Вы тут

​Пакуль літар не будзе відаць


«Калі варожы снарад адарве мне руку — буду біцца адной рукой, калі я страчу ногі — я падбяруся паўзком да звярынага статка і буду паражаць яго гранатай, калі мне вырвуць вочы — я ўбачу ворага вачыма сэрца і не прамахнуся...»

Гэтыя радкі клятвы камсамолкі Любы Зямской, якая загінула, расстрэльваючы варожыя танкі, знаходжу ў выданні «Молодёжь Белоруссии в борьбе за Родину» за 9 студзеня 1944 года. Прыводзячы такі прыклад, бюлетэнь заклікае хлопцаў і дзяўчат уступаць у рады народных мсціўцаў, знішчаць ворага, ірваць тэлеграфна-тэлефонную сувязь, падпальваць масты і склады, выводзіць са строю тэхніку. Падобныя заклікі можна знайсці і на старонках іншых маладзёжных выданняў, а іх у часы Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі выходзіла каля дзясятка.


Першыя «ластаўкі»

Пасля масіраваных бамбардзіровак Мінска летам 1941 года рэдакцыі рэспубліканскіх газет засталіся без паліграфічнай базы. З 10 ліпеня 1941 года ЦК ЛКСМБ аднавіў выданне газеты «Чырвоная змена», рэдактарам якой быў зацверджаны Міхаіл Барашкаў. Спачатку яна стваралася дзякуючы перасоўнай друкарні, а пасля выходзіла ў Гомелі на фабрыцы «Палесдрук». Нягледзячы на тое, што супрацоўнікам даводзілася працаваць уначы, часта пад бамбёжкамі, газета выходзіла 3-4 разы на тыдзень, фарматам на палову друкаванага ліста і тыражом у 2-3 тысячы экзэмпляраў. За 41 дзень у прыфрантавым Гомелі было выдадзена 24 нумары. Яны перапраўляліся на акупаваную зону. Калі ж уся тэрыторыя Беларусі была захоплена ворагам, выпуск працягваўся за яе межамі. Апошні нумар «Чырвонкі», выдадзены ў тыле, быў надрукаваны ў пачатку кастрычніка 1941 года ў вёсцы Жаваранкі Тульскай вобласці. Першы сакратар ЦК ЛКСМБ Міхаіл Зімянін, калі адпраўляў на аэрадром цюкі з аддрукаванымі нумарамі, заўважыў: «Ну вось, паляцеў наш апошні жаўрук». «Чырвонка» на некаторы час замаўчала.

Але камсамольцы, пазбаўленыя ўласнага друкаванага органа, вырашылі самі ўзяцца за распаўсюджванне інфармацыі: ад рукі ці на машынцы яны набіралі лістоўкі і звароты. Напрыклад, маладыя падпольшчыкі Магілёва спачатку знішчалі нямецкія плакаты і загады, расклееныя на сценах дамоў, пасля пачалі на іх пісаць свае лозунгі, а з верасня выпускалі ўласныя лістоўкі. Увосень 1941-га гомельскія камсамольцы таксама распаўсюджвалі лістоўкі са зводкамі Саўінфармбюро. Пад носам у ворага дзейнічалі групы ў друкарнях Жлобіна і Віцебска. Камсамолкі Феня і Марыя Конанавы з Любаншчыны расклейвалі лістоўкі ў варожых гарнізонах. Падчас выканання аднаго з заданняў Феню схапілі фашысты. Камсамолку катавалі, але яна не выдала месца размяшчэння друкарні. У студзені 1942 года дзяўчыну, паўголую, босую, прывялі да ракі Арэсы і на вачах соцень людзей, сагнаных на паказальную расправу, жывую кінулі пад лёд. Яе імя хутка стала вядомае ўсім камсамольцам Беларусі, яе згадвалі многія партызанскія выданні.

На старонках маладзёжных газет, што выходзілі на акупаванай тэрыторыі, можна сустрэць і шмат іншых прозвішчаў. Як правіла, яны згадваліся, калі маладыя героі гінулі. Расказваючы ж пра справы партызан, газеты падавалі толькі імёны ці псеўданімы, каб не нашкодзіць ні самім маладым людзям, ні іх родным, якія засталіся ў гарадах і вёсках.

Страшней за гармату

Да канца 1942 года ЦК ЛКСМБ пераправіў на акупаваную тэрыторыю восем друкарняў. У Беларусь былі накіраваны і кадры: сярод вопытных журналістаў былі Я. Качан («Молодой партизан»), І. Матыль («Сталинская молодёжь»). Рэдагаваць «Звязду» і «Чырвоную змену» паляцеў Міхаіл Барашкаў.

Пасляваенная «Чырвонка» не раз змяшчала на старонках успаміны сваіх у мінулым падпольных супрацоўнікаў, у тым ліку і пра тое, як партызаны гадалі, што за груз у іх атрад дастаўлены самалётам. «Мо арудзія якая новая?» — выказаў меркаванне адзін з партызанаў. «Для немцаў гэта страшней за гармату, дзядзька», — адказаў госць з Вялікай зямлі. У скрынках былі шрыфты, партатыўны друкарскі станок і папера. Ужо 31 студзеня 1943 года адроджаная «Чырвонка» заклікала: «Малады беларус! Радзіма кліча да помсты! Забі акупанта». Часам, каб трапіць да свайго чытача, газеце даводзілася пераадольваць па 400—500 кіламетраў! «Чырвонку» зачытвалі так, што ў асобных тэкстах нельга было разабраць літар... Не менш запатрабаванымі былі і іншыя маладзёжныя газеты, якія ў гэты час выдаваліся райкамамі камсамола.

Падпольныя маладзёжкі да свят абвяшчаюць «сацыялістычныя спаборніцтвы», толькі заклікаюць не на працоўныя, а на баявыя подзвігі. 26 верасня 1943 года «ЧЗ» заяўляла, што 25-ю гадавіну ВЛКСМ у краіне адзначаць «новымі ўдарамі па ворагу».

У барацьбе ўдзельнічаюць нават дзеці. Так, у снежні 1943 года газета «Молодой партизан» паведамляе, што юныя антыфашысты перадалі партызанам дзясяткі вінтовак, сотні снарадаў для выплаўкі толу, тысячы патронаў і нават артылерыйскі прыбор. На адной з магістраляў дзеці самі пусцілі пад адхон цягнік.

Праз маладзёжныя выданні запускаюць новыя «спаборніцтвы». Сакратар ЦК камсамола Беларусі Міхаіл Зімянін са старонак «Молодого партизана» за 15 лютага 1944 года заяўляе, што кожны малады патрыёт павінен весці лік знішчаным акупантам...

Набліжалася вызваленне Беларусі. У партызанскіх атрадах арганізоўваліся курсы медыцынскіх сясцёр, работнікаў сувязі і іншыя. Мірныя прафесіі маладыя людзі атрымлівалі ў перапынках паміж баямі. Краіне былі патрэбны кадры для аднаўлення разбуранай гаспадаркі...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.