Вы тут

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца


Ахвяр, якіх дастаўлялі ў канцлагер Штутгаф на тэрыторыі Польшчы, пазбаўлялі ўсяго. Спачатку ў іх забіралі прыватныя рэчы, а пасля — імя. Пісар пазначаў іх прозвішчы ў спецыяльную кнігу. Калі ў рэгістрацыйны барак уваходзіў чалавек, то ўжо з наступных дзвярэй выходзіў нумар. Гэтыя лічбы ахвяры павінны былі ведаць на нямецкай мове. Былыя вязні і сёння не могуць іх забыць, але вельмі не хочуць пра гэта згадваць. Работа ж па вяртанні адабраных імёнаў не спыняецца і праз столькі гадоў пасля вайны.


Агароджа канцлагера. Вязні называлі яе «варотамі смерці».

У музеі, створаным на месцы лагера смерці, захоўваецца багаты архіў. Дзякуючы сабраным дакументам удалося аднавіць 80 працэнтаў імёнаў зняволеных. Крыніца звестак можа быць розная — запіс у рэгістрацыйнай кнізе, папкі з асабістымі справамі, дакументы з лагернага шпіталя ці якія датычыліся перавозкі зняволеных. Акрамя палякаў, тут было многа вязняў з усходу: беларусаў, рускіх, украінцаў.

Памер усёй Еўропы

Гэта быў першы канцэнтрацыйны лагер па-за межамі Трэцяга рэйха і рэкардсмен па працягласці існавання — з другога верасня 1939 да 9 мая 1945 года. Ужо ў першыя дні пасля нападзення Гітлера на Савецкі Саюз сюды сталі прывозіць ваеннапалонных Чырвонай Арміі, палітвязняў, людзей, якія дапамагалі партызанам, — гэта маглі быць як асобныя грамадзяне, так і цэлыя вёскі. У Штутгаф таксама адпраўлялі на «перавыхаванне» асоб, якія былі вывезеныя як дармавая рабочая сіла, але ўхіляліся ад работ альбо «ленаваліся», дрэнна выконвалі сваю справу. У 1944 годзе тут ужо былі вязні розных нацыянальнасцяў з 25 краін свету: яўрэі, італьянцы, французы, чэхі, шведы і іншыя. Усяго праз лагер прайшло 110 тысяч чалавек, 65 тысяч было знішчана.

Сёння ў музейшчыкаў шмат работы — нашчадкі працягваюць шукаць звесткі пра сваіх блізкіх. Трэба быць уважлівымі пры рабоце з дакументамі, улічваць, што рускія і беларускія прозвішчы маглі быць выкладзены на нямецкай мове з памылкамі.

Музей цяпер займае толькі адну шостую той тэрыторыі, дзе некалі быў канцлагер. Захаваліся аўтэнтычныя будынкі. Прызначэнне аднаго з іх невядома да гэтага часу — сёння тут за шкляной вітрынай захоўваюцца рэшткі абутку, якія застала пасля вызвалення польскіх тэрыторый камісія па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На тэрыторыі лагера ў вялізныя кучы было звалена каля паўмільёна пар абутку, сярод якіх можна было заўважыць і чаравічкі на вельмі маленькія дзіцячыя ножкі. Відаць, такія «трафеі» сюды звозіліся з іншых лагераў для рамонту — у Штутгафе працавалі абутковыя майстэрні. Таксама вязні былі задзейнічаны на лесапільні і выкарчоўцы лесу, на цагельным заводзе, у гаспадароў на полі, у майстэрнях, якія выраблялі адзенне і розныя рэчы для нямецкай арміі.

Самім жа работнікам выдавалася паласатая «ўніформа». Нельга было паскардзіцца, што нешта парвалася, знасілася, стала бруднае, — усё выдавалася раз і назаўсёды.

Спачатку вязні спалі на саломе, раскіданай на падлозе. Пазней, каб размежаваць прастору і хоць крыху стрымліваць хваробы, якія імгненна распаўсюджваліся, тут змясцілі трохпавярховыя нары. Але баракі былі перапоўненыя, на кожным ярусе размяшчалася па некалькі чалавек, людзі спалі седзячы, абапіраючыся адно аднаму на спіны.

200 грамаў хлеба, кубак мутнай кавы, міска супу з нейкай гнілі і костак ад рыбы — такі быў рацыён вязняў. Цела адной з ахвяр пасля смерці было ўзважана і апісана — жанчына важыла 19 кілаграмаў...

Голад, хваробы, цкаванне сабакамі, смяротныя ўколы ў вобласць сэрца, газавая камера і крэматорыі... Штутгаф забраў тысячы жыццяў. Але пазбаўленыя імёнаў вязні хацелі заставацца людзьмі. Нелегальна, на выкрадзеных кавалках паперы крэйдамі ці алоўкамі яны стваралі малюнкі альбо прасілі зняволеных мастакоў напісаць з іх слоў партрэты блізкіх. Захоўваюцца ў музеі і малюнкі, зробленыя беларускімі дзеткамі, — на іх дамкі, кветкі і выведзены дзіцячай рукой подпіс: «Дарога дадому». Малыя (найстарэйшаму дзіцяці было 14 гадоў) трапілі ў лагер у 1944 годзе. Іх трымалі ў асобным бараку і каля месяца з яго не выпускалі. Цішком зняволеныя жанчыны лагера, каб падтрымаць дзяцей, дзяліліся з імі ежай, перадавалі лялькі, зробленыя з кавалкаў тканіны, паперу і алоўкі. У сакавіку 1944 года дзетак са Штутгафа вывезлі. Ёсць меркаванне, што малых маглі транспартаваць у Германію на анямечванне...

Сваякі ставяць шыльды на брацкіх магілах.

Яны не змаглі вярнуцца...

У межах візіту, арганізаванага Пасольствам Рэспублікі Польшча для беларускіх журналістаў, мне давялося наведаць найбуйнейшы мемарыял савецкіх воінаў, якія загінулі падчас вызвалення Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944—1945 гадах. Тут знайшлі апошні прытулак каля 22 тысяч салдат і афіцэраў Першага Беларускага фронту, якіх звозілі з розных месцаў у ваколіцах Варшавы.

Калі падчас раскопак нават у нашы дні ў Польшчы яшчэ знаходзяць парэшткі чырвонаармейцаў, якія загінулі на гэтых землях у гады Другой сусветнай вайны, іх вязуць на гэтыя мемарыяльныя могілкі ў Варшаве на перапахаванне. Мемарыял, узведзены яшчэ савецкай уладай у канцы 1940-х гадоў, натуральна, патрабаваў рамонту, які летась тут быў праведзены. Устаноўлена відэакамера, каб сачыць за парадкам на гэтай тэрыторыі.

Калі на месцы пахавання афіцэраў размешчаны пліты з прозвішчамі, то на магілах простых салдат імён не пазначалі, — на іх цяпер усталяваны бетонныя слупкі з чырвонымі зоркамі. У кожнай яме — звыш дзясятка чалавек. Але ніхто не забыты. На некаторых магілах можна ўбачыць невялікія шыльды ці пліты з прозвішчамі і фатаграфіямі — іх устанавілі сваякі, якія прыязджалі да сваіх бацькоў, дзядоў з розных куткоў былога Саюза. На адной з такіх брацкіх магіл знаходжу шыльду з фатаграфіяй нашага суайчынніка з Маларыты — Івана Паўлавіча Холада, які загінуў у верасні 1944 года. «Насамрэч на такія пабудовы павінна брацца згода ў ваяводы, але калі сваякі ставяць помнікі, мы іх не чапаем. Людзі ж праехалі столькі кіламетраў! — расказвае ўпаўнаважаны Польскага таварыства ветэранаў і рэпрэсаваных Пётр Аленьчак. — Часам мне тэлефануюць і пытаюцца, у якой магіле пахаваны той ці іншы салдат. Трэба аблегчыць іх пошукі. У мяне 22 тысячы прозвішчаў пахаваных тут вайскоўцаў на паперы, але я хачу, каб яны з'явіліся на сцяне, на спецыяльнай шыльдзе».

Пошукі працягваюцца!

Шукаем інфармацыю пра лёсы ахвяр канцлагераў. Імёны чытайце па спасылцы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Вяртанне імёнаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?