Вы тут

Як брастаўчанка жыве ва ўмовах хранічнага недаатрымання аліментаў


Ганна згадзілася на размову пры дзвюх умовах: па-першае, ніякіх прозвішча, месца работы, адраса, па-другое, ніякіх здымкаў. Яна саромеецца цяперашняга ладу жыцця сваёй сям'і, усе цяжкасці лічыць часовымі. Спадзяецца, што ў найбліжэйшы час іх матэрыяльнае становішча выправіцца, бо яна зноў уладкавалася на работу ды знайшла падпрацоўку. І наогул яна — маці дваіх дзяцей, таму павінна быць моцнай. Ганна, як няцяжка здагадацца, таксама не яе імя, яна папрасіла назваць менавіта так. Вось яе гісторыя з пэўнымі скарачэннямі.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

— Калі б мама была жывая, усё выглядала б інакш, — пачынае свой расказ маладая жанчына. — Яна наогул была супраць нашага шлюбу з Вадзімам. Я не разумела: такі прыгожы, дасціпны, душа любой кампаніі, дзе б ён ні павярнуўся, вакол яго ўзнікаюць людзі. Работу часта мяняў, гаварыў, што яму хутка надакучвае аднастайнасць. Вось гэта ўсё маме і не падабалася. А я была закаханая, мне здавалася, усе будуць зайздросціць...

Ну і першыя гады жылі добра. Нарадзіліся адзін за адным двое сыноў. Муж працаваў то ў адной, то ў другой транспартнай кампаніі. Я выйшла з дэкрэтнага ў сваю швейную фірму. Не ведаю нават, з чаго ўсё пачалося, і не скажу, што ён надта многа выпіваў, не было асабліва і сварак. Проста, відаць, ён сапраўды не можа доўга на адным месцы. Адным словам, муж сабраў рэчы і сышоў. Я была ў такім шоку, што доўга нават на спагнанне аліментаў не падавала. Думала, сам чалавек павінен усвядоміць свой бацькоўскі абавязак. Ён і праўда напачатку з'ехаў за мяжу і прысылаў час ад часу нейкія капейкі. Потым усё ж — не без настойлівай падказкі мамы — я знайшла ў сабе сілы падаць дакументы на спагнанне аліментаў. Першы год выплаты прыходзілі рэгулярна... А потым захварэла мама, яе не стала літаральна за два месяцы. Гэтая страта мяне і падкасіла. Я таксама трапіла ў бальніцу. І з ранейшай работай давялося развітацца. Выседзець змену за швейнай машынай, сагнуўшы спіну, мне аказалася надта цяжка. Ды і зарплаты ў нас упалі.

Нейкі час я была без работы, гэта з'ела апошнія запасы-зберажэнні. У нас у сям'і не было прынята жыць упрытык, заўсёды нешта адкладвалася на ўсялякі выпадак. А тут вось так выйшла. Аліменты больш не прыходзілі. Я пайшла да судовага выканаўцы, які накіраваў мяне ў міліцыю. Майго былога мужа сталі шукаць як аліментшчыка-даўжніка.

Як аказалася, раней ён папрацаваў у Польшчы, Іспаніі, іншых краінах Еўропы, а на час пачатку пошукаў жыў у сваім горадзе ў іншай жанчыны. Пасля візіту ўчастковага з даўгамі па аліментах разлічыўся, але на работу ўладкоўвацца не спяшаўся,вось даўгі сталі расці зноў. У рэшце рэшт яму абмежавалі выезд з краіны. Цяпер ён гаворыць — найбольш, праўда, міліцыянерам, — што і ехаў туды, каб мець высокааплатную работу і лепш падтрымліваць сваіх дзяцей. Толькі я ў гэта не асабліва веру, бо і па ранейшых даўгах за час работы ў Еўропе ён разлічыўся пасля таго, як да яго завітаў судовы выканаўца, а потым і нарад міліцыі.

Начальнік аддзела вышуковай работы нашага РАУС — чалавек чулы, ён нам, гаротніцам, спачувае, кажа раз: «Калі хочаш, мы яго пасадзім». Але што мне з таго, што ён будзе сядзець у турме? Мне трэба дзяцей карміць-апранаць. Я не імкнуся караць турмою чалавека, які здрадзіў мне і сваім дзецям. Як кажуць, Бог — суддзя. Я ўжо ўладкавалася на работу ў дзіцячы садок нянечкай. Яшчэ знаёмая прадпрымальніца-швачка дапамагае заказамі. Я ўмею шыць і спадзяюся, што хутка пачну не проста зводзіць канцы з канцамі, а нармальна ўтрымліваць сваіх дзяцей. Цяпер успомніць страшна, як здаралася, што ў нас на цэлы дзень быў толькі кілаграм бульбы, нават без кефіру. І як я першы раз пайшла ў дом дабрачыннасці па адзенне для сыноў. Там, дарэчы, працуюць вельмі добразычлівыя пенсіянеркі, яны дапамаглі падабраць абутак, курткі, штаны для дзяцей. Заўважылі маю разгубленасць, супакоілі... Ведаеце, вельмі нават прыстойныя рэчы людзі аддаюць. Калі самому можна насіць адзенне хоць дзясятак гадоў, то дзецям трэба набываць нешта перыядычна, яны ж растуць. І гэты дабрачынны дом, што ёсць у нас у горадзе, выйсце для многіх...

Дык вось у выніку я зразумела, што ў нас няма гарантавана дзейснага механізма спагнання аліментаў. Мне міліцыянеры такія дзіўныя гісторыі расказвалі пра гэтых самых неплацельшчыкаў, што смех і грэх. А потым я ў газеце прачытала, як пракурор на адной нарадзе сказаў нешта накшталт «трэба ствараць вакол неплацельшчыкаў абстаноўку нецярпімасці».

Але хто і як яе будзе ствараць? Мне расказвалі, як чужыя людзі хавалі неплацельшчыкаў у кошыку для бялізны, у сваім гаражы. А вы кажаце, абстаноўка нецярпімасці... Цяпер — кожны за сябе. Шкада толькі, што нашы гісторыі не становяцца ўрокам для тых самых маладых дурніц, якой была і я, калі выходзіла замуж. Трэба больш уважліва і адказна ставіцца да выбару таго, хто стане бацькам тваіх дзяцей. Цяпер я добра разумею сваю маці, якая перасцерагала ад паспешлівага кроку.

Зараз вось застаецца выбіваць тыя аліменты з дапамогай праваахоўных органаў. У былога мужа фармальна няма ніякай нерухомасці, нават асабістых рэчаў, такіх як бытавая тэхніка, камп'ютары, аўтамабіль. Хоць нашы агульныя знаёмыя мне гаварылі, што з-за мяжы ён шмат чаго прывёз. Але ўсё гэта стала ўласнасцю яго грамадзянскай жонкі. Пражывае ён на яе жылплошчы. Што з чалавека возьмеш? А калі ён нават уладкуецца на работу з зарплатай у 300 рублёў і будзе прысылаць капейкі, то яны не стануць дзейснай падтрымкай дзецям, — заключыла Ганна.

...Такая вось, крыху сумбурна выкладзеная, невясёлая гісторыя, што адлюстроўвае адну з вельмі надзённых праблем нашага грамадства і выкрывае як мінімум два яе аспекты. Сапраўды, няма дзейснага спосабу спагнання аліментаў, не выпрацавала яго наша грамадства. І ад гэтага пакутуюць дзеці. Здараецца, проста недаядаюць, недаатрымліваюць у сваім развіцці, выхаванні, бо не могуць наведваць у поўнай меры гурткі, секцыі, дадатковыя заняткі. Дзеці Ганны, дарэчы, хоць і на кароткі час, але трапілі ў спіс тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пасля ўладкавання яе на работу іх знялі з уліку.

Гераіня спасылаецца на выказванне пракурора Брэсцкай вобласці, якое растыражавалі СМІ. Сапраўды летась пракуратура Брэсцкай вобласці праводзіла каардынацыйную нараду па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. На ёй уздымаліся пытанні несвоечасовай выплаты аліментаў. Таму пракуратура і забіла трывогу, што колькасць неплацельшчыкаў стала расці. І з гэтага вынікаюць негатыўныя наступствы. Прыводзіліся, напрыклад, такія факты: за два гады колькасць дзяцей, якія стаяць на ўліку ў ІСН, чые бацькі ўхіляюцца ад аплаты аліментаў, вырасла ў тры разы, а тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, стала ў паўтара раза больш. Як устаноўлена, кожны трэці неплацельшчык вядзе асацыяльны лад жыцця і ўяўляе сабой той кантынгент, з якога нічога не возьмеш. З іншымі ж можна весці работу, паводле слоў пракурора Віктара КЛІМАВА, у тым ліку ідэалагічнымі метадамі. Вядома, работа праводзіцца ўсімі зацікаўленымі службамі і дае пэўныя вынікі. Тэмпы ўказанага росту запаволіліся. Але неплацельшчыкаў па-ранейшаму многа, толькі за пазамінулы год за ўхіленне бацькамі ад утрымання дзяцей у рэгіёне заведзена 940 крымінальных спраў, 740 — за 11 месяцаў 2018-га.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.

Палітыка

Выбары ў Савет Рэспублікі адбыліся ў Беларусі

Выбары ў Савет Рэспублікі адбыліся ў Беларусі

Галасаванне па зарэгістраваных ЦВК кандыдатах у сенатары прайшло ў кожнай вобласці і Мінску.