Вы тут

Тры спробы «песняра» Уладзіслава Місевіча выйсці на пенсію


Заслужаны артыст БССР, адзін з заснавальнікаў вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» Уладзіслаў Місевіч у трэці раз выйшаў на пенсію. «Але гэта пакуль недакладна. Вось сольную кар'еру пачынаю», — смяецца музыкант. Раптам усвядоміла, што мы знаёмыя дваццаць гадоў, а Місевіч не змяніўся, усё такі ж: жыва цікавіцца ўсім вакол, востры на язык, эрудзіраваны і іранічны. Вось тут бы ён паправіў і падкрэсліў: самаіранічны.


— Уладзіслаў Людвігавіч, і ў сваёй кнізе «Я роман с продолженьем пишу», і ў інтэрв'ю вы заўсёды сціпла ацэньваеце сябе як музыканта. А ці не шкадуеце, што ў свой час прыйшлося наступіць на горла музычным амбіцыям і стаць Змеем (так музыканты называлі Місевіча. — Аўт.)?

— Музыкант, як, зрэшты, і артыст балета, прафесію набывае з дзіцячых гадоў. Менавіта тады закладваюцца асновы. У дваццаць гадоў засваенне новых музычных навыкаў становіцца праблематычным. Так што прафесійным музыкантам і артыстам балета ў пенсійны стаж добра было б уключаць і гады вучобы, таму што ўжо тады, па сутнасці, пачынаецца праца, хоць і не аплачваная.

Вучыўся я па класе фартэпіяна і кларнета, але іграў больш на саксафоне, які мне вельмі падабаецца. Калі ўтварыліся «Песняры», спатрэбіліся розныя духавыя народныя інструменты і флейта, таму даводзілася ўзмоцнена займацца. Вось гэтая шматзадачнасць не спрыяла таму, каб стаць высакакласным музыкантам. У «Песнярах» усё было падпарадкавана агульнай справе. Патрэбен Місевіч на бэк-вакале, значыць, буду спяваць. Даручыў Мулявін адказваць за дысцыпліну, значыць, буду Змеем. Так склаўся лёс, што музычная планка аказалася заніжанай. Шкадую аб гэтым? Не, таму што гэта непрадукцыйна. А галоўнае — маё жыццё прайшло ў музыцы і гэта тое, пра што я марыў з дзяцінства.

— Постпесняроўская гісторыя пачалася, калі вам было 53 гады, сольная — каля 50. У такім узросце артысты сыходзілі з эстрады, а вы пайшлі на другі заход — стварылі групу «Беларускія песняры». І ўсё атрымалася! І не пяць гадоў, як думалі, а вось ужо больш за дваццаць гадоў прайшло. Як гэта стала магчыма?

— Можа, ад адчаю? Больш жа нічога не ўмелі, акрамя як спяваць і граць. А калі сур'ёзна, то прыйшлося пераступіць праз сябе. У прафесіі — новыя людзі, усё перавярнулася. Трэба было вучыцца выбудоўваць новыя адносіны ў новым часе. Але і без слова «песняры» шанцаў у нас не было б. Тады сапраўды адкрылася другое дыханне, у прыярытэце была творчасць.

Зараз, азіраючыся на той адрэзак часу, я разумею, што маё пакаленне значна мацнейшае, чым наступнае, як гэта ні дзіўна.

— Гэта міф ці праўда, што тады вы з'ехалі ў Маскву, таму што ў філармоніі пачаўся рамонт і засталіся без памяшкання?

— Так, падштурхнула менавіта гэтая акалічнасць. Было і разуменне, што зручней атабарыцца ў Маскве, усё роўна большая частка нашага часу праходзіла ў гастролях па Расіі і іншых краінах. Важны момант: хоць фірму мы зарэгістравалі ў Расіі, але ўсе дакументы, якія даюць на гэта падставы, уключаючы назву, атрымалі ў Беларусі.

Зараз магу сказаць, што гэта быў адзін з найлепшых перыядаў як у творчым плане, так і ў жыццёвым. На жаль, не мы першыя ў Маскве кар'еру зрабілі, не мы апошнія. Я часам думаю: а хто пасля нас? Сярод моладзі вылучыў бы Пятра Ялфімава — сучасны, модны, што не перашкаджае быць прафесіяналам. Але ён ужо таксама ў Маскве...

— Уладзіслаў Людвігавіч, упершыню вы сышлі на пенсію даволі рана. Быў такі прывілей у музыкантаў, якія іграюць на духавых інструментах. Які настрой быў тады?

— Дрэнны, калі шчыра. Гэта быў 1992 год. Тады сапраўды ў духавікоў, менавіта эстраднікаў, з'явілася магчымасць сысці на пенсію пры наяўнасці 25-гадовага стажу. У той час справы ў «Песнярах» ішлі няважна. Акрамя нашых, так бы мовіць, унутрыкалектыўных праблем, існавалі і знешнія: зламалася ўся савецкая гастрольна-канцэртная сістэма. Нікому не патрэбны былі сур'ёзныя музычныя праграмы, прыйшоў час папсы.

Прыкладна за паўгода да майго сыходу з ансамбля Мулявін прапанаваў мне пасаду дырэктара калектыву. Я сказаў: добра, але мне хацелася, каб ты спярша вырашыў сваю вядомую ўсім праблему, інакш як я змагу прад'яўляць жорсткія патрабаванні да астатніх музыкантаў? Ён прамаўчаў, больш да гэтай размовы не вяртаўся. Менавіта з таго моманту адбыўся разрыў нашых чалавечых зносін. А апошнія месяцы мы наогул не размаўлялі. Я дапрацоўваў да пенсіі. Вось гэта «дапрацоўваў», яно так жахліва гучыць... То-бок, ты ўжо сам ведаеш, што сыходзіш і ніякіх планаў не маеш, і калегі цябе ўжо як быццам спісалі...

Пенсія была эквівалентная 50 доларам. Усё навалілася адразу: сыход з «Песняроў», развод з першай жонкай. У 47 гадоў прыйшлося вярнуцца жыць у філарманічны інтэрнат. Работу па спецыяльнасці нават не разглядаў, вырашыў заняцца прадпрымальніцтвам.

— У той час, мне распавядалі, вам як нажом па сэрцы, было калі вас называлі былым «песняром».

— Гэта праўда, вельмі чапляла. Як і тое, што многія, як мне здавалася, прыяцелі адразу страцілі цікавасць. «Пясняр» Місевіч, аказваецца, быў больш статусны, чым прадпрымальнік Місевіч.

— Што за непрыемны сюрпрыз вас чакаў пры афармленні пенсіі па ўзросце?

— Той, што дырэктар ансамбля, якому мы вельмі давяралі, як высветлілася, не плаціў унёскі ў пенсійны фонд. Хоць часам нават збіраў з нас наяўныя: маўляў, трэба закрыць плацяжы. Сябры нас папярэджвалі, што ў Маскве такія фінты магчымыя.

Дарэчы, тады ж я даведаўся, што і пяць гадоў у бізнесе ў страхавы стаж не ўвойдуць, таму што бухгалтар не здаў дакументы ў архіў. І таксама працаваў не старонні чалавек, а знаёмы, які карыстаўся даверам.

Вядома, я ведаў адну з асноўных запаведзяў бізнесу: працаваць трэба з прафесіяналамі, а не з прыемнымі людзьмі. Але парушыў яе, за што і паплаціўся.

— Трэці раз вы ціха сышлі пенсію, але папярэднічала гэтаму кроку канфліктная сітуацыя. У чым яе сутнасць?

— Дваццаць гадоў мы з гуртом збіраліся разам і абмяркоўвалі ўсё: ад новай песні да райдара. А тут раптам некалькі калег прымаюць сур'ёзнае рашэнне, не параіўшыся з іншымі. Калі маё меркаванне не ўлічваецца, значыць, трэба сыходзіць у адстаўку. Быў абураны і расчараваны, але і з сябе віны не здымаю, таму што дапусціў такую сітуацыю.

Да таго ж у нейкі момант я адчуў, што нават шэсць-сем гадоў розніцы з калегамі — гэта шмат. Што ўжо казаць пра 16 або 30? Такія супярэчнасці таксама неяк вылезлі вонкі.

— Напэўна, гэта вельмі непрыемна — раптам апынуцца па-за гульнёй? Разумныя людзі кажуць, што працоўную дзейнасць трэба спыняць паступова...

— Зрабіць гэта паступова дапамог каранавірус: пэўны перыяд часу канцэртаў не было ўвогуле, потым яны здараліся вельмі рэдка. Не магу сказаць, што так ужо раптоўна ўсё адбылося. З прычыны ўзросту я задумваўся, што такі момант надыдзе. Многія артысты кажуць, што лепш сысці на год раней, чым на месяц пазней, але не ва ўсіх атрымліваецца, таму што са сцэнай цяжка расставацца.

Мне вось гэты трэці выхад на пенсію даўся адносна лёгка. Напэўна, таму, што ўсё добра ў жыцці, перш за ўсё, ёсць падтрымка сям'і.

— Чытала інтэрв'ю з гламурнай расійскай спявачкай, яна наракала, што дайшла да жабрацтва за час пандэміі: даводзіцца ёсці грэчку з курыцай. А вам пенсіі хапае?

— Гламур для нашага пакалення — гэта нешта прыгожае, але шкоднае, парадыйна-смешнае. Але калі артысту гэта дапамагае, то няхай... Выгляд гламурнага беларускага артыста, на жаль, выклікае шкадаванне, спачуванне, што пераходзіць у пагарду. Яны прайшлі міма прафесіі, прыкрываючыся гламурам. У Расіі артысты вельмі добра зарабляюць, можна стварыць сабе падушку фінансавай бяспекі, але ў некаторых усё сышло ў гламур. Так што няхай невядомая мне калега падумае аб тых суайчынніках, для якіх курыца з грэчкай — святочная страва.

Зараз займаюся афармленнем надбаўкі да пенсіі — такі прывілей ёсць як у заслужанага артыста БССР. У 47 гадоў неяк няёмка было нешта яшчэ прасіць, як мне тады здавалася, а потым рукі не даходзілі заняцца зборам дакументаў.

Паколькі я родам з СССР, то даволі доўга жыў з думкай, што дзяржава паклапоціцца пра ўсё, у тым ліку пра маю забяспечаную старасць. Цяпер усё больш сумленна: не толькі эксперты, але і чыноўнікі кажуць, што на пенсію трэба самім назапашваць грошы з маладосці.

На памер пенсіі паўплывалі і мае памылкі з выбарам дырэктара ансамбля і бухгалтара ў нашай фірме. Задаю сабе пытанне: «Місевіч, у цябе аднаго сціплая пенсія?». Не, сотні тысяч людзей у такім жа становішчы. Але ў мяне ў «Песнярах» было такое жыццё і такія магчымасці, якіх не было ў гэтых соцень тысяч людзей. Дык на што мне скардзіцца?

Усё ўжо для жыцця зароблена: нармальная кватэра, любімая дача, аўтамабіль. Жонка Вольга — цудоўная гаспадыня, якая ў нашы не самыя сытыя гады ўмела з нічога прыгатаваць нешта смачнае. Дачка ад першага шлюбу Караліна і прыёмны сын Дзіма — паспяховыя ў жыцці і сваіх прафесіях, добра зарабляюць, ім не трэба дапамагаць.

— Але вы з Вольгай, калі што, можаце разлічваць на іх дапамогу?

— Не сумняваюся. Але хацелася б пражыць, не абцяжарваючы дзяцей.

— Ведаючы вашу дзейную натуру, цяжка ўявіць вас у ролі такога пенсіянера-лайдака... Як час бавіце?

— Нездарма пенсію называюць заслужаным адпачынкам. Цяпер ужо магу сказаць, што рады такому перыяду ў жыцці, калі нікуды не трэба спяшацца, нічога не трэба арганізоўваць. Гэта выдатна, што можна проста жыць, атрымліваць асалоду ад зносін з цікавымі суразмоўцамі і малодшым пакаленнем сям'і, бачыць тое, што раней проста не паспяваў, разважаць пра мінулае і думаць пра будучыню.

— Ці кантактуеце з былымі калегамі?

— У нашым узросце дрэнна рабіць выгляд, што незнаёмыя. Нас па-ранейшаму звязваюць дзелавыя адносіны: з заснавальнікаў «Беларускіх песняроў» я не сыходзіў, а гэта значыць, што нясу пэўную адказнасць за іх работу. Нядаўна патэлефанавалі сябры з Масквы, папрасілі арганізаваць канцэрт ансамбля, але пры ўмове, што і я выйду на сцэну. Сустрэліся, правялі некалькі рэпетыцый, калектыў у добрай творчай форме, канцэрт прайшоў выдатна. Усе задаволеныя: і артысты, і публіка. Але гэта не значыць, што я вярнуўся ў ансамбль.

— Уладзіслаў Людвігавіч, не толькі на мой погляд ваш вопыт з кнігай «Я роман с продолженьем пишу» аказаўся вельмі цікавы і паспяховы. Не думалі прыступіць да работы над гэтым самым працягам?

— Не, таму што менавіта перыяд «Песняроў» галоўны, вызначальны. І вось пра яго варта казаць. «Песняры» для Беларусі — значна больш, чым толькі музыка. Менавіта яны прымусілі беларусаў успомніць сваю мову, сваіх паэтаў. Гэта ж фенаменальна, што ў СССР людзі куплялі беларускія размоўнікі, слоўнікі, каб разумець нашы песні. Таму маю дзёрзкую мару, каб мая кніга выйшла на беларускай мове і па даступнай цане. Але каб гэта ажыццявілася, трэба стаць прадзюсарам сваей жа кнігі.

— Як адчувалі сябе ў іпастасі саліста ў канцэрце-прэзентацыі кнігі музыказнаўцы Вольгі Брылон «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент»?

— Кніга Вольгі — тытанічная, энцыклапедычны праца. Гісторыя нашай эстрады з 1930-х і да канца 80-х гадоў. Не ведаю, ці знойдзецца чалавек, які возьмецца напісаць ужо пра найноўшы перыяд. У канцэрце бралі ўдзел некаторыя героі кнігі. У свой час Мулявін менавіта для мяне напісаў дзве песні на вершы Яўгенія Еўтушэнкі і Сяргея Крылова. Спяваць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча — прыемны настальгічны момант, бо яшчэ ў пачатку 1970-х «Песняры» выступалі разам з гэтым калектывам у Маскве і зрабілі фурор. Толькі цяпер, чарговы раз выйшаўшы на пенсію, зразумеў, што былых «Песняроў» не бывае і сёння сапраўдныя — менавіта былыя. І гэта абавязвае.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Гэта выдатна, што можна проста жыць...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.