнакультурны каларыт», — растлумачылі новы выгляд аўтобусаў на Мінскім аўтазаводзе.
Габарыты новай мадэлі: даўжыня — 12,43 метра, шырыня — 2,55 метра, вышыня — 3,1 метра. Салон размесціць да 110 пасажыраў у залежнасці ад камплектацыі, з іх 26 — на сядзеннях, магчымая таксама кампаноўка з 16 сядзеннямі на нізкай падлозе. МАЗ-303 абсталяваны турбадызельным рухавіком класа Еўра-6 ад Daіmler магутнасцю 299 «коней».
Салон аўтобуса выкананы па еўрапейскіх стандартах. Унутры папрастарнела, а ў пярэдняй частцы з'явіліся паўтарачныя сядзенні, зробленыя з клопатам пра мам з дзецьмі, пенсіянераў і іншых пасажыраў. Старанна прадуманы поручні, да таго ж на цэнтральнай пляцоўцы можна абаперціся на шырокую спінку. Вышыня падлогі — усяго 32 сантыметры, а для людзей на калясках усталяваная высоўная платформа з электрапрывадам.
Сярод навін — USB-парты для зарадкі смартфонаў і планшэтаў на ўсіх радах сядзенняў. За клімат у салоне адказваюць пяць ацяпляльнікаў і кандыцыянер, прычым апошні можа працаваць і на абаграванне. Месца кіроўцы таксама асучаснілі, зрабіўшы зручным і высокатэхналагічным. Камеры, напрыклад, забяспечаць 100-працэнтны агляд унутры і вакол аўтобуса.
Аўтобусы будуць прапаноўвацца для выкарыстання ў гарадах Беларусі, Расіі і іншых краін СНД. Чакаецца, што яны таксама атрымаюць «прапіску» ў еўрапейскіх гарадах і краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.
Іван Купарвас
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/transpart
[4] https://zviazda.by/be/tags/maz
[5] https://zviazda.by/be/tags/autobus