Вы тут

Ад эканомікі паўторнага выкарыстання — да цыркулярнай


Узровень паўторнага выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў у нашай краіне складае 25 %, да 2035 года плануецца перапрацоўваць 90 % ЦКА. Што ўжо цяпер робіцца для развіцця эканомікі замкнёнага цыкла і якія праблемы трэба вырашыць, распавёў Анатоль ШАГУН, начальнік упраўлення дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».


Эканоміка бывае розная

Для нас дастаткова звыклая класічная лінейная мадэль эканомікі, якую можна апісаць так: зрабілі — выкарысталі — выкінулі.

Эканоміка замкнёнага цыклу, або цыркулярная, заснавана на аднаўленні рэсурсаў, перапрацоўцы другаснай сыравіны, пераходзе ад выкарыстання выкапнёвага паліва да аднаўляльных крыніц энергіі. За кошт такіх тэхналогій можна мінімізаваць здабычу рэсурсаў, утварэнне адходаў і іншых забруджванняў навакольнага асяроддзя.

«Можна сказаць з пэўнымі дапушчэннямі, што ў Беларусі мадэль эканомікі набліжаецца да прамежкавага стану — да эканомікі паўторнага выкарыстання. Шэраг сектараў эканомікі ў значнай ступені існуе за кошт другасных сыравінных рэсурсаў: у металургічнай вытворчасці доля другаснай сыравіны дасягае практычна 100 %, у цэлюлозна-папяровай вытворчасці складае каля 90 %, у шклатарнай вытворчасці — больш за 50 %», — адзначыў Анатоль Шагун.

Між тым эканоміка замкнёнага цыклу — гэта не столькі нейкія фінансавыя паказчыкі, колькі іншая сістэма мыслення чалавека, яго спажывецкіх звычак, заснаваных на ўсвядомленай неабходнасці больш рацыянальных вытворчасці і спажывання.

Камунальныя адходы ў сістэме замкнёнай эканомікі

У нашай краіне штогод утвараецца каля 4 млн тон ЦКА, што складае не больш за 6-7 % ад агульнага аб'ёму ўтварэння адходаў.

Цяпер выкарыстанне ЦКА ў асноўным абмяжоўваецца выманнем з іх складу другасных матэрыяльных рэсурсаў і перапрацоўкай некаторага аб'ёму арганічнай часткі. Пры цяперашнім складзе адходаў узровень выкарыстання ЦКА толькі за кошт другаснай сыравіны не можа перавышаць 30 %. Да таго ж развіццё вытворчасцяў па паглыбленай перапрацоўцы адходаў абыходзіцца значна даражэй, чым іх размяшчэнне на палігонах.

Нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з ЦКА і ДМР прадугледжаны шэраг сістэмных прапаноў, накіраваных на збліжэнне існуючай практыкі ў нашай краіне з найлепшымі сусветнымі дасягненнямі, якія паказалі сваю бяспечнасць і эфектыўнасць. У адпаведнасці са стратэгіяй, да 2035 года паказчык выкарыстання камунальных адходаў павінен дасягнуць 90 %. З гэтай мэтай плануецца выманне ўсіх прыдатных да выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў, што складаюць 29 % ад усяго аб'ёму ўтварэння ЦКА, і 61 % за кошт укаранення новых для Беларусі тэхналогій — кампаставання арганічнай часткі (23 %) і выкарыстання цеплатворнай фракцыі (38 %).

Камунальныя адходы, у першую чаргу адходы спажывання, могуць стаць надзейнай крыніцай сыравіны ў цыркулярнай эканоміцы, але для гэтага неабходна змяніць стратэгію як вытворцам тавараў, работ і паслуг, так і стратэгію паводзін спажыўцоў.

Утварэнне адходаў лепш прадухіліць

Прыярытэтам у сферы абыходжання з адходамі з'яўляецца мінімізацыя іх утварэння. Для гэтага ў сферы вытворчасці прадуктаў неабходна заканадаўча замацаваць прынцыпы прадухілення ўтварэння адходаў і кіравання імі як рэсурсамі, што цяпер адсутнічае.

Для гэтага трэба будзе вырашыць шэраг задач як у сферы вытворчасці і дыстрыбуцыі, так і ў сферы спажывання.

Што трэба рабіць? Ствараць прадукт з доўгім тэрмінам службы, які падлягае рамонту, аднаўленню і паўторнаму выкарыстанню.

Пры выбары матэрыялаў арыентавацца на тыя, што вырабленыя з выкарыстаннем ДМР альбо для якіх маецца магчымасць іх шматразовай перапрацоўкі. Прынцыпам эканомікі замкнёнага цыкла адпавядае скарачэнне выкарыстання неаднаўляльных крыніц энергіі і ўтварэння адходаў пры вытворчасці прадукцыі і аказанні паслуг.

Пры арганізацыі збыту гатовых тавараў неабходна зніжаць аб'ёмы ўпакоўкі, выкарыстоўваць яе з матэрыялаў, якія могуць быць перапрацаваныя. З гэтай мэтай прапануецца ўвесці забарону на выкарыстанне асобных відаў упакоўкі і абмежаванне яе колькасці. Акрамя таго, неабходна распрацаваць меры, накіраваныя на зніжэнне страт пры рэалізацыі тавараў, у тым ліку звязаных з заканчэннем тэрміну іх прыдатнасці.

Мабыць, кожны спажывец сутыкаўся з тым, што вага ўпакоўкі можа ў некалькі разоў перавышаць вагу тавару. Таму ўяўляецца мэтазгоднай распрацоўка нацыянальнага плана па ўпакоўцы і развіцці ўпаковачнай галіны ў прывязцы да задач эканомікі замкнёнага цыкла.

Усё гэта будзе мець эфект пры ўмове, што і паводзіны спажыўцоў зменяцца. Робіцца актуальнай прапаганда адказнага спажывання, папулярызуецца сумеснае выкарыстанне тавараў і паслуг, развіваецца сістэма паасобнага збору адходаў спажывання.

Як падоўжыць жыццё тавараў?

Адзін з кірункаў цыркулярнай эканомікі — падаўжэнне жыццёвага цыкла тавараў шляхам стварэння сістэмы іх аднаўлення і шырокага выкарыстання шматабаротнай упакоўкі. Для вырашэння апошняй задачы аптымальным з'яўляецца укараненне дэпазітнай сістэмы абароту спажывецкай упакоўкі.

У галіне перапрацоўкі важна стварыць рынак другаснай перапрацоўкі шляхам фарміравання і падтрымання попыту і прапановы, а таксама ўмовы для энергетычнага выкарыстання адходаў. Гэта можа дасягацца як праз увядзенне забарон на размяшчэнне асобных відаў адходаў на палігонах, так і праз эканамічнае стымуляванне перапрацоўкі, павелічэнне падаткаў на размяшчэнне адходаў.

Анатоль Шагун нагадаў, што Мінпрыроды і Мінэканомікі распрацоўваюць Нацыянальны план дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь на 2021—2025 гады, у які ўключаны многія з пералічаных прапаноў, у тым ліку запланавана мерапрыемства па распрацоўцы і прыняцці стратэгіі развіцця эканомікі замкнёнага цыкла Беларусі на перыяд да 2035 года.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.