Вы тут

Што гэта за фільм, які Берлінале назвала найлепшым


Фільм Надава Лапіда «Сінонімы» —  адзін з найцікавейшых уладальнікаў «Залатога мядзведзя» за апошні час.


Прыгожы хлопец ляжыць у ванне пустой элітнай кватэры Парыжа дакладна як рэвалюцыянер-журналіст Марат на адным з найвядомейшых французскіх палотнаў Жака Луі Давіда. Хто ён, жывы ці мёртвы, як ён знайшоў гэтую кватэру, адкуль ведаў, дзе знаходзіцца ключ, хто скраў яго вопратку і хто тыя людзі, што за ім зараз назіраюць? Поўнае пытанняў, загадак і нелагічнасцяў асяроддзе, як і цэлая карціна, як і само жыццё, распачало новы фільм Надава Лапіда “Сінонімы”, які атрымаў “Залатога мядзведзя” Міжнароднага берлінскага кінафестывалю, што завяршыўся ў нядзелю. І гэта, напэўна, адзін з найцікавейшых уладальнікаў галоўнай узнагароды Берлінале за апошні час.

У мінулым годзе “Залатога мядзведзя” атрымала “Недатыка” пра жанчыну, што не выносіць дакрананняў, і яе сэксуальнае жыццё. Да гэтага была пяшчотная і крыху фэнтэзійная карціна “Пра цела і душу”. Два супрацоўніка прадпрыемства бачаць адны і тыя ж сны, дзе з’яўляюцца каханкамі-аленямі. У 2016 годзе найлепшым стаў дакументальны фільм “Мора ў агні”, што закрануў тады гарачэйшае пытанне бежанцаў. Карціна іранскага рэжысёра Джафара Панахі, якому забаронена займацца кіно, “Таксі”. Нуар пра “сапраўдны” Кітай Дзяо Інаня “Чорны вугаль, тонкі лёд”. Румынская новая хваля і “Поза дзіцёнка” і гэтак далей.

Калі часта выбар галоўных кінафестываляў можна назваць кан’юнктурным, сёлетняе журы Берлінале на чале з французскай актрысай Жульет Бінош, здаецца, адсунула ўсе магчымыя кантэксты і засяродзілася на кіно. “Сінонімы”, якія распавядаюць пра жаданне Ёава з Ізраіля стаць французам, канешне, тычацца рэальных катэгорый, краін і рухаў, але робяць іх амаль умоўнымі ў прыватнай гісторыі.

Праўда, не паспела Берлінале раздаць прызы, як з Францыі прыйшлі навіны пра апаганеныя надпісамі яўрэйскія могілкі і тысячы людзей, што на вуліцах масава выступаюць супраць антысемітызму. То бок пэўны парадак дня на Жульет Бінош усё ж мог паўплываць, хаця калі кіно добрае, якая розніца.

Дарэчы, рашэнне журы асноўнага конкурса сёлета супала з агучаным на дзень раней меркаваннем журы Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI, якое таксама назвала “Сінонімы” найлепшым фільмам.

Часткова аўтабіяграфічная карціна – рэжысёр Надаў Лапід у свой час таксама пераехаў у Парыж – распавядае пра пошукі сябе і свайго месца ў гэтым свеце. Амаль казачным сюжэтам, эпізодамі, успышкамі.

Такім чынам ізраільцянін Ёаў пасля дэмабілізацыі прыехаў у Парыж, каб стаць сапраўдным французам. У адрозненне ад Марата на карціне Жака Луі Давіда Ёаў жывы, ледзь. Быццам мэтанакіравана ён прыйшоў у гэтую кватэру, дастаў ключ з-пад дыванка, зайшоў у пустыя пакоі, але хто яму гэта падказаў і ці падказваў увогуле – невядома. Таксама загадкава, пакуль галоўны герой прымае душ перад адчыненымі вокнамі, з кватэры знікаюць яго пажыткі.

І казачнасць працягваецца. Замёрзлага, яго знаходзяць суседзі Эміль і Караліна, прыносяць у сваю кватэру, адаграваюць, апранаюць у моднае паліто, што будзе аранжавець на парыжскіх вуліцах на працягу ўсяго фільма, даюць стосік рознакаляровых кашуль, пачку еўра і адпускаюць у сціплае жыллё з дзіркай у столі. Ёаў заткне яе кашулямі.

Галоўны герой адмаўляецца ад сваёй мовы, пазбягае кантактаў з бацькам, “аддае” свае гісторыі новаму сябру Эмілю, ходзіць па парыжскіх дарогах і бясконца паўтарае сінонімы на французскай мове. З першых хвілін яго кідае ад шыкоўнай пустэчы да запоўненых дастаткам прастор, ад кватэры з дзіркай у столі да яркай вечарынкі для бестурботных багацеяў, ад адзіноты да жаніцьбы.

Такой рознай і супярэчлівай мазайкай для яго становіцца Парыж, дзе дні Ёава разбіваюцца на шэраг нелінейных і часам нелагічных эпізодаў. Пераходзячы ад аднаго да другога, Ёаў застаецца ўсё ж самім сабой і, здаецца, не знаходзіць у Парыжы свайго месца, таму ў выніку сімвалічна “забірае” свае гісторыі назад. Быццам яны сталі важнымі зноў.

Куча сінонімаў, невытлумачальнасцяў, нявызначанасцяў робяць яго пошук такім складаназлучаным, якім ён, уласна, і з'яўляецца. Прапаўзці паміж нагамі танцуючых на вечарыне дам да стала з хлебам, мастурбаваць для гей-часопіса, ажаніцца, хадзіць на курсы для эмігрантаў, крытыкаваць ігру аркестра – ад голаду, для апарыжвання, дзеля новай ідэнтычнасці, усё ж застаючыся ізраільцянінам Ёавам.

Гэты хаос без пачатку і без канца, лішніх тлумачэнняў, пакою, затое з прывабнай зацятасцю галоўнага героя, камічнасцю, адсылкамі да Бібліі, духам Новай хвалі і архітэктурнымі сімваламі Парыжа, кажа, якая ўмоўнасць гэтае сваё месца.

Надаў Лапід, здавалася б, закрануў нешта актуальнае, але ў эстэтыцы фільма, якая поўнасцю перакрывае любыя прэтэнзіі на кан’юнктуру ці нешта накшталт, яно становіцца ўсяго толькі неабходнай канвенцыяй для развіцця сюжэта. Альбо яго неразвіцця, бо назва характарызуе не толькі сінонімы, якія Ёаў бясконца паўтарае, гледзячы сябе пад ногі, але і сінанімічныя сцэны, кожная з якіх толькі па-новаму апісвае адну і тую ж лінію.

Галоўны герой беспакойна блукае па Парыжу і нам падаецца, што гэты неспакой пераўтвараецца ў стыль жыцця чалавека, які ўпэўнена шукае сваё месца ў Францыі і мае шукаць яго тут, магчыма, да канца жыцця.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.