Вы тут

Усмешка, цымбалы і рок-н-рол Ксюшы Галецкай


У сям'і Галецкіх чацвёра дзяцей: старэйшыя Вова і Маша, Ксюша і зусім маленькі Арсеній. Але менавіта Ксюша такая няўрымслівая і энергічная, што спявае, танцуе, вывучае некалькі замежных моў, вядзе тэлеперадачу — і ва ўсім дасягае поспехаў. Не дзіўна, што сёлета менавіта яна прадставіць Беларусь на дзіцячым конкурсе «Славянскага базару ў Віцебску». На падліку перамог, якія дзяўчынка за свае 11 гадоў атрымала на шматлікіх музычных конкурсах, мы збіліся і кінулі гэты дарэмны занятак. Затое падрыхтавалі для Ксюшы «матэматычныя» пытанні, у кожным з якіх — пэўная лічба пра яе.


— Помніш песню, з якой першы раз выйшла на вялікую сцэну?

— Так, гэта была «О-а-о» Ксеніі Сітнік, я выступала з ёй на адборы тэлеконкурсу «Я спяваю»...

— ...І ў сем гадоў стала ўдзельніцай пятага сезона праекта. Чым наогул запомніўся табе гэты конкурс, акрамя таго, што пастаянна даводзілася ездзіць на заняткі з педагогамі з Гомеля ў Мінск?

— Па-першае, я пасябравала з многімі таленавітымі дзецьмі, з якімі і цяпер мы сустракаемся на канцэртах. Па-другое, безумоўна, сцэнічны вопыт — раней я ніколі не выступала на такой вялікай пляцоўцы (Палац Рэспублікі. — Аўт.), а пасля гэтага дэбюту дзякуючы працы з вопытнымі педагогамі многаму навучылася і ўжо не баялася. Атрымаўся такі маленькі стартап, пасля якога я ўжо занялася музыкай усур'ёз.

У 2015-м пасля тэлеконкурсу «Я спяваю» Ксюша разам з іншымі фіналістамі выступала ў гарадах Беларусі і Славакіі, потым прывезла некалькі Гран-пры, у тым ліку з Масквы і Кіева. А летась Галецкія пераехалі з Гомеля ў Мінск, дзе Ксюша займаецца ў студыі мастацтваў Malіnovka by Spamash прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» і шмат выступае.

— Песню «Грай» аўтарства Анастасіі Марчук ты будзеш выконваць 8 ліпеня ў фармаце «плюс 1», то-бок удзвюх з Насцяй Ванеевай, цымбалісткай са Смаргоні, якая ў шоу «Лепш за ўсіх» вучыла Максіма Галкіна, што наша краіна правільна называецца Беларусь.

— Запрасіць Насцю — гэта была ідэя дырэктара прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» Анжэліны Уладзіміраўны Мікульскай. Мы сустрэліся і, хоць раней бачылі адна адну толькі па тэлевізары, хутка «сыграліся», нам вельмі камфортна выступаць разам. Магчыма, я справілася б і ў адзіночку, але разам з Насцяй нашмат лягчэй, падтрымка на сцэне — гэта вельмі важна.

— Зараз назаву страшную лічбу: другая твая конкурсная песня, «Back іn the USSR», напісаная ў 1968-м. Яна старэйшая за цябе практычна на 40 гадоў! Нечаканы выбар для дзяўчынкі, якая ведае СССР у лепшым выпадку па расказах бацькоў...

— Калі мы з мамай і педагогам шукалі песню для конкурсу, то пачулі гэты твор, але не ў той версіі, якую спявалі The Beatles, а ў арыгінальнай аранжыроўцы, у якой ёсць дзе паказаць голас. Вырашылі спыніцца менавіта на гэтым варыянце.

Ксюша са смехам прыгадвае, як шукала з мамай адпаведны песні касцюм — усё падабралі, акрамя абутку. Літаральна ў апошні дзень перад канцэртам знайшліся ў краме стыльныя боцікі, але... 38-га памеру. І дзяўчынка са сваім папялушкіным 35-м, зашнураваўшы і зашпіліўшы абутак, дзе толькі можна, зрабіла ўсё, каб гледачы ні пра што не здагадаліся. Вось што значыць артыстка!

— У апошнія два гады ты не толькі спявачка, але і тэлевядучая на канале «Беларусь 4. Гомель». Пра што расказваеш у перадачы «Класны час»?

— Гэта пазнавальна-забаўляльная перадача для падлеткаў, у якой расказваем розныя навіны пра жыццё, школу, захапленні, праводзім эксперыменты, таксама гутарым з цікавымі гасцямі.

— Пасля пераезду з Гомеля ў Мінск ты паступіла ў лінгвістычную гімназію і цяпер вывучаеш ажно тры замежныя мовы: англійскую, французскую і кітайскую. На якой больш падабаецца спяваць?

— Спявала ўрывак нават на кітайскай, — усміхаецца Ксюша, — але гэта вельмі складаная мова, трэба вывучыць усе іерогліфы, як яны правільна пішуцца, у якім парадку ставіць кожную палачку і закаручку, зверху ўніз ці наадварот... У вывучэнні якраз дапамагае музыка, бо ў кітайскай значэнне слоў змяняецца ў залежнасці ад інтанацыі. На французскай таксама выконвала кампазіцыю Лары Фабіян «Je suіs malade», вельмі падабаецца гэта песня. А англійская мова — наогул самы любімы школьны прадмет, мне цікава і вучыць яе, і спяваць на ёй.

— Неўзабаве пасля «Славянскага базару» ў цябе будзе дзень нараджэння. Які найлепшы падарунак на 12-годдзе?

— Найлепшы, бясспрэчна, перамога ў конкурсе, але гэта трэба зрабіць самой. А ад іншых... Не ведаю нават, у мяне ўсё ёсць, нават што датычыцца дробязяў.

— Тады ўдачы табе на сцэне і падары сабе і нам добры настрой!

 З першых вуснаў

— Што мяне радуе — Беларусь сёлета прадстаўляюць вельмі юныя, але вельмі сучасныя артысты, якія нясуць культуру цяперашняга дня, — адзначае дырэктар прадзюсарскага цэнтра» Спамаш» Анжэліна МІКУЛЬСКАЯ. — Акрамя вакальнага таленту і артыстычных здольнасцяў, яны надзвычай працавітыя, гатовыя бясконца ўдасканальвацца дзеля выніку, дадаткова займацца, рэпеціраваць. Часам нават даводзіцца прытрымліваць іхні імпэт, каб паберагчы звязкі. А яшчэ ў іх ёсць вельмі душэўнае, добразычлівае стаўленне да публікі, удзячнасць за дапамогу і добрае слова, любоў да радзімы і сур'ёзнае разуменне таго, што яны прадстаўляюць сваю краіну. Гэта ўсё вельмі важныя якасці, бо дзякуючы ім Ксюша і Ваня — не «прадзюсарскі праект», не штучна прыдуманыя артысты, а сапраўдныя, такія, як яны ёсць. І, безумоўна, наша задача як прадзюсарскага цэнтра — паказаць гэтую сапраўднасць у самым выйгрышным святле, каб яны выступілі пераможна.

Як пяецца ў адной добрай песні, што тут дадаць — хіба што нічога. Няхай задуманае спраўдзіцца і беларускія канкурсанты атрымаюць свае «Ліры», а слухачы — новых яркіх артыстаў. Сваіх!

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.