Вы тут

«Зорны» гадаванец. ​Ганна Шаркунова: Джагер запаўняў усю пустую прастору


Лічыцца, што калі дзяўчынка клапоціцца аб хатніх гадаванцах, з яе вырасце добрая мама. Спявачка Ганна Шаркунова менавіта такая: клапатлівая, адказная мама маленькага сыночка Макса. А яшчэ Ганна — гаспадыня чароўнай белай мальтыйскай балонкі, названай у гонар знакамітага брытанскага музыканта Майкла Джагера.


— Мабыць, кожнае дзіця марыць аб хатнім гадаванцы. А ў вас у дзяцінстве былі хатнія жывёлы?

— Колькі сябе памятаю, заўсёды. Хіба што на Камчатцы мы жылі без жыўнасці. Тата ў моры, а мама адна з двума пагодкамі — з братам у мяне розніца год і чатыры месяцы. Той яшчэ быў заапарк, напэўна. (Усміхаецца.) У нашай сям'і дзеці не прасілі ўзяць каго-небудзь, тата сам прыносіў у дом «братоў меншых». Кошка Маруся неяк прыбілася да нас, абсалютна дзікая, і памалу з'ела... першых нашых хатніх насельнікаў — рыбак. Маруська як прыйшла, так аднойчы і знікла. А тата з ваенна-марской часці прынёс маленькае рудое кацяня, якое ператварылася ў тоўстага, гультаяватага, але шчаслівага ката Рыжыка, які пражыў у нас 19 гадоў.

Калі тата праз гадоў пяць прынёс шчанюка баксёра, памятаю, мама вельмі злавалася: ні з кім не размаўляла і абяцала да яго не падыходзіць, не карміць і наогул не заўважаць. Яна трымалася два дні. На трэці мы непрыкметна ўвайшлі ў кватэру, а мама сядзела са шчанюком на руках і міла мармытала яму нешта, чухаючы за вушкам. Так яна здалася, і мы ўсе разам шчасліва жылі.

— А як з'явілася ў вас у доме мальтыйская балонка з «музычнай» мянушкай?

— Джагер у нашай сям'і першынец, і мы ўсе яго вельмі любім. Я вырашыла завесці сабаку таму, што надта хацелася клапаціцца пра кагосьці маленькага, бо дзіця з'явілася ў мяне, па агульнапрынятых мерках, даволі позна. Джагер «закрываў» усе мае эмацыянальныя дзіркі, запаўняў усю пустую прастору. Я і цяпер памятаю адчуванне шчымлівай пустэчы, калі заходзіш у кватэру, а там — ні душы...

— А чаму выбралі менавіта балонку?

— Парода, на мой погляд, вельмі годная. Я шмат чытала, раілася. Справа ў тым, што я алергік і аматар чысціні, таму да выбару сабакі падыходзіла вельмі прагматычна. Наш сабачка зусім не ліняе, не пахне (нават мокры), і ў нас ніякіх алергій няма. Выдатная «гарадская» парода, і да таго ж разумная. Я вельмі баялася, што Джагер дзе не трэба будзе гаўкаць, дзе трэба стаяць — будзе бегчы. Вельмі добра, што памылілася. Аказалася, у нас самы кемлівы сабака, які ведае шмат камандаў і разумее нас з паўслова. Ён — добры, але не бесхарактарны і вельмі ўдумлівы.

— Цяжка было выхоўваць шчанюка?

— Усіх маленькіх улюбёнцаў цяжка выхоўваць, бо баішся зрабіць памылку, нашкодзіць. Мы літаральна трэсліся над ім — гэта праўда. Вядома, не ўсё атрымлівалася. Я зусім ужо звыклася з думкай, што буду вечна хадзіць з вядром і прыбіраць, мыць, церці падлогу. Ужо не спадзявалася, што ў Джагера наладзіцца «праграма» з туалетам. Гэта дастаткова доўга цягнулася. Але потым неяк усё наладзілася і забылася. Астатнія каманды ён лавіў імгненна.

— Ганна, а як Джагер прыняў новага члена сям'і — вашага сына Макса?

— Для сабакі, вядома, гэта быў стрэс. Прынеслі нейкую невядомую істоту і не адыходзяць ад яе 24 гадзіны ў суткі. Натуральна, увагі Джагеру я ўжо ўдзяляла менш. Прасіла мужа абдымаць і гладзіць яго часцей, каб ён не адчуваў сябе адзінокім. Самой жа не да сабакі дакладна было. Джагер вельмі хутка пасталеў са з'яўленнем Макса. Стаў самастойна есці, а раней з рук яго кармілі і літаральна скакалі перад ім. Адназначна стаў больш цярплівы, гэта датычыцца і прагулак, і ўсяго астатняга.

— У Еўропе ёсць спецыяльныя кантэйнеры ў парках, а ў іх нават расходныя матэрыялы — пакуначкі, часам аднаразовыя лапаткі. А як вы ацэньваеце сталічную інфраструктуру для сабак? Якой уяўляеце яе ў ідэале?

— У нас і з дзіцячымі пляцоўкамі бяда, што ўжо казаць пра сабак! Не да гэтага гораду, на жаль. Адзінае, на што хапае сродкаў, дык гэта на таблічкі «выгул забаронены». Хоць на верталётах дабірайся да сабачай пляцоўкі ў іншым квартале. Усё гэта сумна. Але, калі шчыра, мяне як гаспадыню сабакі таксама раздражняе, калі з-пад расталага снегу з'яўляюцца паўсюль сабачыя «падарункі». Тут трэба кожнаму пачынаць з сябе і прыбіраць за сваім сабакам. Кожнаму. Цяпер няма дэфіцыту пакетаў, наадварот, мы столькі іх выкідваем, што не праблема знайсці лішні і прыбраць за сваім улюбёнцам.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Ганны Шаркуновай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.