Вы тут

75 гадоў таму быў расфарміраваны Беларускі штаб партызанскага руху


75  гадоў таму, акурат у лістападаўскія дні 1944 года, быў расфарміраваны і афіцыйна спыніў сваю дзейнасць Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР).


Але гісторыя вывучэння ўнікальнай патрыятычнай з'явы — партызанскага руху ў Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны — на гэтым не скончылася, а толькі пачалася. І працягваецца дагэтуль. Днямі Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальны архіў Беларусі прадставілі сумесны выдавецкі праект — першы выпуск серыі мультымедыйных выданняў «Партызанскі архіў», прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Пачалася серыя, так бы мовіць, з канца — з дакументаў, бібліяграфічных даведак, фотаздымкаў і ілюстрацый 1944-га, сабраных у электронным дакументальным выданні «Аператыўныя і разведвальныя зводкі Беларускага штаба партызанскага руху: 1944 год». Аднак ужо ў пачатку наступнага года ўбачаць свет зборнікі за 1943 і 1942 гады, дзе ўкладальнікі «рассакрэцяць» яшчэ некалькі соцень архіўных дакументаў, большасць з якіх раней ніколі не публікавалася.

— Безумоўна, партызанскі рух вывучаюць сёння розныя спецыялісты, на гэту тэму напісаныя сотні і тысячы кніг — мемуары, успаміны, зборнікі разнастайных матэрыялаў, мастацкія творы, многія з якіх захоўваюцца і ў нашай бібліятэцы. Здавалася б, за 75 гадоў усё сказана і дадаць няма чаго. Але гэта не так, і кожны год адкрывае новыя старонкі ў нашай гісторыі. Толькі сёлета сумесна з калегамі-архівістамі мы зладзілі выстаўку мастацкіх твораў партызан, што былі ўпершыню знойдзены ў архівах і паказаны шырокай грамадскасці. Цяперашні праект прадстаўляе звесткі, якія не былі раней дасяжныя ні шырокаму колу чытачоў, ні нават даследчыкам. Мы хочам, каб гісторыю сваёй краіны ведала перадусім моладзь, а яна любіць чытаць і працаваць з экранаў, і ўкладальнікі зборніка далі такую магчымасць, змясціўшы на невялікім носьбіце значную колькасць інфармацыі, — тлумачыць выбар фармату дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.

Ідэю сумеснай работы бібліятэка і архіў узгаднілі вясной гэтага года. Больш за шэсць месяцаў доўжыліся падбор і стварэнне лічбавых копій унікальных дакументаў. У выніку электронны зборнік уключае ў сябе ілюстрацыйны блок і ўсе неад'емныя элементы навуковага выдання — прадмову, геаграфічны і іменны паказальнік, біяграфічныя даведкі і пералік апублікаваных дакументаў, а гэта 100 аператыўных і разведвальных зводак Беларускага штаба партызанскага руху, якія з прычыны вялікага аб'ёму надзвычай складана было б змясціць у папяровым выданні. Прадстаўленыя дакументы адлюстроўваюць асноўныя падзеі баявой і разведвальнай дзейнасці беларускіх партызан, такія як дыверсіі і аперацыі па знішчэнні варожых гарнізонаў, супрацьстаянне карным экспедыцыям нацыстаў, «рэйкавая вайна», разведка абаронных умацаванняў немцаў, узаемадзеянне з часцямі Чырвонай Арміі і ўдзел партызан і падпольшчыкаў у распрацоўцы аперацыі «Баграціён», звесткі пра колькасць і характар грузаў з Вялікай зямлі, інфармацыя аб рэарганізацыі і перайменаванні партызанскіх фарміраванняў, месцах іх дыслакацыі і шмат іншага.

Але галоўнае, гавораць укладальнікі зборніка, — людзі, якія, штодня рызыкуючы сваім жыццём, здабывалі неабходныя звесткі для планавання малых і вялікіх партызанскіх аперацый. А яшчэ вёскі і гарады — праз іх праходзіць уся Беларусь. Уявіце: геаграфічны паказальнік выдання займае 110 старонак і ўключае назвы каля 2500 населеных пунктаў! «На маю думку, зборнік будзе запатрабаваны не толькі ва ўстановах адукацыі пры вывучэнні партызанскага руху ў Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны, але і ў асобных даследчыкаў, нашчадкаў былых партызан, ва ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй. Мне хочацца верыць, што чалавек, які будзе працаваць з гэтым дыскам і знойдзе назву свайго роднага горада ці вёскі, паглыбіцца ў гісторыю роднага краю, — зазначае архівіст Святаслаў Кулінок, — і такім чынам выданне будзе мець не толькі навуковую значнасць, але і адукацыйную, і выхаваўча-патрыятычную скіраванасць».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Паводле звестак разведкі...

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.