Вы тут

Ці апраўдвае Рускі тэатр працягласць сваіх пастановак?


Дзве гадзіны сорак пяць хвілін давялося глядзець новы спектакль драматычнага тэатра імя Горкага «Падводнікі», заснаваны на рэальных падзеях — аварыі на рэактары савецкай атамнай падводнай лодкі К-19. Аўтары пастаноўкі быццам паспрабавалі стварыць на гэтай лодцы — у адасобленай закрытай прасторы — зрэз чалавецтва, якое аказваецца сам-насам з катастрофай і ў гэтых умовах пэўным чынам сябе праяўляе. Толькі назвалі гэтую прастору Расіяй (а «Расія найлепшая за ўсіх»), пабудавалі яе на штампах і не здолелі актуалізаваць, нават са знакамі «радыяцыя». Прэм'ера адбылася ў Рускім тэатры 30 чэрвеня, і тыя амаль тры гадзіны прагляду не далі зачэпкі для разумення: навошта гэты спектакль з'явіўся на сучаснай сцэне?


Ідэя пабудаваць тэатральную пастаноўку пра здарэнне на К-19 належыць рэжысёру і мастацкаму кіраўніку Рускага тэатра Сяргею Кавальчыку, які замовіў п'есу Андрэю Курэйчыку і стаў рэжысёрам «Падводнікаў». У выніку атрымалася гісторыя пра аварыю на «гонары савецкага флота» і подзвіг мічмана Васіля Міцкевіча, па нацыянальнасці беларуса, які «нырнуў» у радыеактыўнае пекла лодкі дзеля магчымасці ўсплыць і выратаваць экіпаж.

З той нагоды, што аварыя не можа стаць для гледача сюрпрызам, драматург настойліва яе прадказвае — перамяшчэннем у часе, драматычнай акцэнтаванай просьбай жонкі Васіля вярнуцца, процівагазам, які з'яўляецца на падводнай лодцы па прынцыпе чэхаўскага ружжа, якое не можа не стрэліць. Таму з трагедыі спектакль пачынаецца, ёй працягваецца і на ёй канчаецца, што, вядома ж, трэба абыграць цікавасцю «начынкі» і, трэба сказаць, аўтары абыгралі — сентыментальна, літаральна і заштампавана.

Амаль усё дзеянне адбываецца ў 1960-х на двух паверхах зрэзу падводнай лодкі (дэкарацыі і касцюмы, магчыма, — галоўная вартасць «Падводнікаў») — тут збіраецца інтэрнацыянальны састаў гатовых на подзвігі мужчын, што трапілі сюды ці то працягваючы дынастыю, ці то з-за рамантычных уяўленняў пра мора. Кіраўніцтва і ваенныя маракі знаходзяцца адпаведна на верхнім і ніжнім паверхах, але згодна з задумай аварыя і верагоднасць затаплення зраўняе іх паміж сабой.

Аўтары «аздобілі» сюжэт паралельнымі лініямі — паказалі жонак, што чакаюць мужоў; «здрадніцу», якая не чакае; вышэйшае кіраўніцтва, што баіцца за свае пагоны; небяспеку, што ідзе ад радыяцыі; нампаліта, які ад страху памерці цалуе ікону. Задалі пытанне, ці варта рызыкаваць сваім жыццём і будучыняй дзеля палітычных амбіцый на прыкладзе К-19 падчас халоднай вайны. Дадалі ў спектакль крыху містычнага, паказалі той свет.

Зразумела, што такія творчыя амбіцыі (ці тэатральнае графаманства) расцягнуліся амаль на тры гадзіны, хоць пытанне «навошта?» у дачыненні да апраўданасці існавання пастаноўкі ўсё яшчэ стаіць. Нягледзячы на багацце сюжэтных ліній і дадатковых матываў, вечных пытанняў, што агучваюцца акцёрамі (накшталт «калі мы такія разумныя, што ж жывём так пагана?»), нічога новага ў «Падводніках» няма. Больш за тое, тут складана знайсці нешта актуальнае, апроч туманнай спасылкі на небяспеку праз міжнародны знак радыяцыі.

Калі няма ні новага, ні актуальнага, гэта павінна быць бліскуча пастаўлена, каб глядач смакаваў кожны момант. Шчыра кажучы, я чакала толькі, калі пастаноўка «прывяжацца» да сучаснасці, і гэта было для мяне галоўнай інтрыгай. Аўтары ж сапраўды паспрабавалі зрабіць пастаноўку калі не інтрыгуючай, не новай, не актуальнай, то эмацыянальна насычанай. Такім шляхам на мінскай тэатральнай сцэне ў выглядзе «Падводнікаў» з'явілася меладрама, прычым у кіношным ключы, як бы гэта ні здавалася дзіўным. Відавочна, мысленне аўтара п'есы Андрэя Курэйчыка, які з'яўляецца таксама кінасцэнарыстам і кінарэжысёрам, зацыклілася на кінаштампах і магчымасцях фільмаў выжымаць эмоцыі, калі казаць пра абыгрыванне сюжэтных паваротаў і паводзін герояў. Ці не натхняўся ён увогуле фільмам Кэтрын Бігелоу, які так і называецца «К-19», дзе галоўную ролю выконвае Харысан Форд?

У выніку «Падводнікі» бачацца мне спекуляцый у мастацтве — творам, дзе выкарыстана гістарычная падзея, якая нейкім чынам датычыцца вялікай колькасці людзей (тут спрацоўвае агульнае савецкае мінулае, халодная вайна, гонар былой дзяржавы), і на гэтым матэрыяле створана нешта сентыментальнае, відовішчнае і абавязкова пачуццёвае.

Што дакладна не перашкодзіла б сюжэту — гэта схематычнасць. У «Падводніках» жа наадварот — усё літаральна, эмацыянальна, тэатральна, катэгарычна і бескампрамісна (гэты добры, а іншы — здраднік). Затое, побач з некаторым уздзеяннем кінематографа на пастаноўку, у «Падводніках» выдатна — тэатральна — арганізавана прастора сцэны, тонка і знаходліва абыграна вяртанне з будучыні ў час дзеяння асноўнай часткі спектакля і ролі выкананы добра (дарэмна толькі прымусілі Васіля Міцкевіча ў выкананні акцёра Руслана Чарнецкага гераічна корчыцца ад апрамянення радыяцыяй). А радыяцыя, як было «іскрамётна» сказана ў пачатку пастаноўкі, «пранікае ў цябе цераз цябе» — і гэта адзіная актуальнасць, якую можна пастарацца знайсці ў «Падводніках»...

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Навошта?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.