Вы тут

Першыя сябры


Першае, што зрабіў мой амаль чатырохгадовы сынок, калі апошні раз прыехаў у вёску, — распрануўся і пастукаўся ў дзверы да суседзяў. Калі яму адчынілі, спытаў, ці прыехала да бабулі і дзядулі Паліна. Пачуўшы станоўчы адказ, доўга не думаючы, запрасіў дзяўчынку ў госці...


Паліна прыйшла. Хату маіх бацькоў з ног на галаву, як год таму, не перавярнулі, але гулялі шмат у што і з чым. Паліне — сем. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, ім было весела і, спадзяюся, цікава.

На наступны дзень Арцём не паспеў прачнуцца, як заявіў: «Я паклічу Паліну ў госці!» Мы з маёй мамай пераглянуліся і пагадзіліся, але перш Цёмік павінен быў памыцца і паснедаць. Клікаць дзяўчынку ён пайшоў сам. Цікава было назіраць, як ён запрашае суседку ў госці, як чакае тую, якая паабяцала прыйсці праз паўгадзіны, потым як гуляе і размаўляе з ёй.

Як хутка бяжыць час! У Арцемія ўжо з'явілася патрэба праводзіць час з кімсьці яшчэ, акрамя як толькі з бацькамі, бабулямі ды дзедам. Ён нарэшце навучыўся гуляць з дзецьмі. Да нядаўняга часу мае сустрэчы з сяброўкамі, якія таксама гадуюць малых, былі своеасаблівым выпрабаваннем. Дзеці забіралі адзін у аднаго цацкі, кожны займаўся нечым сваім, не звяртаючы ўвагу на іншага. Трэба было сачыць за тым, каб хтосьці кагосьці не пакрыўдзіў, не піхнуў, не стукнуў.

Сваю справу ў пытанні сацыяльных узаемаадносін зрабіў, вядома, дзіцячы садок. Там «разборкі» накшталт таго, хто будзе гуляць з пэўнай цацкай, вырашаюцца вельмі хутка. І праседзець аднаму за пэўнай забаўкай таксама не атрымаецца — хочаш не хочаш, а знойдзецца кампанія. У майго Цёміка ў садку ажно два лепшыя сябры — Ягор і Мацвей. І калі першы час сын нярэдка скардзіўся, што то адзін, то другі з хлопчыкаў не хоча з ім дзяліцца машынкай ці самалётам, то сёння ў нас нават размоў такіх не ўзнікае. Арцём часам сам знаходзіць цікавае выйсце з падобных сітуацый.

Не так даўно, напрыклад, азадачыў нас з мужам, каб мы купілі яму цягнік, які ён возьме ў дзіцячы садок — тады, маўляў, Ягор з ім падзеліцца сваім. «Дык навошта тады табе будзе патрэбны Ягораў цягнік, калі ў цябе свой?» — не маглі мы зразумець логіку трохгадовага сына. «Трэба», — пачулі кароткае ў адказ. Цягнік не купілі, аргументуючы тым, што ў яго і так зашмат цацак. На гэта Цёмік заявіў, што купіць цягнік сам — яму ж дзядуля з бабуляй, калі ён быў у іх у гасцях, грошай далі! У выніку ў панядзелак у садок ён пайшоў з новай цацкай. Выхавальніца сказала, што ў іх арганізоўваецца «паравознае дэпо»: з новым цягніком прыйшоў яшчэ і Мацвей.

З дзяўчынкамі Цёмік у садку чамусьці сябраваць не любіць. А вось калі няма хлопцаў, то знаходзяцца агульныя інтарэсы і з імі. Галоўнае, каб не адзін. Днямі ў госці сябры прыходзілі са сваім сынам. Ільюшу — паўтара года. Яшчэ нядаўна Цёму абсалютна не цікавіла наяўнасць маленькага: ні пагуляць з ім, ні паразмаўляць. Апошнім жа разам, гляджу, тактыка змянілася. Арцём ужо сам прапаноўвае яму цацкі, а калі Ільюша бярэ машынку, патрэбную самому, не выдзірае, як ранней, з рук, а ветліва просіць яго памяняцца на іншую. Мы з сяброўкай, шчыра кажучы, уздыхнулі, што дзеці, нарэшце, знайшлі адно з адным агульную мову.

Гэта абсалютна нармальна, калі бацькі хвалююцца, ці зможа іх дзіця з кімсьці пасябраваць. Асабліва востра пытанне стаіць, калі малечу адпраўляюць у дзіцячы садок або школу. Псіхолагі сцвярджаюць: для большасці дарослых здольнасць іх дзяцей з лёгкасцю знаходзіць сяброў — прыкмета іх уласнай псіхалагічнай упэўненасці. Паверце, гэта вельмі важна, калі бацькі ўпэўнены ў тым, што іх дзіця не будзе адчуваць сябе разгубленым або адзінокім у незнаёмым асяроддзі. Днямі, напрыклад, пасля праведзенага ў сувязі з хваробай тыдня дома, Арцемій з мокрымі ад слёз вачыма ішоў у садок: за гэтыя дні адвык. Сэрца маё сціскалася, але раптам я супакоілася: не паспеў малы распрануцца, як сябры пачалі абдымаць Арцёма і расказваць, у што яны будуць гуляць.

І па вялікім рахунку няважна, што адзін з гэтых хлопчыкаў навучыў майго малога парачцы дрэнных слоў. Я, безумоўна, растлумачыла сыну, што так казаць нельга, і ўжо правяла прафілактычную гутарку з мамай таго хлопчыка. Але галоўнае, што Цёмік забывае пра слёзы, калі яго бачыць, і з вялікай ахвотай прачынаецца ранкам і спяшаецца ў садок, каб Ягор без яго не сумаваў. А яшчэ Цёма чакае сябра ў госці, хоць жыве той, мякка кажучы, далекавата.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.