Вы тут

Беспрацоўнае месца. Што адбываецца ў Эстоніі?


Шакавальны рост цэн справакаваў перадзел рынку працы і імклівы рост беспрацоўя ў Эстоніі. Цяпер цяжка ўладкавацца нават унікальным спецыялістам — змяншаецца колькасць прапаноў, якія патрабуюць высокай кваліфікацыі. Як паведамляюць эстонскія СМІ, з рынкам працы ў Эстоніі ўсё дрэнна і лепш не будзе, адзначыў Baltnews. Колькасць беспрацоўных расце з кожным днём, і эксперты лічаць, што сёлета такая негатыўная тэндэнцыя будзе пашырацца. Гэты год пачаўся з васьміпрацэнтнага ўзроўню зарэгістраванага беспрацоўя, паведаміў err.ee. А ўжо да канца студзеня паказчык па краіне ўзрос да 8,4 працэнта. Гэта ў сярэднім у краіне, а на ўзроўні рэгіёнаў сітуацыя яшчэ горшая. Што ж адбываецца ў Эстоніі?


Нявызначанасць і песімізм

Па стане на 8 студзеня ў эстонскай Касе па беспрацоўі былі зарэгістраваны 53 тысячы чалавек, што азначае рост беспрацоўя да 8,1 працэнта. Вышэйшы паказчык быў зафіксаваны апошні раз пазалетась — у разгар пандэміі, заўважыў Baltnews. Адзначаецца, што яшчэ ў пачатку верасня мінулага года беспрацоўных у Эстоніі было на 8,5 тысячы менш, гэта значыць 44,5 тысячы чалавек.

У Цэнтральным саюзе работадаўцаў Эстоніі лічаць, што беспрацоўе працягне расці. Генеральны дырэктар Цэнтральнага саюза работадаўцаў Арта Аас адзначыў высокую нявызначанасць і песімізм у эканоміцы прыбалтыйскай краіны: «Прадпрымальнікі не вырашаюцца інвеставаць, яны не адважваюцца наймаць людзей, таму натуральна, што такое пахаладанне ў эканоміцы распаўсюджваецца і на рынак працы. Беспрацоўе, верагодна, павялічыцца і ў першым квартале».

Найгоршая сітуацыя ў пачатку года склалася ў рускамоўным рэгіёне Іда-Вірумаа, дзе ўзровень беспрацоўя склаў амаль 12 працэнтаў. Прыгранічны, пераважна сельскагаспадарчы, рэгіён Валгамаа адставаў нямоцна — 11%. Пры гэтым на эстонамоўным востраве Хійумаа беспрацоўе відавочна ніжэйшае — 3,4%. У сталічным рэгіёне Хар’юмаа зарэгістраваны паказчык склаў 7,8 працэнта, а ў рэгіёне Тартумаа — 7 працэнтаў.

За апошнія шэсць месяцаў у Паўднёва-Усходняй Эстоніі павялічылася колькасць зарэгістраваных беспрацоўных, больш за ўсё скарачэнняў адбылося на прадпрыемствах сектара абслугоўвання і лясной гаспадаркі. «У наяўнасці агульная тэндэнцыя паступовага росту беспрацоўя ва ўсіх паветах», — заўважыла кіраўнік Валгамааскага аддзялення Эстонскай касы па беспрацоўі Мерыцы Метсавас.

Па словах старшыні Цэнтральнага саюза прафсаюзаў Яана-Хендрыка Таомеля, практычна не прапануюцца працоўныя месцы, якія патрабуюць высокай кваліфікацыі: «Прапаноў нізкааплатнай, лягчэйшай работы таксама больш, але цяпер людзям цяжэй знайсці вакансіі ў сярэднім сегменце, чым улетку ці паўгода назад».

Хваля скарачэнняў

Летась скарачэнні праходзілі на прадпрыемствах апрацоўчай прамысловасці. Напрыклад, у лістападзе на заводзе па вытворчасці мэблі Standart прынялі рашэнне спыніць працоўныя адносіны са 163 работнікамі. Гэта 80 працэнтаў колькасці персаналу.

Не стала выключэннем і транспартная галіна. Суднаходная кампанія Vіkіng Lіne прыняла рашэнне звольніць 175 чалавек.

У снежні мінулага года ў Касу па беспрацоўі паступіла 17 апавяшчэнняў аб калектыўных звальненнях, што азначае страту больш чым паўтысячы працоўных месцаў. Самыя вялікія звальненні былі ў Vіkіng Lіne са 184 працоўнымі месцамі і ў кол-цэнтры Majorel са 167 працоўнымі месцамі.

Адной з асноўных прычын таго, што прадпрыемствы ў Эстоніі вымушаныя скарачаць супрацоўнікаў, з’яўляецца рост цэн на энерганосьбіты, што негатыўна ўплывае на канкурэнтаздольнасць тавараў і паслуг як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. «Цяжэй за ўсё, відавочна, прамысловасці, дзе вялікія выдаткі на электраэнергію, ды і ў параўнанні з суседнімі краінамі наша канкурэнтаздольнасць пацярпела, — адзначыў Арта Аас. — Таксама няпроста дрэваапрацоўчай прамысловасці, сектар гандлю праяўляе асцярожнасць — людзі арыентуюцца на цэны. У ІТ і стартап-сектары — пахаладанне пасля вялікага буму. Там грошай цяпер менш і работнікаў у ранейшым аб’ёме не наймаюць».

Без рэальнай вытворчасці

У Эстоніі паралельна з беспрацоўем назіраецца недахоп працоўнай сілы — тысячы вакансій застаюцца незанятымі. Аднак справа заключаецца ў тым, што прапанаваную працу складаюць танныя месцы, якія не патрабуюць асаблівай кваліфікацыі, што, натуральна, далёка не кожнага чалавека можа задаволіць — не ўсе людзі гатовыя працаваць дзе папала, як папала і за што папала.

Такая тэндэнцыя намецілася даўно — яшчэ да цяперашняга крызісу. Эстонія ператваралася ў краіну без рэальнай вытворчасці, у якой развіваецца ў асноўным сфера абслугоўвання. Цяперашні энергетычны крызіс, які прымусіў кампаніі па ўсім свеце пачаць эканоміць і ў першую чаргу — на зарплаце і супрацоўніках, толькі пагоршыў гэты працэс.

Сваімі рашэннямі эстонскія ўлады фактычна разбурылі транзіт, які прыносіў транспартным прадпрыемствам вялікія даходы. Грузаабарот партоў у Эстоніі летась скараціўся на 15 працэнтаў — 39 млн тон з 33 млн тон. Транзіт па чыгунцы летась зменшыўся з 23 да 18 млн тон — на 24 працэнты. Аб гэтым паведаміла нацыянальнае тэлебачанне ERR. Са спасылкай на даныя дэпартамента статыстыкі, дзяржаўны тэлеканал адзначыў: падзенне грузаперавозак і перавалак адбылося пад дзеяннем санкцый, уведзеных супраць Расіі.

Наймацнейшы эканамічны крызіс, які бушуе ў Эстоніі, вымушае кіраўніцтва кампаній ісці на крайнія меры. Для таго, каб прадаўжаць работу, прадпрыемствы вымушаныя пераглядаць пералік паслуг. Напрыклад, кампанія Express Post прыняла рашэнне сёлета спыніць дастаўку пошты дадому. Гэта зроблена з-за пастаяннага росту страт, якія летась склалі 1,2 мільёна еўра. Дарэчы, пазалетась фінансавыя страты арганізацыі былі ўдвая меншыя.

Кіраўнік прадпрыемства Катры Лаанела адзначыла, што раней прынятыя меры не далі чаканага выніку. «У апошнія гады ўласнікі фінансава падтрымлівалі дзейнасць Express Post, і мы шукалі спосабы зрабіць дзейнасць кампаніі больш эфектыўнай, але, на жаль, гэтага аказалася недастаткова», — цытуюць кіраўніка кампаніі эстонскія СМІ.

Рашэнне перагледзець сэрвісную палітыку адаб’ецца і на колькасці персаналу. Кампанія скароціць 450 супрацоўнікаў. Большая частка з іх прыцягвалася да дастаўкі друкаванай прадукцыі.

Стала горш

Пераважная частка жыхароў балтыйскай краіны не заўважыла летась ніякіх змен да лепшага. Большасць жыхароў Эстоніі лічыць, што сітуацыя ў краіне няўхільна пагаршаецца. Пра гэта стала вядома з даследавання, праведзенага кампаніяй Turu-uurіngute па заказе Дзяржаўнай канцылярыі. Паводле вынікаў апытання, больш за палову жыхароў балтыйскай краіны — 55 працэнтаў — лічыць, што ў жыцці адбыліся негатыўныя перамены. У 2021 годзе такой думкі прытрымліваліся 37 працэнтаў.

У Эстоніі насамрэч склалася вельмі складаная сітуацыя. Краіна знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях па ўзроўні інфляцыі ў Еўрапейскім саюзе. Найскладанейшая сітуацыя склалася і на рынку харчавання. Дырэктар Эстонскага інстытута кан’юнктуры Мар’е Ёзінг расказала аб небывалым падаражанні тавараў дадзенай катэгорыі.«Вядома, цэны на прадукты з гадамі растуць — калі мы пачалі адсочваць іх у 1992 годзе, то кошт мінімальнага набору прадуктаў на тыдзень складаў 10 еўра, цяпер — 100 еўра. Але такой карціны, як цяпер, калі цэны растуць не па днях, а па гадзінах, я яшчэ не бачыла», — адзначыла Мар’е Ёзінг.

Пад уплывам наймацнейшага эканамічнага крызісу людзі шукаюць спосабы знізіць свае выдаткі. Для гэтага жыхары прыбалтыйскай краіны купляюць прадукты з тэрмінам прыдатнасці, які заканчваецца, паколькі яны прадаюцца па больш нізкім кошце. Попыт на такія тавары рэзка павялічыўся. Пра гэта паведаміў кіраўнік аддзела закупак кампаніі Prіsma Кайма Нійтару. «Калі мы параўнаем даныя за студзень 2022-га і 2023-га года, то можна сказаць, што доля уцэненых прадуктаў павысілася на 24 працэнты. Гэта значыць людзі шукаюць зніжкі», — цытуюць Нійтару эстонскія СМІ.

Адпаведную тэндэнцыю пацвярджаюць і прадстаўнікі іншых гандлёвых сетак. «Кліенты, сапраўды, вельмі зацікаўленыя ў такіх таварах. Наша статыстыка сведчыць аб тым, што пад канец дня кліенты купляюць прыкладна 70 працэнтаў прадуктаў, у якіх у гэты дзень заканчваецца тэрмін прыдатнасці, на іх ёсць аранжавая налепка са зніжкай», — адзначыла начальнік аддзела адказнага прадпрымальніцтва кампаніі Rіmі Катрын Бакс.

Найбольшай перавагай у пакупнікоў карыстаюцца гатовыя прадукты, такія, як хлебабулачныя вырабы, малако і фарш. Гэта значыць набываецца тое харчаванне, якое можна спажыць у той жа дзень. Старшыня праўлення кампаніі Coop Eestі Keskuhіstu Райнер Рохтла распавёў, чаму робіцца менавіта такі выбар: «Людзі шукаюць магчымасці зменшыць свае выдаткі на ежу, бо яны ў апошні час моцна ўзраслі з-за інфляцыі».

Горкая «арыфметыка»

Крызіс ахоплівае ўсё больш сфер эканомікі. Так, у канцы мінулага года аб’ём продажу новых кватэр у краіне абваліўся з 350 да 70 аб’ектаў нерухомасці за месяц у параўнанні з тым жа перыядам 2021 года. У Эстоніі таксама адчувальна скараціліся аб’ёмы рэалізацыі аўтамабільнага транспарту. Відавочна, што сёлета лепш не стане. У Банку Эстоніі ўжо адзначылі, што жыхароў краіны чакаюць рост цэн і складаная сітуацыя на рынку працы.

У 2021 годзе як у адноснай, так і ў абсалютнай беднасці ў Эстоніі жылі ў асноўным адзінокія пенсіянеры, бацькі-адзіночкі і маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў. Аб гэтым сведчаць вынікі штогадовага сацыяльнага даследавання Дэпартамента статыстыкі. У адноснай беднасці ў Эстоніі жыло амаль 23 працэнты насельніцтва, што з’яўляецца рэкордным паказчыкам за ўсю 17-гадовую гісторыю такіх даследаванняў. Даныя за мінулы год будуць апублікаваны у канцы 2023 года, аднак можна меркаваць, што становішча бедных пластоў насельніцтва толькі пагоршыцца, заўважыў err.ee.

Тым часам стала вядома, што ўлады плануюць павысіць сёлета ўзровень абаронных выдаткаў да 2,85 працэнта валавога ўнутранага прадукту — да мільярда еўра. Аб гэтым паведаміла на выступленні ў парламенце прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас. «Мы паднялі нашы выдаткі на абарону да гістарычна высокага ўзроўню», — адзначыла кіраўнік урада. Як вядома, летась прыбалтыйская краіна закупіла боепрыпасаў удвая больш, чым за апошнія 30 гадоў, паведаміў err. ee. Найбуйнейшыя пастаўшчыкі Эстоніі па абаронных закупках — ЗША, Францыя, Ізраіль, Польшча і Паўднёвая Карэя.

Жыхары ўсё больш дакладна разумеюць, што чакаць адчувальнай дапамогі ад дзяржавы ў вырашэнні надзённых пытанняў (якія ўзніклі ў тым ліку ў выніку дзеянняў уладаў) ім не выпадае. Падчас апытання высветлілася, што дзеяннямі ўрада, якія робяцца для вырашэння праблемы росту кошту жыцця, незадаволена абсалютная большасць (звыш 80 працэнтаў) рэспандэнтаў. Кіраўнік даследаванняў Цэнтра маніторынгу развіцця Уку Варбланэ адзначыў err. ee, што «Эстонія ўжо цяпер уваходзіць у апошнюю трэць дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза па паказчыках сацыяльнай абароны і долі расходаў на ахову здароўя». Вось і ўся «арыфметыка».


«Часовыя адзінкава навязаныя нам супярэчнасці не змогуць разбурыць традыцыйна добрыя беларуска-эстонскія чалавечыя сувязі»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларусы і эстонцы падобныя ў імкненні мірна развіваць сваю краіну, не ствараючы праблем суседзям. Нездарма абодва народы маюць аднолькавы кветкавы сімвал — васілёк, які азначае надзею і аптымізм, накіраваныя ў будучыню, заўважыў беларускі лідар у віншаванні народу Эстоніі са 105-й гадавінай Дня Незалежнасці.

«У розныя гістарычныя эпохі ваша дзяржава была самабытнай, паспяховай, прывабнай для бізнесу, творчасці, турызму, — адзначаецца ў віншаванні. — Сёння, на жаль, мы з’яўляемся сведкамі неапраўданай агрэсіўнай рыторыкі афіцыйнага Таліна, абсалютна не ўласцівай дружалюбнаму эстонскаму народу».

«Перакананы, што часовыя адзінкава навязаныя нам супярэчнасці не змогуць разбурыць традыцыйна добрыя беларуска-эстонскія чалавечыя сувязі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім жыхарам Эстоніі сапраўды незалежнага развіцця, міру і дабрабыту, а таксама запрасіў наведаць гасцінную Беларусь.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.