Вы тут

Што хвалюе жыхароў Хойнікаў і Ельска?


Пытанні працаўладкавання застаюцца актуальнымі для палескай глыбінкі. З гэтымі праблемамі пры правядзенні акцыі «Ваша пытанне Прэзідэнту» звярнуліся грамадзяне з Хойнікаў і Ельска. Невялічкія райцэнтры не маюць вялізных магчымасцяў, але ж і ў іх ёсць прапановы для тых, хто жадае працаваць.


У Хойніцкім раёне на 1 красавіка было 134 вакансіі. На ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне 40 беспрацоўных. На аднаго беспрацоўнага атрымліваецца больш за тры вакансіі. У Ельскім цяпер 185 вакансій на 29 беспрацоўных. Тут на аднаго беспрацоўнага — шэсць вакансій.

Дарэчы, у Хойніцкім раёне сёлета даведзена заданне па стварэнні больш чым 80 рабочых месцаў, у Ельскім — 67.

Рынак працы дынамічны. Банк вакансій перыядычна абнаўляецца. Сітуацыю кожнага, хто звяртаецца па садзейнічанне ў працаўладкаванні, разглядаюць індывідуальна. Дзве трэці вакансій у Ельскім раёне — рабочыя спецыяльнасці, накшталт: вальшчыка лесу, даяркі і механізатара. Тут працаўладкавацца можна на пяці прамысловых прадпрыемствах (у асноўным дрэваапрацоўчых) ці ў пяць гаспадарак. У мясцовым лясгасе два дзясяткі вакансій і заробкі больш за 1000 рублёў у месяц. Работа пры гэтым вельмі цяжкая.

На хойніцкія прадпрыемствы цяпер патрабуюцца кіроўцы і аўтаслесары, ветэрынарныя фельчары і ўрачы, электрагазазваршчыкі і іншыя спецыялісты, у тым ліку юрысконсульты. Акрамя таго, летась жыхары раёна актыўна выкарыстоўвалі магчымасць атрымаць бязвыплатную субсідыю на адкрыццё сваёй справы. Так, на рэалізацыю ўласнага бізнес-плана ў 2018 годзе рашыліся 13 чалавек. З пачатку гэтага года стартавым капіталам тут скарысталіся чатыры чалавекі. Прынамсі, у Ельскім раёне пакуль толькі адзін чалавек атрымаў такую субсідыю.

Для зручнасці грамадзян на сайтах райвыканкамаў ёсць спасылка на агульнарэспубліканскі банк вакансій, актуальных у кожным рэгіёне. Па словах начальніка ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Ігара Міхалькова, у рэгіёне назіраецца тэндэнцыя зніжэння колькасці грамадзян, якія звяртаюцца для рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных. У той жа час павялічваецца колькасць прапаноў ад наймальнікаў. У студзені — сакавіку іх колькасць вырасла на 15 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Цяпер банк вакансій у Гомельскай вобласці налічвае 10 316 рабочых месцаў: фактычна чатыры прапановы на аднаго зарэгістраванага беспрацоўнага. У наймальнікаў вобласці найболей запатрабаваны медыцынскія работнікі, аператары машыннага даення і кіроўцы аўтамабіляў.

У ліку прыярытэтных кірункаў садзейнічання занятасці насельніцтва — перанавучанне і павышэнне кваліфікацыі тых, хто стаіць на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Сёлета на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі па запатрабаваных прафесіях плануецца накіраваць каля 1,3 тысячы беспрацоўных грамадзян.

Вялікая ўвага будзе аддавацца таксама развіццю самазанятасці жыхароў рэгіёна. Бязвыплатныя субсідыі на арганізацыю ўласнай справы сёлета плануецца даць 379 беспрацоўным. Дарэчы, толькі ў студзені — сакавіку па вобласці такой магчымасцю скарысталіся 123 чалавекі.

У 2019 годзе на рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва ў Гомельскай вобласці плануецца накіраваць 5,6 мільёна рублёў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Вакансіі ёсць. Было б жаданне працаваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».