Вы тут

Мандарыны, смачны стол і салют. Як святкуюць Новы год у арміі?


Перадсвяточная мітусня, агеньчыкі на вокнах, пах мандарынаў у паветры — усе чакаюць падзеі, ад якой зноў пачнецца адлік. Новага года чакаюць і тыя, хто носіць ваенны мундзір. Для людзей у пагонах свята на пасту — звычайная справа. Але, нягледзячы на шматзадачнасць, гэты дзень для іх таксама важны, як і для ўсіх, хто правядзе яго ў коле сям'і.


Адбой далёка за поўнач

У перадсвяточныя дні ў вайсковых часцях пах пораху змяняецца водарам мандарынаў. Салдацкія інтэрнаты пераўтвараюцца ва ўтульныя пакоі, на тварах байцоў з'яўляюцца ўсмешкі і нават на палігонах усе ў прадчуванні свята. Ну які Новы год без ёлкі?! Традыцыя ставіць ёлку, упрыгожваць казармы, клубы і тэрыторыю ёсць і ў вайсковых часцях.

Раніца 31 снежня ў салдат пачынаецца з прыбірання памяшканняў і падрыхтоўкі да ўрачыстасці. Адны закупляюць прадукты на стол, іншыя рэпеціруюць нумары канцэрта і рыхтуюць конкурсы, трэція па-ранейшаму займаюцца паўсядзённымі вучэбна-баявымі задачамі. Да некаторых прыязджаюць родныя — у апошні дзень года на КПП заўсёды шматлюдна.

Навагодняя ноч для вайскоўцаў, напэўна, — той рэдкі выпадак, калі адбой не ў дзесяць гадзін вечара, а далёка за поўнач. Зварот Прэзідэнта па тэлебачанні, смачны стол і салют — усё амаль як дома. Для салдат гэтая ноч таксама важная, як і для тых, хто сустракае свята сярод сям'і. Так, сваякі, сябры далёка, але побач з імі таксама не чужыя — за час службы баявыя таварышы становяцца роднымі. І нават жаданні ў іх падобныя: мір на зямлі і ў кожным доме.

Навагоднія падарункі ад партызан

Служба ў войску — не падстава адкласці чароўнае свята на год. Нават у самыя цяжкія дні Вялікай Айчыннай на фронце, у тыле і на акупаванай тэрыторыі савецкія людзі адзначалі Новы год. У тую ноч яны жадалі толькі аднаго: каб хутчэй вайна скончылася Перамогай.

Святкавалі Новы год і партызаны. «Наш Дед Мороз, наш славный дед, принес нам чудеса Побед. Но внук, не уступая Деду, несет нам полную Победу!» — такімі радкамі народныя мсціўцы віталі наступленне 1943 года ў газеце «Бобруйский партизан».

Найлепшым падарункам ад партызан былі ўдала спланаваныя аперацыі. З дзённіка Аляксандры Хромавай, байца атрада Краўцова (2 студзеня 1943 года): «Вось і Новы год. Учора партызаны атрада Міхайлоўскага павіншавалі фашыстаў — пусцілі пад адхон эшалон з жывой сілай».

А хто сапраўды чакаў свята, нават пад грукат артылерыйскіх гармат, — дык гэта дзеці. Галоўнае іх жаданне — Дзед Мароз з падарункамі. Вайскоўцы рабілі ўсё магчымае, каб іх мары спраўдзіліся. З успамінаў Пятра Ганчарова, камандзіра атрада «За Радзіму»: «Аднойчы я і начальнік штаба, надзеўшы белыя маскіровачныя халаты, якія павінны былі прадстаўляць касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі, прывозілі ў вёскі сані з хлебам і аладкамі для дзяцей. Адзін аднаго мы віншавалі звычайна толькі на словах — у атрадзе ў кожнага было толькі самае неабходнае, і ўзяць падарунак не было адкуль».

Гэтымі днямі хочацца павіншаваць усіх людзей у пагонах. На зямлі і ў паветры. Тых, хто нясе службу і ў аддаленых гарнізонах і на баявых пастах. Яны апранаюць форму амаль пад бой гадзіннікаў і працягваюць рабіць важную справу. Усё — для таго каб беларускае неба і граніцы былі пад надзейнай абаронай.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».