«Зеленя» — менавіта пад такой назвай, блізкай кожнаму багдановічазнаўцу, выйшла новая кніга знакамітага паэта. Пабачыла свет яна ў гэтым годзе ў Сімферопалі ў выдавецтве «Медыяцэнтр імя Ісмаіла Гаспрынскага» як сумесны праект РНКА «Беларусы Крыма», РНКА «Украінская абшчына Крыма» і ВГА «Рускі дом».
За аснову ўзяты вершы з рукапіснага сшытка аўтаперакладаў Максіма Багдановіча «Зеленя», які быў падрыхтаваны спецыяльна для яго стрыечнай сястры — Нюты Гапановіч. З нейкай прычыны яна адмовілася знаёміцца з беларускімі вершамі Максіма, але, паколькі Багдановіч бачыў, што яна шчыра цікавілася яго творчасцю, вырашыў спецыяльна для Нюты перастварыць творы на рускай мове. Цяпер гэты рукапіс захоўваецца ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Адзначым, што большая частка вядомых рускамоўных вершаў Максіма Адамавіча — гэта як раз аўтапераклады. Арыгінальныя тэксты напісаныя па-руску былі хутчэй выключэннем з правіла. Такія творы прадстаўлены ў кнізе асобным раздзелам. Больш за тое, выдаўцы ўзялі на сябе клопат і пераклалі вершы Максіма Багдановіча на ўкраінскую мову, змясцілі іх паралельна — білінгвай. Пераклад з рускай на ўкраінскую зрабіла Л. Салдаткіна.
Завяршае кнігу разгорнуты артыкул Андрэя Герашчанкі, які прадставіў сваё бачанне біяграфіі Максіма Багдановіча і ролю пісьменніка ў міжкультурных зносінах славянскіх народаў. Выхад кнігі «Зеленя» можна лічыць сапраўднай падзеяй, бо вершы Багдановіча рэдка апошнім часам выходзілі на рускай мове. А на дзяржаўным узроўні, увогуле, апошні раз у 1971 годзе да 80-гадовага юбілею паэта.
Хочацца спадзявацца, што ініцыятыва беларусаў Крыма будзе заўважаная, і рускамоўны, і ўкраінамоўны чытач адкрые для сябе прыгажосць паэзіі Максіма Багдановіча. Мы ўпэўненыя, што кніга падштурхне да новых выдавецкіх праектаў і дапаможа іншым народам паўвострава далучыцца да паэзіі Багдановіча . Магчыма, знойдзе падтрымку і ідэя стварэння музейнай экспазіцыі, прысвечанай нашаму герою, якога лёс назаўсёды звязаў з Ялтай. Са свайго боку супрацоўнікі музея гатовы аказаць неабходную метадычную дапамогу, а таксама прадаставіць электронныя копіі матэрыялаў, якія змогуць распавесці пра паэта і яго апошнія дні «ў краіне светлай... ля сіняй бухты».
Творчасць Максіма Багдановіча вучыць нас заставацца людзьмі і заклікае разам ляцець да зор, то чаму б не прыслухацца да самага маладога класіка беларускай літаратуры.
Міхаіл БАРАНОЎСКІ, загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».