Вы тут

«Не прадаецца хата бацькоў...»


На майскія выхадныя ездзіла праведаць бацькоў. Па традыцыі пайшлі з мужам і сынам да хаты, дзе прайшло маё дзяцінства. Але на гэты раз знайшлі там чыстае поле. Ні квітнеючых сліў, ні шыкоўнага малінніку, з якога ў сезон збіралі духмяныя ягады на варэнне, ні хлеўчука, ні пуні, ні дома. Толькі дзе-нідзе пра яго нагадваюць кавалачкі шыферу ды пара цаглін.


Маім бацькам гадоў дзесяць таму выдзелілі новае службовае жыллё. Стары дом не было магчымасці даглядаць, таму з часам ён пачаў развальвацца. У выніку сельвыканкам прыняў рашэнне зраўнаваць яго з зямлёй. У той вечар мы доўга хадзілі па полі, спрабавалі вызначыць, дзе месцілася клумба з шыкоўнымі белымі півонямі, а дзе — амаль трохметровы куст іргі, які мы з сястрой ахоўвалі ад шпакоў. Нібыта хтосьці ўзяў і адным махам сцёр маё мінулае... Падобнае адчувала, калі восенню павезла сваіх хлопчыкаў у суседнюю вёску Каланіцы, каб паказаць школу, у якую хадзіла пешкі за тры кіламетры з 1 да 9 класа. Ад будынка засталіся толькі фундамент ды фрагменты сцен з чырвонай цэглы. Цяпер тут стала верхаводзіць сама прырода: бабры займаюцца цяслярствам, бярозкі перашэптваюцца там, дзе раней сядзелі за партамі — мо вядуць пазакласнае чытанне... «Можна разбурыць будынак, — супакойваю я сябе, — але ёсць тое, што немагчыма разбурыць. Успаміны назаўсёды застануцца ў сэрцы. І ім не страшны ніякі бульдозер».

У Таццянінай прабабулі калісьці быў хутар. Дом і лазню будаваў яшчэ малады прадзед са сваімі сынамі. Таня, калі была маленькай, бывала там рэдка, але ад кожнай такой паездкі ў яе заставаліся выключна цёплыя ўспаміны. Прабабуля памерла 20 гадоў таму. Пасля яе пахавання дом адразу ж прадалі. Бо ўсім было далёка і нязручна ездзіць глядзець яго. Два гады таму па дарозе з Гродна Таццяна згадала пра той хутар. Хоць і не адразу, але знайшла з'езд на гравійку, якая вяла да алеі са старых дрэў. Драўляная хатка, якая практычна не памянялася, сустрэла чыстымі вокнамі, завешанымі беласнежнымі фіранкамі. У паветры лунаў водар свежаскошанай травы. Побач з адрынай, дзе дзядуля любіў спаць на сене, у агародзе корпалася чужая бабуля. Таццяна стаяла і моўчкі, як зачараваная, глядзела на гэта ўсё. «Муж прапанаваў падысці, павітацца, сказаць, хто я. Але пасаромелася. Падумала, а раптам бабуля спужаецца. Усё ж такі незнаёмыя людзі на машыне, нікога няма побач. Пастаялі, панастальгіравалі і з'ехалі. Але на душы ўсё адно было добра, бо ўбачыла, што дом жыве».

Год таму Таццяна сама набыла і аднавіла старую, раней пустую хату ў роднай вёсцы мужа. Неяк, выгульваючы сабаку, сустрэла суседку, якая паведаміла: «А тут заязджалі былыя гаспадары вашага дома. Пастаялі каля машыны, паглядзелі, зайсці пасаромеліся. Але сказалі, што душа парадавалася, калі ўбачылі дым з трубы». — «Шкада, што не зайшлі. Я абавязкова б паказала ім двор, дом, сад. Бо разумею, як важна дакрануцца да свайго месца, пасядзець пад старым дрэвам, з'есці яблык з дзядулевай яблыні»...

Некалькі гадоў таму Ірына, таксама маё знаёмая, купіла хатку на хутары і пераехала туды жыць разам з сям'ёй. Надоечы да іх у двор зусім нечакана зайшлі пажылыя жанчыны. Адна з іх аказалася дачкой былога гаспадара хаты. Яна ўжо даўно жыве ў Латвіі і, карыстаючыся тым, што зрабілі бязвізавы ўезд, вырашыла пабываць на радзіме. Пасядзелі, пагутарылі. У жанчыны вочы на мокрым месцы: «Тут бэз хутка распусціцца, а тут вішні надта смакотныя былі». Доўга стаяла і дзівілася — як вырас арэх, які пасадзілі ў год нараджэння яе таты. Ірына прынесла старыя фотаздымкі, якія знайшла пасля пакупкі хаты. Аказалася, гэта маладыя, яшчэ да вяселля, яе бацька і маці. «Як добра, што вы тут, і дом даглядаеце. І возера наша. Можна, я яшчэ прыеду?» — спытала на развітанне тая жанчына. «І так добра стала на душы — як быццам блаславенне атрымала», — прызнаецца Ірына.

Пішу гэтыя нататкі, а фонам для натхнення — песня «Не прадаецца хата бацькоў». І самі сабой прыгадаліся словы аднаго добрага чалавека: «Як можна аддаць у чужыя рукі месца сілы? Дом, дзе жылі бабуля, дзядуля, дзе прайшло дзяцінства тваіх бацькоў, тваё дзяцінства. Там жа ўсё прасякнута ўспамінамі. Хіба ёсць ім цана?» Так казаў Аляксандр Іванавіч, калі мы гадоў восем таму дапамагалі бацькам прадаць бабуліну хату. ...Але ж, пагадзіцеся, адной настальгіі мала. Хаты бацькоў трэба даглядаць, інакш яны згніюць, разваляцца. Што, дарэчы, і здарылася з хатай маёй бабулі, якую нам так і не ўдалося прадаць. Мама казала, што, калі верыць суседзям, там сёлета ўжо абваліўся дах.

Ды што далёка хадзіць, штодзень, гуляючы па сваёй вёсцы, бачу пахілены плот, з-за якога з бур'яну пазірае сумнымі вокнамі закінутая драўляная хатка. Месцічы кажуць, што браты не змаглі дамовіцца — таму так і стаіць іх радавое гняздо, нікому не патрэбнае. Атрымалася, як у той прыказцы: сам не гам і другому не дам. Штораз, праходзячы міма, любуюся шыкоўным садам, амаль векавымі ліпай, ясенем, дубам, пасаджанымі некалі побач з той хаткай, і думаю: «Былы гаспадар, відаць, любіў гэтае месца і садзіў дрэвы з надзеяй. Добра, што ён сёння не бачыць такога сумнага відовішча...»

Закінутых хат, дзе пра жыццё нагадваюць толькі пышныя кусты каля веснічак ды шпакоўні на старых яблынях, у беларускіх вёсках як расы. Праязджаючы каля іх, заўсёды думаю: «Вось бы яны трапілі ў добрыя рукі». Вядома, ніхто не спрачаецца, ідэальны варыянт — самім даглядаць бацькоўскую хату. Але калі няма такой магчымасці, лепш усё ж не чакаць, калі яна разваліцца, а прадаць. Толькі не першаму сустрэчнаму, як часта бывае, — маўляў, галоўнае, каб заплаціў. А людзям, якія не знясуць хату з гісторыяй, а ўдыхнуць у яе новае жыццё. Перакананая, такія гаспадары з радасцю дазволяць пасядзець пад дзядулевай яблыняй. Больш за тое, будуць успрымаць гэта як добры знак.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.