Даўно заўважана: патрэбна жыццёвая тэма — ідзі ў грамадскае месца. Там людзі адкрыта дзеляцца асабістым. Вось і жанчына, якая сядзела побач у маршрутцы, дзялілася з сяброўкай па тэлефоне падзеямі са свайго жыцця. Тады я, канешне, маўчала, а цяпер дазволю сабе сёе-тое пракаментаваць.
— Ой, Галя, грошы яшчэ як патрэбныя! Мне самой пенсіі хапае. Але ж Ленцы трэба дапамагаць.
У яе рублёў 800 выходзіць чыстымі. Колька мала атрымлівае. Я яго разумею — у яго аліменты на дваіх дзяцей, дык навошта яму аддаваць добрыя грошы ў тую сям’ю? Там дзецям 15 і 17 гадоў, дык яму ўжо мала засталося плаціць.
Як у той прымаўцы: чорт з ім, што здохла свая карова, затое якая радасць, што ў суседа згарэў хлеў. Жанчыну зусім не бянтэжыць, што яна фактычна замест зяця ўтрымлівае сям’ю дачкі — галоўнае, што яго ранейшая сям’я не бачыць нармальных аліментаў.
А далей было яшчэ цікавей.
— Ленкін былы, Віцька, добрыя аліменты ёй плаціў. Я табе, Галька, раней не казала, прыкладна тры тысячы выходзіла. Ён за іх і даставаў Ленку: то чаму ў малой толькі адна пара зімовага абутку, то куртка ёй малая, то кормім не так, то кніжкі і гульні не купляем. І што ён вычварыў, зараз раскажу. Малая ж часта жыла то ў яго, то ў былых сватоў. А потым яна раптам кажа, што хоча заўсёды жыць у таты.
А Віцька такі: маўляў, трэба ўсё афіцыйна аформіць, дзе будзе жыць дзіця, хто за яго адказвае. Пайшлі ў суд. А там і кажуць: калі малая жыве ў бацькі, то маці павінна плаціць аліменты. Віцька сказаў, што яна можа плаціць мінімальную суму. Маўляў, ён добра забяспечаны. Ленка ж думала, што яна будзе па-ранейшаму атрымліваць аліменты. Аказалася, не. У яе цяпер прама з палучкі вылічваюць грошы і адпраўляюць Віцьку. Яшчэ бухгалтарка сказала Ленцы, што цяпер такія законы, нават калі дзіця ў дзіцячым доме, бацькі ўсё роўна павінны плаціць. А ў Ленкі, маўляў, муж сумленны, аліменты адсудзіў сімвалічныя. Віцька Ленцы яе капейкі вяртае на картку, хоць гэта добра. Але без яго аліментаў цяпер цяжка. Ленка любіць прыгожа жыць, Колька — таксама. Ёй ужо 38, дзе яна знойдзе іншага мужыка? Дык трэба за Кольку трымацца. Ізноў жа, малы ў іх. Унучку аддалі і добра, дзеўка з характарам, уся ў тату. Ленка за паўгода толькі раз яе і бачыла. Па-першае, няма калі, і малая ёй нават не тэлефануе. Па-другое, Ленка ж не можа прыехаць з такімі падарункамі, як калісьці прыязджалі былыя сваты. Малая вучыцца ў гімназіі, Віцька са сватамі казалі, што вельмі разумная. У Віцькі ж у новай сям’і таксама дачка, дык унучка з ёю надта сябруе. Жывуць амаль як прынцэсы: пакой у кожнай свой, цацак ды ўбораў безліч. І ўсе недзе займаюцца, то танцы, то басейн, то яшчэ што.
З аліментамі даволі тыповая гісторыя: жанчына чамусьці лічыла, што яны найперш для яе, а не для малой. На жаль, прававая неадукаванасць у самых простых жыццёвых пытаннях не рэдкасць. Гэта дзіўна пры даступнасці любой інфармацыі ў наш час.
— А я на дачы ўсё лета, як тата Карла. Зяць нічога не ўмее па гаспадарцы, ды і не хоча, касіць суседа наймала. Ленку таксама не прымусіць градку прапалоць. Але закаткі яна зрабіла, трыццаць слоікаў агуркоў, бо зяць вельмі іх любіць. Памідораў слоікаў дваццаць, салатаў нейкіх для яго накруціла, варэння наварыла... Пражывём.
(Божа, і гэта для мужчыны, які не можа купіць трымер і скасіць траву?)
— Ці шкадуем, што Віцька забраў малую? Не, не шкадуем. Ну добра, ён плаціў вялікія аліменты. А калі што здарыцца і будзе мала зарабляць? Няхай пакруціцца з дзіцем. Дзіця — гэта ж назаўжды, вось я да гэтага часу дачцэ дапамагаю. Дык няхай хоць маёй Ленцы будзе лягчэй з адным малым, чым з двума. Ды і дачку ж яна аддала бацьку, а не ў дзіцячы дом, так што аб чым шкадаваць? Нам бы такое жыццё, як у той маляўкі.
Геніяльная думка: дзіця — гэта назаўжды. І добра, калі ў бацькоў і дзяцей добрыя стасункі, узаемная павага і дапамога. І горка, калі дарослае дзіця высмоктвае сілы і грошы з бацькоў. Да канца іх жыцця. Але кожны выбірае свой шлях, як гэтая жанчына — прыклад сляпой матчынай любові.
Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».