Вы тут

Прэзентавалі кнігу «Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан»


Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прэзентавала кнігу «Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан» з серыі «Беларусь памятае. У імя жыцця і міру». Сімвалічна, што адбылося гэта ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў і напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.


— Мы выхаваны ветэранамі. Мы чулі і на генетычным узроўні адчуваем іх, таму для нашага пакалення важная задача — гэтыя пачуцці і іхняе адчуванне Радзімы перадаць нашчадкам, — сказаў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч, які з'яўляецца аўтарам і складальнікам гэтага выдання. — Чаму? Таму што Савецкі Саюз быў адзінай дзяржавай, якая аб'ядноўвала многія народы. І пасля таго як у краін з'явіўся суверэнітэт, вельмі важна не згубіць нітачку, што звязвае нас. А яна ў нашай агульнай памяці, у нашым сяброўстве. І для мяне было пачэсна падрыхтаваць кнігу, якая дапаможа нашчадкам вызваліцеляў Беларусі ведаць, дзе тыя знайшлі вечны спакой. Я перакананы, што кніга таксама здольна аб'ядноўваць, выхоўваць і быць крыніцай памяці пра той час і тое сяброўства, якое павінна развівацца, умацоўвацца і дапамагаць захоўваць мір.

Кніга «Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан» прысвечана воінам-узбекістанцам, якія змагаліся супраць нацызму ў нашай краіне падчас Вялікай Айчыннай вайны — былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці, удзельнічалі ў партызанскім і падпольным руху, вызвалялі Беларусь. Многія ўзбекістанцы за іх гераізм і мужнасць удастоены звання Героя Савецкага Саюза. І тысячы воінаў-узбекістанцаў назаўсёды засталіся ў беларускай зямлі. У нашай краіне памяць пра мінулую вайну свяшчэнная, як і памяць пра тых салдат і афіцэраў з Узбекістана, чые лёсы непарыўна звязаны з Беларуссю. Іх імёнамі названы вуліцы, ім стаяць помнікі і мемарыяльныя дошкі, і іх памяць зберагаецца беларусамі. Ветэран палкоўнік Міхаіл Сямёнавіч Шашкоў успамінае, як быў бой, падчас якога ён кіраваў пушкамі. У яго падначаленні было шэсць байцоў, адзін з іх узбекскі салдат. Гэты чалавек зарэкамендаваў сябе як смелы, дысцыплінаваны баец, які заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу сваім баявым таварышам.

У кнігу ўпершыню ўключаны імёны больш як тысячы салдат, якія былі прызваны з Узбекістана і загінулі на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта таму найбольшую цікавасць выданне ўяўляе для тых, хто вывучае Вялікую Айчынную вайну, а таксама працягвае шукаць сваіх блізкіх сярод загінулых.

— Мы лічым, што гэта доўг пасольства і кожнага чалавека: рабіць усё, каб памяць пра тую вайну і пра тую барацьбу захавалася на доўгія гады, — зазначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Узбекістана ў Рэспубліцы Беларусь Насірджан Юсупаў. — Гісторыя чалавецтва ведае многа войнаў, але няма роўнай той, якую савецкі народ перажыў у 1941—1945 гадах. Гэта была наша агульная Радзіма, і за яе ўзбекі змагаліся на беларускай зямлі поплеч з беларусамі, украінцамі, рускімі і іншымі народамі. Мы, іх нашчадкі, павінны памятаць пра гэты гераізм.

Азначым, што раней былі прэзентаваны яшчэ дзве кнігі з гэтай серыі: «Беларусь партызанская. Ілюстраваная энцыклапедыя партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Нельга забыць. Нельга зразумець. Нельга апраўдаць. Ілюстраваная энцыклапедыя спаленых вёсак Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Шырокаму колу чытачоў серыя будзе прадстаўлена на разнастайных кніжных форумах, а таксама ў кнігарнях.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.