Вы тут

Запатрабаваныя прафесіі і незапатрабаваныя шукальнікі


Па даных Рэспубліканскай службы занятасці, па стане на 1 лютага на ўліку ў якасці беспрацоўных знаходзілася 5,8 тыс. чалавек. На гэты ж перыяд часу наймальнікамі заяўлены звесткі аб наяўнасці 98,9 тыс. вакансій. Здавалася б, спрыяльная сітуацыя для тых, хто шукае працу. Але ці так гэта на самай справе?


Фота: pixabay.com

Далёка не ўсе ідуць рэгістравацца ў якасці беспрацоўнага. Пачаўшы атрымліваць пэўную фінансавую дапамогу, чалавек атрымлівае і пэўныя абавязкі. Між тым адной з пераваг рэгістрацыі з'яўляецца магчымасць перанавучання па запатрабаванай на рынку працы спецыяльнасці.

Але далёка не ўсе рэгіструюцца ў якасці беспрацоўных, што не перашкаджае ім шукаць работу ў тым ліку праз дзяржаўную службу занятасці.

«Цяпер многія наймальнікі прымаюць на працу людзей па дагаворы на месяц-два. Ім вельмі зручна: ёсць заказы — узяў людзей, няма — выставіў. Такі работнік абыходзіцца танней, чым штатны. І вось да якой катэгорыі аднесці чалавека, які вымушаны перабівацца такімі заробкамі?» — здзіўляецца знаёмы мінчанін Іван. Ён і сам так паўгода працаваў, пакуль не знайшоў пастаянную работу.

Чым старэй, тым больш складана

Эксперты паўтараюць у адзін голас, што з-за «дэмаграфічнай ямы» 90-х гадоў маладых саіскальнікаў будзе ўсё менш. Маўляў, трэба звярнуць увагу на тых, каму 45—50 гадоў. Па цяперашніх часах жанчынам гэтага ўзросту 13—8 гадоў да пенсіі, мужчынам — 18—13, але эксперты аднеслі іх да такой групы, з якой само жыццё прымушае працаваць.

«Дырэктар фірмы, у якой я працавала, вырашыў «амаладзіць» кадры. За паўгода, па меры заканчэння кантрактаў, ён развітаўся з усім нашым аддзелам, — кажа 52-гадовая Ірына. — Я сыходзіла апошняй. Праз два месяцы ён патэлефанаваў мне і папрасіў «крыху пашэфстваваць над моладдзю». Адказала, што без праблем — па дагаворы падраду і з узнагародай у памеры майго ранейшага акладу. Ён вельмі абурыўся: маўляў, не так уяўляў сабе маё пакаленне. І гэта кажа чалавек, маладзейшы за мяне ўсяго на чатыры гады! Гэта значыць, ён яшчэ малады, я ўжо нейкае «старажытнае» пакаленне.

Пошук працы ў маім узросце — гэта чарада выпрабаванняў. Калі і запросяць на сумоўе, то размаўляе з табой маладая эйчар, якая нічога не можа сказаць пра змест работы, затое ў яе пад рукой пералік усім даўно вядомых і нібыта «разумных» пытанняў з інтэрнэту. Пасля такога вось сумоўя сама знайшла кіраўніка аддзела, у якім хацела працаваць. Паглядзеў рэзюмэ, пагутарылі і ён загадаў афармляць мяне на работу. Цяперашняму непасрэднаму начальніку 35 гадоў, калегам у аддзеле — ад 26 да 57 гадоў. Дзесяць месяцаў я шукала працу, узнагарода — выдатны калектыў, большы даход, бездакорна выбудаваныя ўсе працоўныя працэсы».

Даныя аб узросце зарэгістраваных беспрацоўных у нашай краіне па стане на 31 снежня 2022 года:

Крыніца: gsz.gov.by

Рэйтынг прафесій па ўзроўні запатрабаванасці

Камітэт па працы і занятасці Мінска склаў пералік найбольш і найменш запатрабаваных прафесій і асабліва рэкамендаваў прыгледзецца да іх моладзі. Сярод самых дэфіцытных рабочых прафесій: вадзіцель аўтамабіля, муляр, кантралёр-касір, маляр, мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм, наладчык станкоў і абсталявання, абліцоўшчык-плітачнік, афіцыянт, кухар, прадавец, слесар механазборачных работ, слесар-рамонтнік, слесар-тэхнік, токар, фрэзероўшчык, тынкоўшчык, электрагазазваршчык, электраманцёр.

Сярэдні ўзровень запатрабаванасці на рынку працы ў барменаў, бетоншчыкаў, вадзіцеляў пагрузчыкаў, кандытараў, страхароў, ліфцёраў, машыністаў кранаў, экскаватаршчыкаў, мантажнікаў будаўнічых канструкцый, аператараў сувязі, аператараў станкоў з праграмным кіраваннем, цырульнікаў, пекараў, цесляроў, слесараў-электрыкаў.

Менш за ўсё патрэбныя рабочыя наступных прафесій: бляхар, каваль, кузаўшчык, наборшчык, абутнік, друкар, кравец, садоўнік, шкляр, тэлефаніст, ткач, фатограф.

А якія перспектывы на рынку працы ў дыпламаваных спецыялістаў? Добрыя магчымасці ў банкаўскіх служачых, бібліятэкараў, бухгалтараў, выхавальнікаў, урачоў, інжынераў, інжынераў-праграмістаў, медыцынскіх сясцёр, менеджараў, педагогаў дадатковай адукацыі, перакладчыкаў, правізараў, рэнтгенлабарантаў, трэнераў, настаўнікаў, фармацэўтаў, фельчараў, эканамістаў, юрысконсультаў.

Сярэдні ўзровень запатрабаванасці ў наступных спецыялістаў: страхавы агент, акушэрка, артыст, архітэктар, ветэрынарны ўрач, дызайнер, зубны тэхнік, інспектар па кадрах, інструктар па ЛФК, маркетолаг, майстар вытворчага навучання, механік, педагог, сацыяльны педагог, педагог-псіхолаг, сакратар, сістэмны аналітык.

Складанасці з працаўладкаваннем прадказваюць спецыялісты агентам па турызме, аўдытарам, лагістыкам, рэдактарам, сацыёлагам, тэхнікам, улікоўшчыкам, фотакарэспандэнтам, мастакам, эколагам, экскурсаводам.

Крыніца: gsz.gov.by

Зарплата сярэдняя і рэальная

Па даных Белстата, сярэдняя налічаная заработная плата ў краіне па стане на снежань 2022 года склала 1915,6 руб., аднак лепш арыентавацца па лістападаўскай —1648,2 руб. Снежаньская зарплата заўсёды вышэйшая, таму што многія арганізацыі ў апошні месяц выплачваюць гадавыя прэміі і іншыя бонусы.

Узровень заробкаў, указаных у вакансіях рэспубліканскай службы занятасці, часцей за ўсё складае 800—900 рублёў. Тое, што самыя высокія заробкі плацяць выключна ў Мінску, — міф. А праўда ў тым, што чым вышэйшы заробак, тым больш патрабаванняў да саіскальніка.

Мяняем белы каўнерык на працоўны камбінезон

Старэйшае пакаленне ўспамінае, што выбар прафесіі асацыяваўся з марай, пакліканнем. Зараз аб такіх высокіх матэрыях успамінаюць усё радзей. Больш разважаюць аб прозе жыцця: наколькі запатрабаваная прафесія, як яна аплачваецца. Ёсць пра што задумацца: атрымаць за 1 год 10 месяцаў запатрабаваную прафесію фармацэўта ці пяць гадоў вучыцца на эколага з неакрэсленымі перспектывамі працаўладкавання.

Трэба быць гатовым да таго, што адной прафесіі на ўсё жыццё не хопіць. «Паўтара года таму я хадзіў на працу ў дыхтоўным касцюме, сярэдні заробак быў 3500 рублёў, а часам і да 5000 даходзіў, — успамінае 29-гадовы Віталь. — Калі звальняўся, мой заробак быў 800 рублёў — санкцыі зрабілі сваю справу. За два месяцы зразумеў, што дыплом можна адкласці ўбок і шукаць нешта сярод рабочых прафесій. Зацікавіла дрэваапрацоўка, знайшоў вакансіі з навучаннем на вытворчасці. Працай задаволены, калектыў добры, у маёй змене амаль усе хлопцы з вышэйшай адукацыяй. Усе мы знялі белыя каўнерыкі і надзелі працоўныя камбінезоны, у якіх зарабляем 2000—2300 рублёў. Але сярод маіх знаёмых знайшліся і тыя, каму не хочацца мець зносіны з рабацягамі, затое яны ныюць, як усё дрэнна, і сядзяць у офісах за 600—800 рублёў. А я думаю, што, пакуль малады і няма праблем са здароўем, можна папрацаваць на вытворчасці. Гэта вельмі карысны досвед».

Жыццё паскараецца. Калі ў ранейшыя часы трэба было паўгода вучыцца нейкай нескладанай прафесіі, то зараз хапае тыднёвай стажыроўкі. Ва ўсякім разе, пакуль чалавек малады, у яго шмат магчымасцяў на рынку працы.

Склад беспрацоўных па ўзроўні адукацыі па краіне па стане на 31 снежня 2022 года:

  • Агульная базавая адукацыя: 490 чал. — 10,65 %
  • Агульная сярэдняя адукацыя: 1130 чал. — 24,56 %
  • Прафесійна-тэхнічная адукацыя: 1618 чал. — 35,17 %
  • Сярэдняя спецыяльная адукацыя: 584 чал. — 12,69 %
  • Вышэйшая адукацыя: 772 чал. — 16,78 %
  • Пасляўніверсітэцкая адукацыя: 7 чал. — 0,15 %

Крыніца: gsz.gov.by

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».