Вы тут

Шматразовая чэмпіёнка Беларусі па спартыўных танцах на калясках Ірына Мінюк нарадзіла дачку


Гэта ўжо другое дзіця ў сям’і спартсменкі з Івацэвічаў. На выпіску з радзільнага дома сустракаць маладую маці з нованароджанай Каралінай прыехалі яе муж Юрый і старэйшы сын 11-гадовы Максім. Павіншаваць падапечную прыйшоў і кіраўнік Беларускага фонду дапамогі спартсменам-інвалідам Валерый Каламіец, які расказаў, што ў сем’ях яго выхаванцаў за апошнія гады нарадзілася 25 дзяцей.


Традыцыйны бела-ружовы карункавы «канверт», які медработнікі ўрачыста ўручаюць тату, цёплыя абдымкі з роднымі — і слёзы нават на вачах журналістаў, не кажучы пра блізкіх. Ірына, як і належыць сапраўднай спартсменцы, хутка спраўляецца з эмоцыямі і гатова падзяліцца ўражаннямі:

— Я вельмі шчаслівая, эмоцыі перапаўняюць. Хачу выказаць падзяку РНПЦ «Маці і дзіця» за клопат, яны вельмі актыўна мне ва ўсім дапамагалі. Хачу таксама выказаць падзяку свайму кіраўніку Валерыю Кірылавічу Каламійцу за падтрымку. Жадаю ўсім сіл, цярпення і не спыняцца на дасягнутым, ісці наперад.

Чэмпіёнка па спартыўных танцах на калясках і далей збіраецца працягваць заняткі любімай справай.

— Вядома, складана сумяшчаць мацярынства са спортам, але нічога страшнага — усе спартсмены моцныя духам і імкнуцца наперад. Па магчымасці працягну займацца танцамі, — падзялілася планамі маладая маці.

А пакуль дапамагаць з маленькай дачкой жанчыне будуць муж і сын.

— Разлічваю на іх і ўпэўнена ў іх. Вялікі дзякуй, асабліва мужу, за цярпенне, сілы, — дадала яна.

Юрый у сваю чаргу падзяліўся, што і ён, і жонка хацелі дачку. І прызнаўся, што праз 11 гадоў ужо і забыўся, што значыць трымаць на руках нованароджанае дзіця.

— Вядома, крыху страшнавата. Даўно не трымаў такіх дзяцей на руках. Калі шчыра, я хвалююся. Але мы прарвёмся.

Мужчына расказаў, што спрабуе прывіць сыну любоў да прыроды, да рыбалкі. І, зразумела, да спорту — ужо пяць гадоў Максім займаецца дзюдо.

— Думаю, дачка не будзе адставаць, — разлічвае ён.

РНПЦ «Маці і дзіця» ўжо шмат гадоў цесна супрацоўнічае з Беларускім фондам дапамогі спартсменам-інвалідам, і Ірына не першая жанчына, якая дастойна прайшла шлях да мацярынства, адзначыла намеснік дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі РНПЦ Венера Семянчук.

— Несумненна, упартасці, сіле гэтых маладых мам варта пазайздросціць. Гэтыя дзяўчаты прайшлі такі складаны шлях, тым не менш годна пераносяць пасляродавы перыяд і лёгка спраўляюцца з дзецьмі. Вядома, ім дапамагаюць. У стацыянары пастаяннае суправаджэнне такіх пацыентак, ім увесь час аказваецца дапамога. Выдзяляюцца палаты павышанай камфортнасці, каб там маглі знаходзіцца сваякі або людзі, якіх пажадае бачыць пацыентка. Але яны і самі даволі добра спраўляюцца з усімі матчынымі абавязкамі, — расказала намеснік дырэктара.

Як правіла, на амбулаторным этапе дыспансернае назіранне па цяжарнасці пацыенткі з абмежаванымі магчымасцямі праходзяць па месцы жыхарства. Калі неабходна стацыянарная дапамога па медыцынскіх паказаннях, яны шпіталізуюцца ў РНПЦ «Маці і дзіця».

Старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд дапамогі спартсменам-інвалідам» заслужаны трэнер БССР Валерый Каламіец падзяліўся, што вельмі рады за сваю падапечную, якая двойчы стала маці. Ён зазначыў, што жанчына прайшла праект па рэабілітацыі і дасягнула высокіх вынікаў.

Заслужаны трэнер расказаў, як зараджаўся праект.

— У свой час усю Беларусь і Расію чамусьці закідалі праграмамі, якія распрацавалі спецыялісты з-за мяжы. Па-спартыўнаму заела самалюбства, і ўзнікла ідэя прыдумаць нешта такое, каб, як у спорце, абыграць заходніх спецыялістаў. Таму нарадзілася ідэя стварыць першымі ў СНД рух спартыўных танцаў на калясках. І ў нас гэта атрымалася. Мы сталі ў 1998 годзе першымі чэмпіёнамі свету па спартыўных танцах на калясках у Токіа, — расказаў ён.

Далей праект стаў пашырацца. У Калодзішчах быў пабудаваны танцавальна-аздараўленчы цэнтр для інвалідаў па апорна-рухальным апараце, куды прыязджаюць на зборы і рэабілітацыю. У Беларусь сталі запрашаць спартсменаў з-за мяжы. Разам з беларускімі спартсменамі — інвалідамі-калясачнікамі ў сумесных трэніроўках, вучэбна-трэніровачных зборах удзельнічалі спартсмены з Малдовы, Казахстана, Азербайджана, Расіі. З гэтай краіны-суседкі на зборах у Беларусі пабывала каля 2700 спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі і суправаджальнікаў.

— Мы стварылі самы прыгожы від інваспорту і ўбачылі, якое магутнае псіхалагічнае ўздзеянне ён аказвае, якое ў людзей з’яўляецца пачуццё прагі жыцця, пачуццё ўласнай значнасці, — падкрэсліў Валерый Каламіец і дадаў, што такія вынікі не былі б магчымы без падтрымкі дзяржавы.

З 2015 года ў Беларусі сталі праводзіць першы ў свеце танцавальна-парашутны фестываль для інвалідаў-калясачнікаў. У жніўні мінулага года правялі ўжо сёмы па ліку, заўважыў Валерый Каламіец. Ён звярнуў увагу на ўдалае спалучэнне: выбраны самы прыгожы від інваспорту — спартыўныя танцы на калясках і самы мужны — скачкі з парашутам у тандэме. Аб’яднанне гэтых відаў інваспорту дае выдатныя вынікі. Ёсць ідэя ўключыць іх у праграму ІІІ Гульняў краін СНД, якія пройдуць у 2025 годзе ў Баку.

Старшыня грамадскага аб’яднання ўпэўнены, што праект унікальны не толькі сваёй значнасцю, уздзеяннем на людзей і вынікамі, але і тым, што разгледжаны на пяці пасяджэннях па розных кірунках на ўзроўні СНД: ахове здароўя, фізічнай культуры і спорце, па справах маладзёжнай палітыкі, сацыяльнай абароне насельніцтва, культурнай спадчыне. Падобных гуманітарных і ў галіне актыўнай рэабілітацыі праектаў няма.

— Нам хочацца, каб гэта стала здабыткам дзясяткаў краін свету. Асабліва пасля такіх фестываляў у людзей узнікае прага жыцця, вучобы, нараджэння дзяцей, — падкрэсліў Валерый Каламіец.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.