Вы тут

Найвялікшае шчасце


Пішу з пажаданнем табе, дарагі чытач, ніколі не сустракаць Новы год на бальнічным ложку, асабліва ў аддзяленні траўматалогіі. І для гэтых нататак ёсць як мінімум дзве нагоды. Па-першае, ведаю, што гэта такое: летась за два дні да Новага года выпісалася з бальніцы, але яшчэ і пасля гэтага доўга працягвала амбулаторнае лячэнне. Па-другое, днямі давялося наведаць аддзяленне траўматалогіі, праўда, у якасці карэспандэнта.


Аддзяленне ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі, рамонту і замены абсталявання. А дзясятак гадоў таму выпала правесці тут шмат гадзін у іншай якасці, бо маме рабілі аперацыю па замене сустава. І многае ўспомнілася. Найперш людзі — урачы, медсёстры, санітаркі. Большасць з іх і цяпер працуюць, і загадчык аддзялення той самы. Пра яго нам, як толькі трапілі ў палату, расказала маладая пацыентка Галя, якая рыхтавалася да выпіскі. Яна нібы на крылах лётала. І па ёй нізавошта не сказаў бы, праз якія пакуты прайшла гэтая жанчына. «А мяне загадчык аддзялення ўсю перарабляў», — бойка адказала на маё пытанне, якое тут усе задаюць адно аднаму.

— Як гэта?

— А вось так. Хуткая прывезла ў адну з бальніц з трайным пераломам нагі. Здаецца, злажылі, паправілі. Аказалася, не так, зраслося няправільна, нага крывая, хадзіць не магу. За год з невялікім стала нехадзячым інвалідам другой групы. Не хацеў брацца спачатку і наш доктар, але ж умаліла. І вось — зноў аперацыя, зноў ламалі ўсё наноў і наноў складвалі. Цяпер з палачкай ужо хаджу, месяц тут прабыла, а сёння муж па мяне прыедзе... А вам пашанцавала, — звярнулася Галя ўжо на адыходзе да сваіх састарэлых таварышак па палаце. — Вы адразу да гэтага доктара трапілі.

Старых людзей тут было многа. Каб зламаць косць сцягна, не трэба падаць з вышыні, дастаткова аступіцца. А некаторыя нават не падаюць, у іх пераломы здараюцца адвольна ад любога руху. Выйсцем бывае аперацыя па замене касцей на пратэз. Памятаю, як малады доктар нашага аддзялення тлумачыў былой настаўніцы з Пружанскага раёна неабходнасць узяць з сабой сертыфікат на пратэз: «А раптам у самалёце будзеце ляцець, металашукальнік зазвініць, як вы растлумачыце?» Яна ж толькі адмахвалася, маўляў, нікуды я не палячу. Любоў Мацвееўна была такой жвавай і актыўнай, што нават перабаршчыла з апошнім. Як толькі ўстала на ногі, вырашыла, што яна можа добра хадзіць, пайшла самастойна, упала і зламала руку. Як той казаў: і смех, і грэх. Уваччу стаіць, як ушчуваў яе загадчык аддзялення: «Вось прыедзе ваш сын ды адлупцуе мяне, што недагледзелі вас!» І сапраўды, з пажылымі часам трэба столькі цярпення і спагады, як з малымі дзецьмі.

Спагада тут патрэбная ўсім, бо кожнага прыводзіць на бальнічны ложак свая бяда. Побач з маёй мамай ляжала маладая прыгожая жанчына. Працавала раней у Лацінскай Амерыцы, свабодна размаўляе на трох замежных мовах. Расказвала, якая цікавая ў яе работа зараз, уладкаванае жыццё. Яе выпадак, мусіць, пабіў рэкорд па недарэчнасці (але ж хіба траўма наогул можа быць дарэчы?). Была ў гасцях у найлепшых сяброў, падчас вечарынкі выйшла на веранду і наступіла на люк, якім закрываўся спуск у падвал. Накрыўка праламалася, жанчына ўпала ў склеп паўтараметровай вышыні, паламала пазваночнік. Перад гэтым госці праходжваліся туды-сюды, па накрыўцы той прайшлі не менш за пяць чалавек, пераважна мужчыны, значна цяжэйшыя за яе. Сапраўды, як у бессмяротным рамане Булгакава: «Не ведаеш, хто гэтую нітачку падвесіў і хто калі яе перарэжа».

Да сімпатычнай Алены наведваўся яе знаёмы, дарэчы, гаспадар таго злашчаснага падвала, і звяртаўся не іначай як: «Ну здароў, прыгажосць!» А «прыгажосць» ужо месяц ляжала на спецыяльным прыстасаванні, якое дазваляе не дакранацца да пасцелі спінай, па сутнасці — вісела. Пра тое, каб прыўстаць ці павярнуцца, зразумела, гаворкі не вядзецца. Але ж ёй яшчэ пашанцавала, бо праз колькі месяцаў яе абяцалі падняць на ногі. Пашанцавала, бо пасля такіх траўмаў гэта ўдаецца зрабіць не ўсім.

Была нагода радавацца за яе не толькі па прычыне аптымістычных прагнозаў, але яшчэ і таму, што яна не страчвала прысутнасці духу. Ніколі не дазваляла сабе паказваць свае пакуты на людзях, плакаць, шкадаваць сябе. Зранку — абавязковы макіяж (рукі ж рухаюцца), вечарам прыходзіў 20-гадовы сын, часта мыў ёй галаву. Выглядала заўсёды бездакорна і ў палаце выконвала ролю своеасаблівага псіхатэрапеўта. Не раз цытавала класікаў, гаварыла, што нават у самых страшных умовах многія людзі знаходзілі сілы заставацца людзьмі.

Усё так. І падобныя сустрэчы даюцца, відаць, для таго, каб асэнсаваць, што калі ты сам у больш-менш нармальным самаадчуванні, на сваіх нагах і можаш сустрэць Новы год ва ўласным доме пад ёлкай у коле блізкіх людзей, то гэта і ёсць найвялікшае шчасце.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чакаецца на 2—4 градусы цяплей за норму

Чакаецца на 2—4 градусы цяплей за норму

І ў трэцяй дэкадзе сакавіка ў нас захаваецца няўстойлівае з ападкамі надвор'е.

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

У Пасольстве Украіны ў Беларусі прэзентавалі тэлеканал UA TV

У Пасольстве Украіны ў Беларусі прэзентавалі тэлеканал UA TV

Тэлеканал вядзе вяшчанне на тэрыторыю нашай краіны з лютага гэтага года.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна.