24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?


«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй, хаця ўжо стала звычайным пра новую стужку кінастудыі даведвацца толькі з нагоды яе выхаду ў пракат. Дырэктар кінастудыі Ігар Поршнеў згадваў будучы альманах пры кожнай магчымасці, і гэта сапраўды гучала цікава ў свеце рэпутацыі «Беларусьфільма» як бюракратызаванага паглынальніка бюджэтных сродкаў, які стварае хіба што фільмы пра вайну, серыялы і няўдалыя баевікі. А тут — праца адразу для некалькіх дэбютантаў, магчымасць для рэжысёраў-пачаткоўцаў папрацаваць на вялікай «кінафабрыцы» і сам факт цікавасці да маладога погляду. Нарэшце ідэя эвалюцыянавала да паказу на вялікім экране — гатовы альманах «Мы», які складаецца з пяці навел, быў упершыню прадстаўлены публіцы на кінафестывалі «Лістапад».


«Падарунак  Санта-Клауса».

Праўда, на справе альманах не тое каб складаецца з дэбютаў, хіба што з дэбютаў менавіта ў ігравым кіно. Яўген Сяцько, які зняў навелу «Падарунак Санта-Клауса», — даўно не навічок у беларускім кінематографе і ў прыватнасці на «Беларусьфільме». Аўтарка кароткаметражкі «Спадарожнік» Настасся Мірашнічэнка — ужо знаная дакументалістка, якая ў гэтыя дні паказвае свой новы фільм на найпрэстыжнейшым фестывалі дакументальнага кіно ІDFA ў Амстэрдаме. Атрымліваецца, якой-ніякой вартай прыступкай удзел у працы над альманахам стаў толькі для трох рэжысёраў з пяці. Гэта, канешне, сумна, бо паказвае на тое, што на конкурсе праектаў — а для альманаха рэжысёры з іх ідэямі адбіраліся падчас адмысловых сустрэч сяброў камісіі — ад у поўным сэнсе слова дэбютантаў не хапіла вартых сцэнарыяў.

Але і з тых сцэнарыяў, якія камісія ў выніку адабрала, таксама не кожны назавеш «вартым». Мне складана патлумачыць, як зборнік дэбютаў у 2017 годзе пачынае няўцямная для сучаснага кантэксту агітка са звышнатуральнай наіўнасцю, знешнім «глянцам» і начытваннем акцёрамі штампаваных фраз. Як сюжэт, у якім рамантызаваны беларус з яго дранікамі параўноўваецца з увасобленым у камічным вобразе немцам, можа ўспрымацца ўсур'ёз, і як гэта трапляе на экран? Чаму сталыя традыцыі савецкага агітмастацтва адраджаюцца ў сучасным свеце, дзе пануюць каштоўнасці талерантнасці і карэктнасці? Альманах пачынаецца з навелы Яўгена Сяцько «Падарунак Санта-Клауса» — на мой погляд, не проста недарэчнай, але нават ганебнай.

Немец на беларускім чыгуначным вакзале, сустрэўшы сваю знаёмую, свядома пакідае чамадан, які ў выніку крадзе малады беларус. Унутры чамадана аказваецца дзяўчына з Масквы, якая спадзявалася з'ехаць з каханым немцам на яго радзіму. Зразумела, што пакуль героі спрабуюць усё разруліць, у дзяўчыны нараджаюцца пачуцці да беларуса, і яна кідае свайго немца, закрыўшы яго ў чамадане. І гэта нават не спойлер, таму што канцоўка становіцца зразумелай ад самага пачатку.

З такім лубачным падыходам дысануе кароткаметражка Настассі Мірашнічэнка «Спадарожнік», дзе прысутнічаюць псіхалагізм, звышнатуральнасць і кінематаграфічная эфектнасць. Малады чалавек едзе ў цягніку на пахаванне бацькі і свайму спадарожніку кажа, быццам едзе пераканацца, што бацька (а ён у свой час кінуў іх з маці) «падох». У спадарожніка ёсць свая гісторыя, якая для аповеду галоўнага героя становіцца часткай пазла...

У параўнанні з папярэдняй навелай, што з'яўляецца пэўным знакам мыслення мінулага стагоддзя, «Спадарожнік» добра карэлюецца з сучаснай талерантнасцю, прырода якой — у адмаўленні катэгарычнасці. Гісторыя якраз сцвярджае, што мараль любога кшталту чалавечых учынкаў не бывае адназначная. Да таго ж свой фільм аўтарка аздобіла лейтматывам, флешбэкамі і візуальнай прыгажосцю, што не менш іграе на карысць шаблоннай гісторыі.

Мне складана казаць пра навелу «Дыялог» Надзеі Абрамчук, якая не атрымалася ні драматургічна, ні кінематаграфічна, як складана сказаць, наколькі рэжысёры альманаха ў агромністай сістэме кінастудыі пачувалі сябе самастойнымі. Кароткаметражка расказвае пра дзяўчынку, якая церпіць ад неналаджанай камунікацыі з увесь час раздражнёнай маці і абмяркоўвае гэта з сабакам. Вось уласна і ўсё.

Дзіўна для маладога рэжысёра маралізатарскай атрымалася гісторыя «Лялька», знятая Арсеніем Ільіных. Галоўны герой, марнатравец жыцця, сустракае ў трамваі дзяўчыну, што чатыры гады таму была ў яго закаханая і якую ён непрыгожа кінуў. Дзяўчына ўзгадвае пра сваё ўладкаванае жыццё, мужа і трохгадовую дачку. А пасля таго, як эмацыянальна сыходзіць і забываецца на ляльку, малады чалавек разумее, што яго жарт пра тое, што трохгадовая дачка можа быць толькі яго дачкой, — не жарт. І ў яго свядомасці ўсё пераварочваецца.

Навела «Брачо» Кірыла Ярохіна распавядае пра двух адзінокіх — у нейкім сэнсе падобных і ў той жа час вельмі адрозных — хлапцоў, якія сустрэліся на мосце над вакзалам і разам перажылі цэлую драму, што ўвогуле скончылася трагедыяй. Самы складаны для пераказу сюжэт і самы незразумелы матэрыял для высноў. У напісанні сцэнарыя, дарэчы, удзельнічаў небезвядомы драматург Дзмітрый Багаслаўскі, і сапраўды, «Брачо», як і «Спадарожнік», — не проста лінейная гісторыя. Гульня з часам, знакі звышнатуральнага свету, метафары зрабілі карціну крыху цікавейшай глядацкаму погляду і розуму.

«Лялька».

Зборнік кароткаметражных работ маладых аўтараў падаваўся як пераможная ідэя кінастудыі, пяць фестывальных фільмаў у адным, малады погляд і так далей. Але я ўсё яшчэ не разумею, што ў гэтым прынцыпова новага і важнага для «Беларусьфільма», апроч таго, што некаторыя навелы маніпулююць флешбэкамі і мастацкімі кінасродкамі. Калі на экране масквічка прадказальна аддае перавагу беларусу перад немцам; калі галоўны герой у канцы разумее, што толькі што размаўляў з бацькам, праз знаёмы жэст; калі дзяўчынцы прыемней размаўляць з сабакам, чым з маці; калі два персанажы ў геаграфічна розных кропках замілавальна глядзяць на адно і тое ж неба; калі з'яўленне анёлаў і затухлая ракета-петарда сімвалізуюць смерць — гэта ўсё старое, як свет! Нават нелінейныя «Спадарожнік» і «Брачо», што характарызуюцца большай драматургічнай складанасцю і большай колькасцю затрачаных высілкаў, усё роўна ў свеце кіно бачацца як проба пяра, бо ўсё пра тое ж і тымі ж сродкамі. «Малады погляд», здавалася б, павінен быў прыўнесці ў кантэкст беларусьфільмаўскага кантэнту нешта прынцыпова новае, магчыма, нават, бунтарскае. Калі сэнс толькі ў тым, каб кінастудыя дала магчымасць некалькім пачаткоўцам з так сабе сцэнарыямі папрацаваць пад сваім надзорам, а рэжысёрам увасобіць на экране сваё штампаванае мысленне, напэўна, ад наступнага альманаха, які ўжо значыцца ў планах, нечага вартага чакаць не трэба.

Нарэшце, нельга ўстрымацца ад таго, каб не паглядзець на альманах «Мы» як на зрэз інтарэсаў маладых рэжысёраў, бо творчыя людзі заўсёды апасродкавана транслююць думкі грамадства. А тут у нас адна адарваная ад рэальнасці любоўная гісторыя, дзве гісторыі пра бацькоў і дзяцей, адна, скажам, пра інфантылізм і «Брачо» — адзіная, што паспрабавала паставіць героя ў кантэкст грамадства.

Напэўна, варта было б пазбегнуць глабальных высноў. Ну зняў «Беларусьфільм» альманах і зняў. Але мы бачым, што кінастудыя нават на этапе адбору не здолела сабраць пяць перспектыўных праектаў (калі не хапае заявак, трэба шукаць маладых рэжысёраў і запрашаць). У альманаху сабралася састарэлае бачанне сябе ў свеце (на прыкладзе першай навелы), маралізатарства, штампы, засяроджанасць на сабе і амаль поўная адсутнасць аўтарскіх амбіцый. Магчыма, непатрабавальны глядач з цікавасцю паглядзіць пяць кароткаметражак беларускіх рэжысёраў, але з пункту гледжання мадэлі светаўспрымання, прагі да творчасці, тупіка айчыннага кінематографа, з якога трэба неяк выходзіць, наватарства і, нарэшце, кантэксту сусветнага кіно альманах «Мы» — гэта правал.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гэта не «мы»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.