Вы тут

Новае слова ў STЕM-падыходзе


У 2019 годзе дзякуючы Асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» ў беларускіх школах адкрыюцца яшчэ 10 STЕM-цэнтраў — сучасных класаў, дзе дапытлівыя дзеці змогуць цалкам бясплатна навучацца па розных STЕM-кірунках: адкрываць для сябе займальны свет праграмавання, робататэхнікі, навучацца 3D-мадэляванню і іншым навукам, без якіх хутка немагчыма будзе ўявіць сабе жыццё ў сучасным грамадстве.


Шчасліўцамі сталі ўстановы адукацыі, якія перамаглі ў конкурсе «Хачу вучыцца ў STЕM-класе», а менавіта сярэдняя школа № 12 у Светлагорску, школа № 3 у Вілейцы, школа
№ 1 у гарадскім пасёлку Шаркаўшчына, № 17 — у Оршы, № 1 — у Драгічыне, гімназія ў Дзяржынску, школа № 10 у Пінску, гімназія № 3 у Бабруйску, школа № 2 у Дуброўне і № 5 — у Салігорску. Усе яны атрымаюць фінансавую падтрымку для набыцця неабходнага абсталявання (камп'ютараў, набораў LЕGО, 3D-прынтараў, праектараў і г. д.), а таксама для падрыхтоўкі педагогаў, якія будуць выкладаць у STЕM-цэнтры.

— Хачу падзякаваць усім настаўнікам за іх творчасць, а таксама за задавальненне, якое мы атрымалі пры знаёмстве з конкурснымі матэрыяламі, — падкрэслівае адзін з членаў журы Ірына АДАМОВІЧ, настаўнік матэматыкі з барысаўскай СШ № 20 і кіраўнік STЕM-парка, створанага на базе гэтай установы таксама дзякуючы Асацыяцыі «Адукацыя для будучыні». — Вельмі важна, што крытэрыі, па якіх ацэньваліся работы, далі магчымасць усёй настаўніцкай супольнасці лепш зразумець, вывучыць і паспрабаваць прымяніць на практыцы падыходы, якія адпавядаюць прынцыпам STЕM-адукацыі. Да гэтага часу ў нашай краіне назіраўся пераважна «броўнаўскі», хаатычны, рух у гэтым кірунку.

Што мы разумеем сёння пад STЕM-падыходам у адукацыі? Міжпрадметныя сувязі? Праектныя метады? Даследаванне? Камандную работу ці нешта яшчэ?

— І першае, і другое, і трэцяе, — падкрэслівае Ірына Адамовіч. — STЕM-падыход — паняцце новае, яно яшчэ толькі фарміруецца, таму ў яго могуць уключацца розныя сэнсы, і ў розных краінах педагогі ўкладаюць сваё разуменне — найбольш ім блізкае.

Сярод школ, якія не ўвайшлі ў дзясятку, былі вызначаны лідары ў асобных намінацыях: «Найлепшы STЕM-праект» — маладзечанская гімназія
№ 10, «Найлепшая каманда (настаўніцкая супольнасць)» — сярэдняя школа № 16 горада Оршы і «Найлепшы творчы ўрок» — гімназія горада Белаазёрска.

Установы адукацыі, што не перамаглі ў конкурсе, атрымалі дыпломы ўдзельніка і падарункавыя сертыфікаты на набыццё кніг, а таксама былі ўключаныя ў «рэзерв» на адкрыццё STЕM-цэнтраў у будучыні. Конкурсныя матэрыялы пасля апрацоўкі будуць прадстаўлены Асацыяцыяй «Адукацыя для будучыні» ў адкрытым доступе.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Патрапілі ў лік шчасліўцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!